banner

Пірагі румяныя, духмяныя

04 Декабря’24
515
Алена Філіновіч жыве ў пушчанскай вёсцы Ціхаволя. Працуе вартаўніцай на турбазе “Ціхаволя”. А ў вольны час аддае сябе хоббі – выпякае сапраўдныя цуды з цеста. Яе пірагі і караваі – гэта мастацкія шэдэўры. У сваім майстэрстве жанчына можа паспаборнічаць і з прафесіяналамі, якія атрымлівалі спецыяльную адукацыю. Алена ж вучылася ў сваёй матулі, Ніны Бількевіч, якая па сёння выпякае пірагі і караваі, годныя самай высокай адзнакі. 


Пазнаёмілася я з вырабамі Алены Філіновіч сёлета на свяце вёскі Ціхаволя. Тое, што гэтая жанчына здольна зрабіць з цеста, вартае здзіўлення. Гэта не проста пірагі, гэта – мастацкія творы. А ўжо пра смак і казаць не трэба – супер! Даўно хацелася пагутарыць з гэтай умелай гаспадынькай. Нарэшце выпала такая аказія.

Я была яшчэ зусім маленькай, але мне было так цікава назіраць, як мама рашчыняе цеста на пірагі. Вачэй не зводзіла з яе рук. Як спрытна, дакладна яна ўсё рабіла, у яе цеста як жывое было. А калі яно ўжо стаяла ў цёплым месцы ды падходзіла, я ўсё паглядвала на яго і па кавалачку адрывала. Яно і сырое было смачнае. А ўжо калі мама скручвала рулеты з макам, павідлам, карыцаю, і выкладвала у бляхі, а потым ставіла ў печ, я дачакацца не магла, калі тыя пірагі спякуцца. Пах у хаце стаяў проста чароўны. І, нарэшце, даставаліся тыя пірагі: прыгожыя, румяныя, духмяныя, мне так хацелася адламаць кавалачак – менавіта адламаць, а не адрэзаць, бо так было смачней – і з’есці. Мама гаварыла: “Пацярпі, дачушка, няхай астынуць”. А дзе там было чакаць, – успамінае Алена Філіновіч.

Мы жылі спачатку ў Гаркаўшчыне, а потым пераехалі ў Ціхаволю. Гэта малая радзіма майго таты. Мама пайшла працаваць у школьную сталовую. Гатавала вельмі смачна. Дзеці былі задаволеныя. А ў вольны час, у выхадныя дома бралася за выпечку. Я кожны раз не адыходзілася ад яе. Тады не было ў магазінах столькі розных вырабаў з мукі, і мама пякла нам пончыкі, піражкі, розныя коржыкі, пячэнне. А я ў яе вучылася. І сама ўжо спрабавала нешта пячы. Пончыкі, хрушчы, булачкі. А як цешылася, калі атрымлівалася смачна і прыгожа. 


Ў 1994-м выйшла замуж за хлопца з Броўска. Вось тады першы раз спякла пірог на Вялікдзень. Атрымаўся роўненькі, румяны. Свякроў пахваліла мяне. Потым нам далі дом у Ціхаволі, мы пераехалі. Я ўжо сябе сапраўднай гаспадыняй адчула. Ну і печ мая не сумавала. Як толькі выпадаў вольны час, я рашчыняла цеста. Хацелася не проста пірог спячы, а яшчэ, каб ён быў прыгожы, каб неяк яго ўдасканаліць. Вось і пачала прыдумваць розныя варыянты. Яны ў мяне ў галаве складваліся. А як было радасна, калі ў выніку атрымоўвалася задуманае! Часам сама залюбуюся сваёй работай.

Ведаеце, калі пачынаю займацца з цестам, губляю пачуццё часу. Гэтая справа цалкам авалодвае мною. Тады больш ні пра што не думаю, толькі пра свае пірагі. А цеста, яно ж як жывое. Усё адчувае. За гэтую справу нельга брацца з дрэнным настроем, бо нічога не атрымаецца. А яшчэ цеста любіць цішыню, спакой. Не ўсміхайцеся, гэта праўда. Мне з дзяцінства мама так казала. Я гэта добра ўсвядоміла.

Спачатку толькі для сваёй сям’і пякла, для сястры. А потым неяк загадчык Ціхавольскага клуба-бібліятэкі Таццяна Казакевіч зрабіла мне прапанову спячы пірог на свята “Сустрэча землякоў”. Гэты быў мой першы выхад “у свет”. Ну вось з таго і пачалося. 

У мінулым годзе Алена Філіновіч прымала ўдзел у абласным конкурсе “Свята млынароў”, які праходзіў у Адэльску. Там былі тры намінацыі: “Традыцыйны хлеб хатняй выпечкі”, “Традыцыйнае печыва” і “Сучаснае печыва з мукі”. Удзельнічала ва ўсіх. У выніку ў Алены тры дыплома і другое месца ў намінацыі “Традыцыйнае печыва”. Яна здзівіла членаў журы сваім вясельным караваем паводле  старадаўняга рэцэпта, упрыгожаным “шышкамі”. 


На чарговым «Свяце млынароў», што праходзіла 30 лістапада, Алена Філіновіч  за свае самавітыя пірагі і караваі атрымала Дыплом першай ступені.

 Сёлета Алену з яе пірагамі запрасілі на свята “Бацькава булка”. На конкурс яна прывезла не толькі свае самавітыя пірагі, але і каравай, спечаны рукамі матулі Ніны Бількевіч, які таксама быў высока ацэнены членамі журы. За свае прыгожыя вырабы Алена Філіновіч атрымала дыплом другой ступені ў намінацыі “Сучасны каравай”. Ён і сапраўды быў неверагодна прыгожы, госці свята былі ўражаны тым хараством. 

Мае поспехі – гэта заслуга сям’і, – кажа Алена Філіновіч. – Мяне заўсёды падтрымліваюць мама, муж, сынок, сястра з мужам і дзецьмі. Яны натхняюць, прыдаюць упэўненасці ў сабе. Вось таму і атрымоўваецца дасканала. Яны цешацца разамса мной, і я адчуваю сябе шчаслівай.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара 


Предыдущая статья

Профсоюзная рейдовая группа изучает соблюдение правил охраны труда в организациях региона