banner

Памяць вядзе па ваенных сцежках

15 Декабря’24
495
У маім блакноце новыя адрасы. На гэты раз паклікаў у дарогу тэлефонны званок. Тэлефанавала жанчына, якая распавяла, што ў вёсцы Агароднікі  жывуць людзі з цікавымі лёсамі, якія шмат чаго могуць расказаць пра вайну і яшчэ многа чаго цікавага. “Прыязджайце, – гаварыла мая суразмоўца на другім канцы провада. – Гэта ваша тэма. Не пашкадуеце”. 



 У дзень апошні перад вызваленнем

 Прыязджаем на месца. Заходжду ў дом да сведкі вайны, каб паслухаць яе балючую споведзь пра тое, што прыйшлося перажыць ў дзяцінстве. 

Стася Сташ (Станіслава Пятроўна Матыцкая), нарадзілася 9 верасня 1940 года за 9 месяцаў і 13 дзён да вайны на хутары Ліпены Свіслацкага раёна.

Я не памятаю, як пачалася вайна, пачынае свой аповед бабуля Стася. – Была яшчэ зусім маленькай. Але шмат чаго пра тыя пакутныя дні расказвала мама. Мы на хутары жылі, лес блізка быў. Дык да нас часта партызаны прыходзілі. Мама для іх хлеб пякла, вопратку цыравала. Дык нехта ж выдаў. Розныя людзі былі, і здрайцы таксама. 

З Агароднікаў немцы пачалі забіраць мужыкоў. Тата ведаў, што не сёння дык заўтра, прыйдуць і за ім. Нейкі час хаваўся ў хляве. Але ў тую нядзельку застаўся дома.

Немцы прыйшлі ў чатыры гадзіны раніцы. Грукалі ў дверы ботамі, усіх напалохалі ў хаце. А тата моўчкі апрануўся, развітаўся з намі і пайшоў. Адзін немец яго прыкладам у спіну піхнуў. У хаце засталіся цяжарная мама, два маіх брата – Адам і Збышек і я маленькая зусім.
 
На другі дзень мама пайшла ў Свіслач. Туды тату нашага  павезлі. Ён і яшчэ сем чалавек сядзелі ў хляве ў адной жанчыны. Яна ў склепе жыла, бо яе  немцы з хаты выгналі, а самі там  пасяліліся. Мама прасіла, благала, плакала, каб адпусцілі мужа, казала, што дзеці малыя, і вось-вось яшчэ адно народзіцца. Ды хто там чуў яе? Расстралялі немцы нашага тату. Мама зноў хадзіла і прасіла, каб хоць аддалі пахаваць. Тады немцы сказалі ёй. “расстраляныя ў лесе закопаны ўсе ў розных ямах. Калі знойдзеш, забірай”. А дзе там будзеш шукаць? Паплакала мама і дадому пайшла.   

Цяжка нам жылося без таты. У верасні на свет з’явілася сястрычка. Акурат, як і я, 9 верасня. Як мы выжылі вайною, да сёння не разумею. Колькі вылілі слёз, галадалі, у чым толькі душа трымалася. Хатка была ў нас маленькая, з аднаго боку мы жылі, а праз сцяну карова стаяла. Пэўна, дзякуючы ёй, карміцельцы нашай, мы з голаду не паўміралі. Што там гаварыць. Хіба толькі нам было цяжка? Усе тады гаравалі. Адна бяда на ўсіх была – вайна.  

Але самае страшнае прыйшло да нас у 1944-м. Ужо немцы адступалі. Страляніна была страшэнная, выбухі то там, то тут. Людзі, дзе маглі, там хаваліся, дзяцей хавалі. Мужыкі на ўскрайку вёскі, трохі далей ад дарогі  зямлянку выкапалі. Туды васямнаццаць чалавек памясцілася, і мы ў тым ліку: два  брата, я і мама з сястрычкай  маленькай. Была там жанчына цяжарная з двума дзеткамі: дачушкай Марыяй і сыночкам Казікам. Бацьку іх таксама немцы забілі. Яшчэ некалькі чалаве  з намі там былі, я не памятаю, хто менавіта. Вось сядзімо мы там, а наўкол снарады рвуцца, кулі свісцяць. Страшна было, не выказаць. Тая жанчына цяжарная сядзела побач з намі. З аднаго боку каля яе дачушка была, а з другога сынок. Яна іх рукамі абдымала, да сябе туліла. І мама нас таксама туліла да сябе. І другія матулі дзяцей захіналі, як маглі. Спадзяваліся, што так уратуюць іх. А тут снарад прыляцеў і зусім блізка каля зямлянкі разарваўся. Страшэнны такі выбух быў. Увесь свет засланіў. А як асеў той пыл з дымам і праяснілася ў вачах, аказалася, што нашы хлопчыкі Адам и Збышак абодва загінулі. А таксама жанчына тая цяжарная і яшчэ адзін хлопец з вёскі. Што там рабілася, каб жа вы ведалі. Не, каб ніколі-ніколі ніхто не бачыў і не чуў пара такое горачка.

Мама валасы на сабе рвала, кідалася то да аднаго сына, то да другога. А яны – мёртвыя. Мы стаім, глядзім на маму, плачам, чапляемся за яе. А яна енчыць так, што ў небе чуваць Аднаму брату  было 17 гадоў, а другому – 10. Адно імгненне – і няма іх. Тыя дзеткі, што каля матулі сядзелі, жывымі засталіся, толькі хлопчыка па вуху асколкам шарганула. Плачуць яны, трасуць маці, а яна нежывая. Потым, калі стрэлы і выбухі трохі прыціхлі і чуваць іх было толькі здалёк, мужыкі выкапалі неглыбокую яму і там пахавалі ўсіх забітых. Толькі трошкі зверху зямлёй прысыпалі. Вярнуліся мы дадому. Мама пачарнела ад гора.Вінаваціла сябе за тое, што не ўберагла сыноў,  што пабеглі мы ў тую зямлянку. Бо каб не пабеглі, то ўсе жывыя былі б. А што парадзіш, жыць трэба было далей і дзяцей гадаваць, якія ўцалелі. Мы, як умелі, суцяшалі маму, шкадавалі яе, і братоў шкадавалі загінуўшых. 

Ужо на другі дзень даведаліся, што немцаў прагналі, што можна ўжо нічога не баяцца, што раён наш вызвалілі. Вось так, за дзень да вызвалення загінулі мае браты. Мужыкі пайшлі да той ямы, дзе забітых пахавалі, бо трэба было перапахаваць іх на могілках. Знялі зверху зямлю, а тут бачаць, у нагах той жанчыны загінуўшай дзіцятка нованароджанае ляжыць. Мёртвае, зразумела. Жах быў для ўсіх. Гэта ж тое дзіцятка ў мёртвай маці нарадзілася. Так хацелася яму жыць. Але не паспела нават закрычаць, бо зямлёй было засыпана. Прыехала маці той жанчыны з Бераставіцкага раёна, забрала дачку з тым дзіцяткам, каб пахаваць на могілках і дзетак старэйшых таксама забрала. 

Нашых хлопчыкаў мама на могілках у Свіслачы пахавала. У адной магіле. 

Бачыце, які лёс ім выпаў. Усю вайну пражылі, выпакутавалі, вытрымалі, а ў апошні дзень перад вызваленнем загінулі. 

Страшана нават сабе ўявіць

Ужо няшмат засталося тых маленькіх сведкаў, па дзяцінству якіх каваным ботам прайшлася вайна. У многіх гады ўжо заблакавалі тыя страшэнныя ўспаміны, якія жылі ў сэрцы і ўсплывалі перад вачамі, варта было толькі пачуць слова “вайна” ці пабачыць па тэлевізары кіно пра ваеннае ліхалецце. Днём яны не могуць успомніць нейкія падрабязнасці з тых далёкіх гадоў, а ноччу да іх усё роўна прыходзяць маленькія, напалоханыя хлопчыкі і дзяўчынкі, у якіх сённяшнія бабулі і дзядулі пазнаюць сябе. І тады зноў і зноў прачынаюцца ў халодным поце і ўжо да ранку не могуць заснуць. Ажывае памяць і вядзе, вядзе па бясконцых ваенных сцежках, і стаіць у роце смак супу з лебяды і хлеба, напалову з мякінаю, і чуецца нямецкая лаянка і брэх аўчарак, якія рвуцца з 
павадкоў і гатовы на месцы разарваць хоць каго.  

Станіслава Пятроўна захавала ў сваёй памяці ўсё так, нібы тыя падзеі былі ўчора. Хоць зусім маленькай была. Яна расказвае мне, і мароз па спіне. Так выразна ўяўляю сабе, як бяжыць жанчына з дзеткамі хавацца ў зямлянку, ратуе ад смерці і не ведае, не можа ведаць, што менавіта там смерць чакае яе сыночкаў. Уяўляю жанчыну, у якой вось-вось павінна нарадзіцца дзіцятка. Яна прытуляе да сябе маленькіх дачушку і сыночка, а праз некалькі хвілін гарачы асколак снарада адбірае ў яе жыццё. Пад сэрцам, якое ўжо не б’ецца, яшчэ жывое дзіцятка, яно прагне выйсці на свет, прагне жыць, але позна… Ужо заўтра стане вядома, што прыйшло вызваленне, што прагналі праклятых немцаў з нашай шматпакутнай зямлі. Каб жа ведаць наперад. Каб жа ведаць…

Каб толькі быў спакой на замлі

Вырасла дзяўчынка Стася, працаваць на ферму пайшла. Спачатку свіней карміла, потым – бычкоў. За спіною амаль 43 гады стажу. 
Мне прапаноўвалі паехаць вучыцца на заатэхніка, – расказвае Станіслава Пятроўна.– А як я паеду? У мяне паношаная да дзірак сукенка, гумовыя боты і “куфайка”. Я адмовілася. Цяжка працаваць прыходзілася. Вунь, бачыце, рукі ў буграх, ногі баляць.  А колькі ж усялякай працы перарабілі гэтыя рукі. І жала, і палола, і салому вазіла, і буракі рвала, і бульбу капала, і “калыскі” з кормам перад сабой цёгала. Ды ці толькі я так працавала? Ніхто не скардзіўся тады на жыццё, на цяжкасці. А жыццё прабегла так хутка, што азірнучцца не паспела. 

Цяпер можна жыць, і хлеб на стале, і да хлеба, і ў магазінах якіх толькі прысмакаў няма, але ўжо сонейка маё на захад клоніцца. ..

Станіслава Пятроўна пражыла на свеце 84 гады. З мужам Мікалаем выгадавалі чацвёра дзяцей: трох сыноў і дучушку. Старэйшы Аляксандр, недалёка, у Вердамічах. У яго выраслі сын і дачка, падарылі бабулі двух унукаў. Віктар таксама ў Вердамічах. Мае дзве дачкі, а тыя парадавалі чатырма ўнучанятамі. Двое дзетак і ў дачушкі Алены. Яна жыве ў Мінску, мае трое ўнучанят. Малодшы Іван – у Ваўкавыску. У яго два дарослых сына і трое ўнукаў. Усяго разам у бабулі Стасі восем унукаў і дванаццаць праўнукаў. Вось якая яна багатая! Пра большае багацце і скарбы марыць нельга. Дзеці, унукі, праўнукі – гонар  бабулі, яе шчасце і радасць невыказная. Калі прыязджаюць усе разам, у хаце столькі шуму, столькі весялосці. Бабуля Стася на вачах маладзее, і нават здаецца ёй, што нідзе нічога не баліць, што горы звярнуць можа. 

Гэтая добрая, шчырая жанчына ўсё жыццё пражыла ціха і сціпла. Ніколі не гналася за багаццем, не шукала выгоды, нікому не зайздросціла. Проста жыла, працавала і вучыла не баяцца ніякай працы дзяцей, унукаў. Даўно пахавала мужа, жыве адна і марыць толькі аб тым, каб быў спакой на зямлі, каб не страшна было глядзець у заўтрашні дзень, каб нараджаліся дзеткі пад мірным небам і раслі шчаслівымі на радасць бацькам.    

  Ядвіга КОБРІНЕЦ
Фото аўтара 
 


 
 

Предыдущая статья

Перезагрузка с Оманом, замысел обороны, государственный частник и яростный стройотряд. Итоги недели Президента