На вуліцы Каліноўскага ў Свіслачы паблізу гаражных кааператываў праводзіцца кладка асфальтавага пакрыцця.
Гэты ўчастак даўно патрабаваў добраўпарадкавання. Жыхары вуліцы скардзіліся на пастаянны пыл, вадзіцелі – на дарожныя выбоіны, ямы.
Работы праводзяцца сіламі ДРБУ-209. Дарожная служба плануе справіцца з пастаўленай задачай на працягу двух дзён.
– Праводзяцца работы па ўкладцы профілю дарогі з жвірова-пяшчанага пакрыцця з наступнай укладкай асфальтабетоннага, – уводзіць у курс справы галоўны інжынер ДРБУ-209 Леанід Янюк. – Працягласць участка 450 метраў з шырынёй 7 метраў. Задзейнічаны дзве брыгады – па падрыхтоўцы асновы і асфальтаўкладкі. Работнікі адказныя, ведаюць сваю справу.
З радасцю навіну аб тым, што на гэтым участку ўкладваецца асфальт прынялі не толькі жыхары, але і старшыня гаражнага кааператыва Мікалай Кішкель.
– Будаўніцтва гаражнага кааператыва пачалося ў 1986 годзе. Тут увесь час пыл, ямы, немагчыма было ездзіць. Вельмі задаволены, што зараз усё будзем ездзіць з камфортам. Гэта дарога вельмі насычаная транспартам. Дзякуй усім, хто мае дачыненне да гэтай справы, і асабліва дарожным работнікам. Мы вельмі ўдзячныя за такі падарунак, –падкрэсліў Мікалай Кішкель.
Галоўны інжынер расказаў, што ДРБУ-209 на дадзены момант таксама праводзіць капітальны рамонт дарогі Свіслач – Вялікае Сяло. Праводзіцца асфальтаванне жвіровага ўчастку працягласцю 4 км. На гэты момант выкладзена звыш 1000 метраў асфальта. Для завяршэння работ спатрэбіцца не менш за два месяцы. Акрамя таго, дарожнікі ўжо хутка будуць пачынаць работы па асфальтаванні дарогі ўчастка Дашкавічы – Корнадзь – Новы Двор, а менавіта ад аграгарадка Ханявічы да вёскі Сабалькі. На чарзе Куклічы. Рыхтуйцеся.
О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Марына ЯНЮК
Фота аўтара






