Дапытлівая, памяркоўная, мэтанакіраваная, усебакова развітая і проста цудоўны чалавек – гэта толькі маленькая частка характарыстыкі чалавека, улюбёнага ў сваю прафесію, справу даўжынёй у 25 шчаслівых гадоў.
Менавіта столькі гадоў у Дабравольскім ДС СШ настаўнікам беларускай мовы і літаратуры працуе Зоя Урбановіч. Настаўнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі прыйшла ва ўстанову адукацыі адразу пасля заканчэння ў 1995 годзе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы і прыкіпела да школы, калектыву і прыгожых дабравольскіх мясцін.
У сваёй дзейнасці Зоя Аляксандраўна выкарыстоўвае тэхналогію асобасна-арыентаванага падыходу. Так, на яе погляд, можна дабіцца найлепшых вынікаў. Такі падыход у працы таксама дапамагае маленькаму дзіцячаму сэрцу раскрыцца і даверыцца настаўніку. Вучні заўсёды з нецярпеннем чакаюць яе ўрокі, якія пачынаюцца з усмешкі і настрою на плённую працу. Яна вучыць дзяцей не толькі ведаць родную мову, але паважаць і любіць яе, ганарыцца ёю і ў ніякім разе не саромецца яе.
Зоя Аляксандраўна не проста аматар роднага слова. З захапленнем яна займаецца даследчай і пошукавай дзейнасцю, удзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях, дзеліцца вопытам працы на старонках часопісаў і газет.
За значныя поспехі ў прафесійнай дзейнасці сёлета Зоя Аляксандраўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама ў яе скарбонцы ўжо значацца граматы Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Свіслацкага райвыканкама. У 2019 годзе яна прадставіла свае напрацоўкі на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”. Яе вучні з’яўляюцца пераможцамі абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў, алімпіяд, фестываляў, акцый.
На працягу некалькіх гадоў Зоя Аляксандраўна сумесна з калегамі з Корнадзьскага ДС БШ стварае электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія прызваны зацікавіць вучняў беларускай мовай і літаратурай, таксама яны дапамогуць падрыхтавацца да алімпіяды, дазволяць акунуцца ў гісторыю свіслацкага краю. Электронныя адукацыйныя рэсурсы “Крок за крокам да Алімпа” і “Чым хата багата” адзначаны дыпломамі ў раёне і вобласці.
Шмат часу і ўвагі настаўніца надае даследчай і пошукавай дзейнасці, якая цалкам захапіла яе. Працяглы час яна працуе з калегамі і вучнямі над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”. І адным з напрамкаў работы па праекце з’яўляецца арганізацыя краязнаўчай дзейнасці па тэме “Духоўная спадчына свіслацкага краю”. Праца настолькі захапіла ўдзельнікаў, што вырашылі заняцца даследаваннем страчаных храмаў на тэрыторыі ўсяго Свіслацкага раёна. У выніку атрымалі звесткі пра існаванне яшчэ дзевяці храмаў, пацверджаных дакументальна.
Вынікам праведзенай працы стала інсталяцыя “Здабытае страчанае малой радзімы”, у склад якой уваходзяць макеты страчаных храмаў Свіслаччыны. Праца над праектам працягваецца, наперадзе новыя адкрыцці, упэўнена настаўніца.
– Увесь час па рэалізацыі сваіх задумак атрымліваю падтрымку ўсяго калектыву. Усім вялікі дзякуй. Хочацца адзначыць, што кіраўнік нашай вучэбнай установы Людміла Петрасян актыўна ўключаецца ў ажыццяўленне ўсіх задумак, заўсёды можна разлічваць на яе парады і прапановы. Мне вельмі пашчасціла працаваць у такім дружным калектыве. А яшчэ на маім шляху сустракаліся і сустракаюцца таленавітыя вучні. Хачу зрабіць акцэнт на адказнасць, творчую актыўнасць, сумленнасць, ініцыятыўнасць такіх навучэнцаў, як Марыя Іванюк, Ксенія Урбановіч, Дар’я Лоскат, Юлія Лобач, Гражына Іванюк, Крысціна Барэль. З гэтымі дзецьмі мы былі ўдзельнікамі шматлікіх конкурсаў, канферэнцый, алімпіяд, акцый, тым самым праслаўляючы вучэбную ўстанову, раён, вобласць, – распавядае настаўніца.
Як прызнаецца Зоя Аляксандраўна, яна заўсёды робіць тое, што ёй падказвае сэрца, ставіць сябе на месца дзяцей, стараецца быць стрыманай і абавязкова з добрым настроем прыходзіць да вучняў на ўрок.
Надзейнай апорай для жанчыны з’яўляецца яе сям’я: муж і дзве дачкі. Гэта тыя людзі, якія заўсёды падтрымаюць і дапамогуць.
– Усіх віншую з пачаткам 2020–2021 навучальнага года – Днём ведаў. Навучэнцам жадаю працавітасці і настойлівасці ў набыцці новых ведаў. Дарагія калегі! Няхай новы навучальны год прынясе вам радасць ад прафесійных перамог. Будзьце стойкімі і цярплівымі. Хай кожны дзень будзе напоўнены стваральнай працай і поспехамі, – звярнулася з віншаваннем Зоя Урбановіч.
Зоя Аляксандраўна не толькі настаўнік ад Бога, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, але і руплівая гаспадыня, цудоўная маці, чалавек з вялікім сэрцам, якое напоўнена любоўю і пяшчотай да людзей, да малой радзімы, да сінявокай Беларусі.
Сняжана ЖУРНЕВІЧ
Фота аўтара