banner

Мой дом на зямлі – гэта ты, Беларусь!

15 Марта’21
1670

У дзень самага галоўнага дзяржаўнага свята Беларусі – Дня Канстытуцыі – у дзіцячай школе мастацтваў прайшло ўрачыстае мерапрыемства.

Гэтае свята мае асаблівае значэнне для нашай суверэннай дзяржавы, для кожнага яе грамадзяніна. Канстытуцыя адлюстроўвае маральныя, духоўныя асновы жыцця нашага грамадства, вызначае сучаснае развіццё Беларусі як моцнай сацыяльна-прававой дзяржавы.

Наша краіна багата вялікай колькасцю людзей, якімі мы можам ганарыцца на прасторах былога Савецкага Саюза, на прасторах Еўропы і на прасторах свету, – падкрэсліў, выступаючы перад прысутнымі, старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Сёння мы адзначаем Дзень Канстытуцыі, і я хачу звярнуцца да маладых людзей: вы павінны ведаць, што на тэрыторыі, дзе мы з вамі зараз жывём, была створана другая у свеце Канстытуцыя. Менавіта нашы далёкія-далёкія продкі сабралі звод законаў, па якіх яны жылі ў той час. Мне вельмі крыўдна, калі нас сёння пачынаюць вучыць тыя дзяржавы, якія толькі праз дзесяцігоддзі, а хтосьці і праз стагоддзі дайшоў да таго, што стварыў сваю Канстытуцыю. Гэтым фактам – фактам стварэння другой у свеце Канстытуцыі – мы з вамі можам і павінны ганарыцца. Я таксама лічу, што мы жывём у такі няпросты, але досыць цікавы час, таму што будуем першую ў класічным разуменні гэтага слова незалежную краіну. Мы маем з вамі свою мову, свае межы, мы з вамі будуем незалежныя адносіны і праводзім незалежную палітыку як унутры сваёй дзяржавы, так і з нашымі краінамі-суседзямі, з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Але самае галоўнае ўсё ж такі не гэта. Ніякая Канстытуцыя не зробіць краіну багатай, а людзей шчаслівымі. Гэта можам зрабіць толькі мы з вамі разам. Сваёй стваральнай працай на карысць Рэспублікі Беларусь. Я так разумею, што тыя маладыя людзі, якім сёння выпаў гонар атрымаць адзін з галоўных дзяржаўных дакументаў, – лепшыя з лепшых, кожны у нейкім сваім накірунку.Таму мне хочацца сказаць ім за гэта дзякуй і пажадаць, каб яны ў сваім развіцці не спыніліся на дасягнутым, каб яны гэты тэмп, які набралі, на працягу свайго жыцця толькі павялічвалі. Тады мы будзем краінай яшчэ больш крэатыўнай, яшчэ больш багатай, яшчэ больш паважанай у свеце!

Па шматгадовай традыцыі ў гэты дзень грамадскае аб'яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» праводзіць акцыю «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь», падчас якой юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, уручаецца галоўны дакумент у іх жыцці – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Сімвалічны падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь надае важкасць падзеі.

Сем навучэнцаў гарадскіх школ запомняць 15 сакавіка 2021 года на ўсё жыццё. Гэта Вікторыя Трахімік, Дар'я Яскулд, Павел Грушчынскі, Нікіта Шчарбак, Наталля Несцер, Давід Шаламберыдзе, Кірыл Рудомін.






Шчырыя пажаданні і цёплыя віншаванні адрасавалі юным грамадзянам краіны і ўсім свіслачанам старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Мікалай Арол і першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Алена Лобач. На памяць аб важнай падзеі – сувеніры ад грамадскіх аб'яднанняў.



Канцэртную праграму, аб'яднаную чыстай і светлай тэмай любові да Беларусі, падрыхтавалі юныя таленты дзіцячай школы мастацтваў і работнікі цэнтра культуры і народнай творчасці.





Марына ЯНЮК

Фота Таццяны КАВАЛЬЧУК

Предыдущая статья

В УПК "Хоневичский детский сад - средняя школа" стартовал конкурс рисунков "Конституция глазами детей"