
Наша зямлячка валодае чароўным дарам – ператварае звычайную саломку ў сапраўдныя творы мастацтва. Расказваем, як нечаканае захапленне прывяло яе да рамесніцтва і ганаровага статусу.
У палоне сонечнага бляску
Ірына Фунт прыйшла да саломапляцення амаль у сорак гадоў. Мабыць, у той няпросты жыццёвы перыяд – жанчына аўдавела і засталася адна з двума дзецьмі – Бог і даў ёй у рукі тонкую выратавальную саломінку, якая не толькі здолела ўтрымаць яе, але і надаць жыццю новы смак. А да гэтага… Да гэтага Ірына Іванаўна была настаўніцай працоўнага выхавання. Аддала школе ні больш ні менш 26 гадоў. Бясспрэчна, творчая жылка – здольнасць бачыць свет інакш і ўвасабляць унікальныя ідэі, любоў да прыгажосці і імкненне да нязведаных уражанняў – заўсёды пульсавала ў ёй. Яна шмат чаго ўмела і магла стварыць сваімі рукамі, хоць, прызнаецца, патрапіла на гэтую хвалю рукадзелля выпадкова.
– Пасля восьмага класа я паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча на аддзяленне працоўнага выхавання і групы падоўжанага дня. Атрымала дыплом настаўніка. Гэта быў не зусім свядомы выбар. Шчыра кажучы, спантанны. Я мела намер пайсці ў сярэднюю школу, але прыехала сяброўка і пачала клікаць мяне ў вучылішча. Мама якраз праходзіла міма, пачула нашу размову і падтрымала задуму: “Усё – вырашана: будзеш паступаць!” – успамінае Ірына Іванаўна.
У школе прапрацавала больш за чвэрць веку. Да ўсяго былі здольныя рукі, асабліва любіла вышыўку і бісерапляценне. З апошнім, дарэчы, у 2005 годзе праходзіла атэстацыю на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
– Той год быў насычаны падзеямі. Рознымі. Памёр муж, і я знаходзілася ў працэсе прыняцця складанай, новай рэальнасці, для чаго, вядома, патрабуецца час. Мяне накіроўвалі скрозь і ўсюды, а я такая аддаленая, прыгнечаная была. І тут адпраўляюць на курсы. Якраз там нам і паказалі саломку, – дзеліцца майстар.
Хоць сама Ірына Іванаўна родам з вёскі, з Лідзянаў, да гэтага глядзела на саломку як на прыгажосць палёў, а тут зірнула з іншага боку. Зірнула – і раз і назаўжды трапіла ў палон яе сонечнага бляску.
– На маё “я нічога не ўмею” выкладчык сказала: “Але вы ж уседлівая”. Я паспрабавала. Зрабіла сваю першую саламяную птушачку – такую просценькую цацку. І ўжо наступных заняткаў проста не магла дачакацца – так хацелася зноў узяць у рукі саломку. Гэтым разам нам паказалі пляцёнку “зубатку”. Шчодра давалі саломку з сабой – хто хацеў, той браў. І я ўзяла. Пляла вечарам, калі не было чым заняцца. Першае, чаму вучылася, – гэта зубатка. Спачатку яна выходзіла ў мяне такая крывая, няроўная, няшчыльная, у руках усё развальвалася. Я адкінула: “Гэта не маё!” Потым з той зубаткі, што мы наплялі, усёй групай зрабілі прыгожую птушку. Выкладчык злажыла з нашых кавалачкаў пёркі. У гэтыя пёркі трапіла і мая няроўная зубатка. “Глянь, – разважаю сама з сабой, – і нават нядрэнна”. Яна так добра на крылках ляжала і была нейкая своеасаблівая. Я прыехала дадому поўная жадання і нецярпення вучыцца саломапляценню. Але была ўжо восень, сабраць прыгожую саломку не было дзе. За зіму я нават трохі супакоілася. Між тым за часопісамі сачыла, разглядвала, што траплялася на вочы… Неяк паехала ў Ваўкавыск, зайшла ў магазін сувеніраў. А там – беларуская саломка! І сухарніцы, і цукерніцы, і зубр… Я стаяла, нібы прывязаная. “Бач ты, – думаю, – звычайная салома, а колькі ўсяго з яе можна зрабіць!” Прыехала дадому – стаяць тыя вырабы ў вачах: мне хочацца і гэта, і другое… Дачакалася лета, нажала саломы і – неадбеленую, непадрыхтаваную – адразу намачыла і пачала плясці. Вядома, вырабы ў параўнанні з цяперашнімі выходзілі крываватыя, і саломка месцамі тырчала, і былі бачныя стыкі. Але за гэтай справай я губляла адчуванне часу і знаходзіла сябе. Я майстар-самавучка, – кажа ўмеліца.
Спрабуе ўсё
Пасля тых лёсавызначальных курсаў Ірына Фунт пачала весці ў школе гурток па саломапляценні.
– Мае вучні з інтарэсам рабілі аплікацыі, – расказвае яна. – Вядома, уседлівасці тут патрабуецца нямала. І не ўсім дзеткам, як і мне спачатку, хапала цярпення. З часам я заўважыла, што саломка мяне супакойвае. І калі які-небудзь іншы занятак надакучвае, то пляценне з саломкі колькі ўжо гадоў – не. Яна вабіць і заварожвае, гэта вельмі эластычны, паслухмяны, цёплы матэрыял. Так, работы з ёй шмат. Адны толькі нарыхтоўкі чаго вартыя: пакуль нажнеш, а жаць трэба многа, потым – каласкі паабрэзваць, высушыць, перабраць, павырэзваць каленцы, пасартаваць па даўжыні, адбяліць і зноў прасушыць ды пазвязваць у пучкі. Бляску пры апрацоўцы яна не губляе – проста становіцца святлейшай. Яшчэ практыкую пляценне з зялёнай саломкі. Запасы раблю ў сярэдзіне чэрвеня – пачатку ліпеня, пакуль колас малочны, а сцябло зялёнае. Такую саломку выкарыстоўваю, каб, напрыклад, пусціць каляровую стужачку ці ў лялькі сукенку адтаніраваць. Сама па сабе саломка розная бывае, нават па адценнях жоўтага. Для пляцення ў асноўным бяру жытнюю – яна самая доўгая. Аўсяная – найбольш бліскучая, хоць і карацейшая. Пшанічная – мякчэйшая за жытнюю. Трыцікале выкарыстоўваю. Самая прыгожая і жоўтая саломка – гэта авёс. Яго выкарыстоўваю без апрацоўкі. Спрабую ўсё.
У ход ідуць і анілінавыя фарбавальнікі. Імі яшчэ яе матуля, калі ткала дываны, фарбавала ніткі. Пры неабходнасці майстар расквечвае саломку. Але ў прыярытэце – натуральнасць.
– У 2008 годзе мяне запрасілі ў аддзел рамёстваў. Я была не супраць. Працавала на дзве паўстаўкі. Урокі заканчваліся, і прыходзіла сюды. Акрамя школьных планаў, дома вечарамі сядзела і пляла саломку. Проста так. А ў 2011-м у аддзеле рамёстваў з’явілася стаўка, перайшла сюды канчаткова. І тут пачалося… Я была пагружана толькі ў сваю саломку. Увесь час думала, што мне зрабіць і як. Мне настолькі падабаецца мая работа! Да гэтай пары. Шмат умею, валодаю амаль усімі відамі пляцення, але ёсць, як не дзіўна можа здацца, і тое, чаму хачу навучыцца. Напрыклад, пучкавому пляценню. Я трохі спрабавала, але добры навык трэба практываваць. Словам, ёсць над чым працаваць, дзе набіваць руку. Хоць ахапіць усё бадай што і немагчыма.
Крыніца натхнення
Саломка застаецца для Ірыны Фунт невычэрпнай крыніцай натхнення. Свой саламяны скарб яна лічыць сотнямі. І для выстаў шмат робіцца, і на продаж, і на конкурсы. Першае, што ў 2016 годзе высока ацаніла журы абласной выстаўкі-конкурсу саломапляцення “Саламяны цуд”, – яе сувенір з беларускага золата. І пайшло-паехала. Ірына Фунт стала заўсёднікам абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”. Не раз лепшымі на Гродзеншчыне прызнаваліся яе велікодныя кошыкі. Штогод аддзел рамёстваў прывозіць прызавыя месцы. Работы ва ўсіх майстроў годныя.
Кожны выраб Ірыны Фунт – чарговы крок да вяршыні майстэрства. Яно працягвае расці, бо канчатковай кропкі тут не існуе, становіцца ўсё болей вытанчаным, па-сапраўднаму ювелірным. Разам з прафесіяналізмам растуць і памеры яе тварэнняў. Адно з апошніх – жар-птушка. Над ёю майстар бесперапынна чаравала два месяцы. Затое які вынік! Так, спачатку захаплялася чужымі працамі, а зараз захапляе людзей плёнам уласных рук. Паспявае дзяліцца сваім уменнем і з дзецьмі: вядзе гурток “Залатая саломка”, запрашае на майстар-класы.
– Хацелася б, каб побач было больш зацікаўленых людзей, апантаных творчасцю, улюбёных у народныя рамёствы і натхнёных гэтай любоўю. Што тычыцца менавіта беларускай саломкі, то яна не мае аналагаў у свеце. Нездарма саломапляценне Беларусі ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, – кажа Ірына Іванаўна.
Яна сама – яркі прадстаўнік нацыянальнага саламянага брэнда, таленавіты носьбіт самабытнага рамяства, унікальнага культурнага кода. А статус “народны майстар” – выснова шчырай шматгадовай працы. Гэта яе талент, працавітасць і адданасць справе заслужана атрымалі высокую адзнаку.
– Я заўсёды працавала з задавальненнем і так, каб мне не было сорамна за вынік. Не хачу, каб у чалавека, хто паглядзіць на мае вырабы, думка з’явілася: там неакуратна, там нітачка тырчыць, там не прышыта. Усе любяць, каб прыгожа было і якасна. Хіба ж можна па-іншаму ставіцца да таго, што робіш?
Напрыканцы дабавім, што Ірына Фунт стала другім па ліку народным майстрам у Свіслацкім раёне. У 2016 годзе гэтага ганаровага звання была ўдастоена ўраджэнка Новага Двара Ніна Ботвіч за адраджэнне, захаванне і папулярызацыю ткацтва паясоў. Пабачыць унікальныя вырабы выбітнай зямлячкі сёння можна ў музейным пакоі народнага ткацтва навадворскай клубнай установы.
Наталля ТУРКО
Фота Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і аўтара






