banner

Малітва – доказ нашай памяці

02 Ноября’24
734
Восень. Пачатак лістапада. Час, калі мы памінаем усіх памерлых. Лампадкі на кожнай магіле напамінаюць 
нам пра час памаліцца за тых, хто сышоў у іншы свет. Успомніць добрым словам блізкіх, якіх так не хапае, і выказаць сваю пашану ўсім продкам.



2 лістапада хрысціяне адзначаюць асенні Дзень памяці. Людзі спяшаюцца ў храмы, каб памянуць сваіх родных і блізкіх. У гэтыя дні не толькі абуджаецца памяць, але і аб’ядноўваецца род. Сем’і збіраюцца разам, каб наведаць могілкіі і памаліцца за сваіх блізкіх. За тых, хто застаўся ў памяці назаўсёды.

Памінанне продкаў – гэта жывая сувязь з імі. Зносіны, якія пераходзяць межы зямнога быцця, злучаюць разам велізарныя радавые галіны дрэва чалавецтва. Памінаць памерлых – святы абавязак усіх хрысціян.  
Малітва – гэта доказ памерлым нашай памяці, любові і павагі, магчымасць сказаць тое, што не паспелі пры жыцці. А яшчэ і напамін пра тых, хто пакуль яшчэ побач  з намі, і якім таксама патрэбны нашы ўвага, любоў і клопат. Наведваючы памерлых, нельга забываць і пра жывых: бацькоў, дзядуль, бабуль.

Пакуль яны жывуць, здаецца, што так будзе заўсёды. Што мама і тата заўжды будуць чакаць каля роднага парога, цешыцца, што прыехалі сын ці дачушка, унук ці ўнучка. І так часта самыя важныя словы, самыя шчырыя прызнанні адкладваюцца на потым, з думкаю на тое, што на ўсё яшчэ хопіць часу. Не хапае яго, каб прытуліцца да матулінага пляча, каб паціснуць бацькаву руку, зазірнуць ім у вочы, пасядзець блізенька проста так, паслухаць іх ціхую гаворку, пачуць цёплае дыханне. А час ляціць. І няма нічога вечнага на зямлі. І толькі стоячы каля свежага бугорчыка на могілках, разумеем, што на свеце не было большага шчасця, чым магчымасць знаходзіцца побач з самымі роднымі людзьмі, якіх ужо немагчыма вярнуць ніякімі словамі.

2 лістапада – памінальны дзень. Давайце ж паспяшаемся ў “горад маўчання”, дзе нас чакаюць нашы родныя, запалім лампадку, перададзім святару запіску з дарагімі імёнамі  і ціха памолімся зя іх несмяротныя душы. Няхай пачуе Гасподзь, няхай супакоіць і даруе ім  жыццё вечнае. 

Ядвіга Кобрынец

Предыдущая статья

За прошедшие сутки на территории Гродненской области произошло 2 пожара