Наведвальнікам форуму прапанавана насычаная праграма мерапрыемстваў, якая складаецца з прэзентацый інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесій, майстар-класаў. Шэраг мерапрыемстваў прысвечаны рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, якія расказваюць аб удзеле ў сацыяльна-эканамічным развіцці сваіх рэгіёнаў.
У першы дзень выстаўкі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і СМІ на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. За высокапрафесійны падыход да раскрыцця тэмы установа “Рэдакцыя газеты “Свіслацкая газета” узнагароджана Дыпломам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей з уручэннем спецыяльнага прыза.
Сёння, 3 мая, на пляцоўцы "Дыпсэрвіс хол" уручаны ўзнагароды пераможцам у 23 намінацыях Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая літара". Дарэчы, у гэтым годзе на ўдзел у ім паступіла больш за 330 заявак.

Як і ў мінулым годзе, больш за ўсіх узнагарод сабрала Гродзенская вобласць – 15(!). Вельмі прыемна, што сярод пераможцаў галоўнага конкурсу краіны для друкаваных СМІ наша раённая газета. Творчы праект па тэме спорту і здаровага ладу жыцця прывёў нас да ганаровага звання “Лаурэат”.


Напярэдадні прафесійнага свята – Дня друку – гэта дарагі і доўгачаканы падарунак. Працавітасць, адданасць справе і любоў да сваёй газеты заўсёды ўзнагароджваюцца. У гэтым наш творчы калектыў пераканаўся ў чарговы раз.
Вольга БУБЕНЧЫК