banner

Хата не павінна сумаваць

13 Сентября’24
938
Праца журналіста – гэта штодзённыя сустрэчы. Ужо не здолею палічыць, колькі іх было на маім шляху, але ўсе яны (ну, можа, з маленькім выключэннем) былі прыемнымі, запамінальнымі, бо пакінулі добрыя ўспаміны. Але бываюць часам і асаблівыя сустрэчы, ад такіх у душы застаецца святло, якое выпраменьваюць людзі з адкрытымі насцеж сэрцамі. Якое шчасце, што ёсць на зямлі такія людзі. Бясконца дзякую Богу, што я не размінулася з імі ў жыцці!І вось новая сустрэча ў Юшкавічах. Адкрываю брамку і трапляю… у кветкавы рай. Кветкі тут не растуць толькі на сцежачцы, якая вядзе проста да хаты. Яны цвітуць справа і злева, зверху і знізу – куды ні глянь. Гэта рукі гаспадынькі Людмілы Баярчук ствараюць такія кветкавыя цуды. Дарэчы, хачу падкрэсліць, што ведаю Людмілу з дзяцінства, жылі ў адной вёсцы, вучыліся ў адным класе, сябравалі. Часам сустракаемся на вуліцы, пагутарым і разыходзімся. Пра тое, што мая даўняя сяброўка такая аматарка кветак, я ніколі не здагадвалася. І вось табе – неспадзяванка! 



Дзве палавінкі

Нягледзячы на той факт, што Людміла перанесла дзве складаныя аперацыі на сэрцы, жаданне акружаць сябе і родных прыгажосцю не знікла, а наадварот – узрасло. Гэта таму, што побач з ёю ўжо больш за 30 гадоў ідзе па жыцці найлепшы ў свеце муж, верны сябар і аднадумца – Аляксандр. Яны сапраўды тыя дзве палавінкі, якія доўгі час шукалі адна адну і, на шчасце, знайшлі. Гэта не проста словы. Я бачыла, якімі вачамі яны глядзяць адзін на аднаго, колькі цеплыні ў кожным слове, у кожным жэсце. І колькі клопату…

Але шлях да гэтай ідыліі быў цярністы. Прынамсі, для Людмілы. У канцы 70-х мінулага стагоддзя паехала са старэйшай сястрой у Крым. Там жылі сваякі, запрасілі спачатку ў госці, а потым прапанавалі застацца, уладкавацца на працу, і дзяўчаты згадзіліся. Сястры Валянціне пашанцавала больш, а вось для Людмілы гарачае паўднёвае сонейка аказалася не вельмі ласкавым. Замужжа было няўдачным. З двума дзеткамі вярнулася на малую радзіму, да мамы. Старэйшаму Косціку было 11, а маленькай Машаньцы – усяго тры. 

 Людміле трэба было шукаць працу. І яна пайшла ўладкоўвацца рабочай на будоўлю. Прынялі маладую жанчыну без праблем. І амаль у першы дзень Люда заўважыла, як “зачапляюцца” за яе позіркі брыгадзіра. І як ён шукае нагоду, каб падыйсці, пагаварыць з ёю, нешта запытаць. Маладая жанчына не думала, што за гэтымі позіркамі стаіць нешта сур’ёзнае. Ну, прыглянулася брыгадзіру маладая прыгожая жанчына, вырашыў зрабіць знак увагі, і ўсяго…

Але яна памылілася. Людміла Аляксандру не проста прыглянулася, яна ў сэрца запала. Глыбока-глыбока… І намеры ў яго былі найсур'ёзнейшыя. У Людмілы  таксама сэрца пачынала трапятацца ў грудзях, калі іх позіркі сустракаліся. Няпоўны месяц яшчэ правяралі моц сваіх пачуццяў. Шмат размаўлялі, дзяліліся сваімі “таямніцамі”, памылкамі, жыццёвымі зацікаўленасцямі. Людміла найбольш хвалявалася за тое, каб яе сынок і дачушка не былі супраць Аляксандра, каб прынялі чужога для іх чалавека, які меў намер замяніць ім бацьку. 

Але хвалявалася дарэмна. Аляксандру не трэба было шукаць асаблівы падыход да дзяцей, неяк “сюсюкаць” з імі. Дзеці, яны ж падсвядома адчуваюць добрых людзей, і цягнуцца да іх. Так было і ў Аляксандра з Косцікам і Машай. З першых дзён яны знайшлі агульную мову з дзядзем Сашам, і сэрца Людмілы проста заходзілася ад пяшчоты, гледзячы, як яе любы чалавек вядзе цікавыя размовы з дзецьмі, гуляецца з імі, як яны цягнуцца да яго. Вельмі хутка сын і дачушка пачалі называць Аляксандра татам. Калі ён першы раз пачуў такі зварот да сябе, нават слёз не мог стрымаць. Не кажучы ўжо пра Людмілу. Першы раз яна адчула, што ў яе цяпер сапраўдная сям’я і ў яе дзяцей сапраўдны бацька. Ці ж гэта не шчасце?! 
З тых пор мінула ўжо амаль 35 гадоў. Даўно выраслі Косцік і Маша. Самі сталі бацькамі, падарылі дзядулі з бабуляй унука і ўнучку. Можа, гады і наклалі на твары дзядулі з бабуляй свой адбітак, але не на пачуцці. Яны ні кропелькі не астылі. І так прыемна назіраць за ўзаемаадносінамі гэтых прыгожых мужа і жонкі.

 “Будзь бацькам, а не айчымам”

Але вернемся ў Юшкавічы. Тут, у гэтай невялічкай вёсачцы, з’явіўся на свет Аляксандр Баярчук. Усяго ў бацькі і маці было трое дзяцей: два сыны і дачушка. Гадавалі дзяцей з любоўю, прывучалі да працы, вучылі быць сумленнымі і добразычлівымі. Такімі і павырасталі. 

А ў 1983 годзе ў дом прыйшла бяда. Загінуў малодшы сын Яўген. Ён адбываў службу ў арміі. Заставалася некалькі месяцаў да канца службы, і здарылася трагедыя… Сын пакінуў гэты свет у дваццацігадовым узросце… 

Выйшла замуж дачушка Ніна, нарадзіла дзетак, а вось Аляксандру неяк не траплялася на вочы тая, што закранула б сэрца. Аж пакуль у пачатку сакавіка 1989 года не прыйшла да яго ў брыгаду Людміла…

Калі Аляксандр прыехаў да бацькоў і сказаў, што знайшоў сваю нарачоную, яны цешыліся. 
А калі дадаў, што ў яе двое дзяцей… ні славечка не сказалі супраць. Толькі мама, прысела каля сына, узяла яго руку і сказала: “Сыночак, гэта твой выбар. Я яго прымаю і паважаю. Але ты памятай, каб ніколі-ніколі не пакрыўдзіў дзетак. Яна можа прыкрыкнуць, калі не слухаюцца, яна – маці. А ты ўзяўся замяніць ім бацьку. Выхоўвай як бацька, а не як айчым.”  Саша даў маці слова і ніколі яго не парушаў. Дзеці Людмілы цягнуліся да яго, як да самага роднага чалавека. Косцік не адыходзіў, быў першым памочнікам для таты, і маленькая Машанька таксама гарнулася да яго ўсім сваім сэрцайкам. Любімым месцам адпачынку для малых быў гасцінны дом бабулі і дзядулі ў Юшкавічах. Туды ж прыязджалі два хлопчыкі і дзяўчынка дачкі Ніны. Гулялі дружна, калі бывалі нейкія маленькія канфлікты паміж дзецьмі, іх хуценька згладжвала мудрая бабуля Соня. Для яе ўсе ўнукі былі роўнымі і роднымі. 

На жаль, яе жыццёвы шлях аказаўся нядоўгім. Цяжкае  ваеннае дзяцінства, пасляваеннае нялёгкае жыццё ніяк не маглі спрыяць добраму самаадчуванню. А найбольш падарвала здароўе смерць сына. 

“Тут сляды бацькі і маці”

Без мамы бацькоўскі дом быў сумным. Але па-ранейшаму сюды прыязджалі дзеці, унукі. Яны не дазвалялі дзеду сумаваць, і ён побач з імі не адчуваў сябе самотным. Але з цягам часу і яго падкасіла хвароба. Доўга змагаліся родныя за жыццё бацькі, лячылі, але аднойчы і яго сэрца перастала біцца.
Дом асірацеў? Не. Дзеці не забыліся на свой родны куточак. Бацькоў няма ўжо даўно, а вось хата жыве і, няма сумнення, будзе жыць! Па-ранейшаму прыязджаюць сюды дзеці, ужо дарослыя ўнукі – Руслана з Данілам, і не за гарамі той час, калі зазвіняць тут галасочкі праўнукаў.

– Хіба я мог дапусціць, каб мой родны дом быў занядбаны? Тут засталіся сляды бацькі і маці, мы тут раслі, тут кожная сцежачка знаёмая. Яблыні бацькі пасадзілі, парэчкі, маліны. Гэта ўсё пакінуць, каб здзічала, каб прапала? Каб не было куды прыехаць? Вунь па суседстве, бачыце, дом стаіць, зарос амаль цалкам. Нехта нібы купіў, нават вокны памяняў і на гэтым скончыў. У зарасніках вужы ўжо пачалі вадзіцца. Не разумею, як так можна? – кажа Аляксандр. – Чым я тут займаюся? Вырошчваю памідоры. Дзве цяпліцы купіў вялікія.

Спытаеце, навошта так многа? А мы не толькі самі карыстаемся. Сваякам раздаём, сябрам, добрым людзям. Люда вясною займаецца расадай, пікіроўкай, а ўсё астатняе раблю я. У яе сэрца хворае, ёй нахіляцца нельга, вось я ўжо гатовую расаду высаджваю, паліваю, падвязваю. Праўда, Люда яшчэ чаранкуе. Гэта я ёй давяраю (смяецца). А так яна толькі кветкамі сваімі любімымі займаецца. 


– Не толькі, не толькі, – уступае ў размову Людміла. – Яшчэ нарыхтоўкі раблю. З адных памідораў чаго толькі не нарабіла. А ты яшчэ забыўся сказаць, што ў нас перцы растуць салодкія, вострыя, баклажаны. Клубніцы былі, парэчкі, вунь яблыкаў колькі нарасло. 

А мы яшчэ і малады сад пасадзілі. Так што працы мне хапае.  А ты кажаш, толькі кветкамі займаюся… 

– Ой, прабач. Праўда, праўда. Робіць нарыхтоўкі. Яшчэ колькі! З памідораў, гуркоў, перцаў, баклажанаў, кабачкоў… А варэнне якое смачнае… Залатыя ручкі ў маёй Людачкі. Мы тут у вёсцы не жывём круглы год, толькі з ранняй вясны да позняй восені. Хата старая, не вельмі цёплая. Шмат дроў патрабуе. Я прыязджаю зімою прапальваю, каб не адсырэла, але зіму праводзім у гарадской кватэры, – падзяліўся Аляксандр.   

Гаспадары вядуць мяне да сваіх цяпліц. Іх дзве, і ў кожнай пад самую столь растуць памідоры. Чырвоныя, жоўтыя, аранжавыя, вялікія і маленькія. Іх так шмат, што дух займае.  

 У адной цяпліцы яшчэ і баклажаны з перцамі растуць. У адкрытым грунце побач таксама памідоры, на нізкіх кустах. Акрамя памідораў, тут уся агародніна, якая толькі можа вырасці на нашых землях. Гэта ўжо за хатай, бо перад ёй кветкі, кветкі, кветкі… 



Аляксандр і Людміла паказваюць мне свае раслінныя багацці, жартуюць, І мне так прыемна глядзець на іх, слухаць і ўсім сэрцам радавацца за гэтых двух шчырых,  адкрытых мужа і жонку. Бо сёння, на жаль, не так часта сустракаюцца такія адносіны ў сям’і, такое паразуменне, такая цеплыня, якая адчуваецца нават на адлегласці.   

Ядвіга Кобрынец

Фото автора

Предыдущая статья

Здесь начался отсчет трудового пути