Гэтая невялікая хата стаіць у вёсцы Манчыцы. Невялічкая, але такая светлая, дагледжаная. Летам яна ўся купаецца ў кветкавым “моры”, за домам раскінуты вялікі агарод. Тут часта бывае шумна і радасна ад шматлікіх галасоў, ад дзіцячага смеху, ад музыкі, што льецца з адкрытых вокнаў. Толькі зімою хатка трошкі сумуе без гэтага шуму і мітусні. Але колькі той зімы! Па праўдзе, і зімой пра хату не забываюць. Тут часта бываюць муж і жонка Арнайцісы, бо для іх гэта найраднейшы куточак у свеце, гэта месца, дзе калісьці адкрыўся свет для дзяўчынкі Ніны, і які даўно стаў родным для яе мужа Віталдаса.
Яны разам ужо амаль пяць дзесяцігоддзяў. І гады гэтыя прабеглі так непрыкметна, так хутка, пакінуўшы шэрань на валасах і маршчынкі каля вачэй. Але ў душы муж і жонка па-ранейшаму маладыя і шчаслівыя. Іх шмат чаго аб’ядноўвае. Яны выгадавалі добрых дзяцей, іх радасць – чацвёра ўнукаў. А яшчэ ў іх ёсць месца, да якога заўсёды імкнецца душа.
І называецца яно – бацькоўская хата.
У іх быў падобны лёс
У далёкім 1958 годзе згулялі вяселле Васіль і Зінаіда Салавей. У абодвух былі падобныя лёсы. Зінін бацька параненым вярнуўся з фронта, пажыў толькі тры гады і пакінуў жонку ўдавой, а траіх дзяцей – сіротамі. Маці адна падымала дзяцей, шмат працавала, каб быў хлеб на стале.
У Васіля рана не стала маці. Таксама трое дзетак ураз асірацелі, Васіль быў старэйшым. Іх гадаваў бацька. І яму нялёгка прыходзілася, але дзеці выраслі добрымі, працавітымі.
Можа, пагэтаму так утульна было двум параненым сэрцам разам, можа, пагэтаму яны так імкнуліся стварыць сям’ю і ўсё лепшае аддаць сваім дочкам – Ніне і Лене.
– Бацькі былі вельмі працавітымі. Мама любіла сваю працу. Для яе калгасныя цяляты былі як свае. Мы з сястрой, як толькі падраслі трохі, дапамагалі ёй. І ў хаце ўсё ўмелі зрабіць. Гаспадарка была вялікая: карова, свінні, куры, гусі, індыкі. Дзялкі давалі ў калгасе, канца ім не было відаць. Цэлае лета палолі буракі, а потым рвалі, церабілі. Тата наш хварэў, і мама вельмі шкадавала яго, аберагала, не дазваляла працаваць. Мы з Ленай вельмі стараліся дапамагаць бацькам, бачылі, як ім было нялёгка, – успамінае старэйшая дачка Ніна. – У бацькоў былі вельмі цёплыя і шчырыя адносіны паміж сабою. Мы раслі ў любячай сям’і, нас атулялі пяшчотай, нават пры вялікай занятасці ў мамы і таты знаходзілася хвілінка, каб нас прылашчыць, пахваліць, распытаць пра справы ў школе. Аўра, якая зыходзіла ад бацькоў, нябачна ахутвала нас. Мы не ўяўлялі, што ў сям’і можа быць неяк інакш, таму і вынеслі з сабою ўжо ў свае сем’і тую ж цеплыню, шчырасць і пяшчоту.
У выхадныя – да мамы
Гады праляцелі птушкамі. Выраслі дачушкі. Выбралі для сябе справу па душы. Ніна паступіла ў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум, паспяхова скончыла яго і вярнулася дадому, пачала працаваць у Свіслачы.
Аднойчы сяброўка запрасіла Ніну на вяселле. Прычапіла дзяўчына банцік на грудзі свайму дружбанту, але заўважыла, што вачэй з яе не зводзіць другі хлопец – Віталдас. Чарнявы, прыгожы, з добрымі-добрымі вачыма. Хутка пачалі сустракацца, а праз паўтара года ажаніліся.
Першы час жылі ў інтэрнаце ад сельгастэхнікі. Там нарадзіліся іх сыны – Уладзімір і Аляксей. Добрымі раслі, паслухмянымі, цікаўнымі хлопчыкамі. Усе канікулы праводзілі ў бабулі з дзядулем у Манчыцах. Яшчэ і прабабулька была жывая, і яе вельмі любілі хлопчыкі. А ў армію пайшлі, дык лісты пісалі, паштоўкі віншавальныя прысылалі. Бабуля з прабабуляй бераглі гэтыя пасланні як дарагі скарб.
Ніна з Віталдасам усе выхадныя таксама праводзілі ў Манчыцах. Бацька рана памёр, і Ніна старалася часта прыязджаць, каб матуля не сумавала. Але час бег, потым ляцеў. Матуля старэла, нядужала. Малодшая дачка Алена забрала яе да сябе ў Ваўкавыск. Але Ніна з мужам і дзецьмі па-ранейшаму на выхадныя, у водпуску спяшаліся ў Манчыцы, каб матуліна хата не адчувала сябе пакінутай. Вясною садзілі агарод. У дбайных руках Ніны ён кожны год радаваў добрым ўраджаем. Нават кавуны вырасталі вялізныя і на дзіва смачныя.
А яшчэ ўвесь двор быў у кветках. Любоў да іх Ніне перадалася ад маці. Тая з маладосці займалася кветкамі, яны цвілі з ранняй вясны да позняй восені, аж пакуль не надыходзілі замаразкі. І ў хаце было шмат самых розных вазонаў.
Не зарасце сцежка да хаты
Матулі ўжо няма на свеце. Боль ад незаменнай страты не прайшла да сёння. Ніна з такім невыказальным сумам гаворыць пра гэта, хоць мінула ўжо больш як чатыры гады. Час не лечыць. Толькі трошкі прытупляе боль. У матулінай хаце нічога не змянілася. І каля хаты таксама.
– Летам часта ўсе збіраемся тут, у бацькоўскай хаце, – працягвае Ніна. – Прыязджаюць нашы сыны – Уладзімір і Аляксей з жонкамі і дзецьмі. Сястра з дачкою і ўнучкамі тут часта бывае. Як тут шумна тады, як весела! Хлопцы гатуюць шашлыкі, з агарода прыносяцца свежыя агурочкі, памідорчыкі, цыбулька, зеляніна. Ах, як здорава!
Дзве дружныя сям’і з дзецьмі, унукамі садзяцца за стол і льецца гутарка, аж пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. І ў кожнага на душы так лёгка, так светла ад таго, што ўсе яны непарыўна звязаны адным словам – радня. Такая дружная, такая моцная, дух якой перадаваўся з пакалення ў пакаленне. І кожны ў гэтай радні ўсёй істотай усведамляе адказнасць за свой род, за тое, каб ніколі не згасала святло ў гэтай маленькай хатцы, каб не зарасла да яе сцежачка. Бо на той сцежцы засталіся сляды бацькі і маці, а ў хаце па-ранейшаму лунае ні з чым не параўнальны водар дзяцінства, юнацтва. Тут адпачывае душа, тут усе праблемы здаюцца дробнымі і лёгкавырашальнымі. Таму, што гэта бацькоўская хата – самы родны і дарагі куточак на свеце.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фото аўтара і з архіва сям’і Арнайціс






