З нагоды Дня сям’і распавядаем вам гісторыю адной пары, якая кранае сэрца і з’яўляецца прыкладам вялікага кахання, узаемапавагі і Сям’і з вялікай літары
Я сустрэлася з гэтымі людзьмі ў далёкім 95-м мінулага стагоддзя. І ў такім месцы, куды лепш ніколі нікому не трапляць – аддзяленні мікрахірургіі ў Мінску. У суседняй палаце агульнага блока ляжаў дзядулька з пухлінай галаўнога мозга. Ён быў, як кажуць медыкі, “цяжкім”, з-за таго, што пухліна разрасталася і ўсё больш давала аб сабе знаць. Ён не заўсёды ўсведамляў, што робіць, увесь час спрабаваў ўцячы, патрабаваў, каб яго адпусцілі дадому і вырабляў іншыя “фокусы”. За ім прыглядвала жонка. У свае гады, нават прыгнеценая бядой, яна не згубіла той прыгажосці, якую часам не могуць сцерці гады да самай смерці.
Але гаворка не пра гэта. Такія адносіны да блізкага чалавека сустрэць даводзілася так рэдка, што пальцаў на адной руцэ хапіла б, каб пералічыць. Ні кожная маці аб сваім дзіцяці клапоціцца так, як яна аб мужу. Я называла іх дзед Алесь і бабка Зося. На жаль, нават не спытала, як звалі па бацьку.
Мы ўсім блокам, а нас было сем чалавек, з велізарнай цікавасцю назіралі за гэтымі дзівоснымі адносінамі.
І трошачкі… з зайздрасцю. Ды і не толькі мы. Урачы і медсёстры з нейкай асаблівай цеплынёю адносіліся да іх, супакойвалі, ўпэўнівалі, што ўсё будзе добра.
Спаць бабуля лажылася, як, нарэшце, “укалыша” свайго дзеда, на вузенькім дэрмантынавым дыванку, які ўдзень хавала пад ложак мужа. Ды і які гэта быў сон? Муж толькі паварухнецца – яна ўжо на нагах. І так кожную ноч.
Дзеда рыхтавалі да аперацыі. І вось, нарэшце, той дзень надышоў. Раніцай за дзядулем прыйшлі. Бабулька праводзіла яго да ліфта і засталася стаяць ля акна. Яна была, як акамянелая і глядзела некуды далёка-далёка, можа ў мінулае, але душа яе, несумненна, была ў аперацыйнай зале, там, дзе пад наркозам на стале ляжаў яе муж, а вакол яго схіліліся урачы.
Ішоў час. Ужо прынеслі абед. Бабуля па-ранейшаму нерухома стаяла ля акна. Мне хацелася паклікаць яе, каб хоць трошкі чаго з’ела. На мой голас яна нават галаву не павярнула. Я бліжэй падышла, кранула за плячо. Зноў ніякай рэакцыі. І тут я заўважыла, што яе вусны варушацца. Стала зразумела: яна малілася. Бабулька дапамагала ўрачам ратаваць мужа.
Аперацыя ішла амаль сем гадзін. Увесь гэты час бабуля Зося стаяла ля акна. І толькі калі рыпнулі дзверы ліфта і на парозе з’явіўся ўрач, яна рэзка павярнула галаву і моўчкі паглядзела яму ў вочы. Той, таксама ні слова ні кажучы, абняў яе за плечы і павёў ў ліфт.
Рэанімацыя, усім вядома, – святая святых у любой бальніцы, а ўжо ж у нейрахірургіі… Тым не менш урач павёў бабулю туды. Ціха падвёў да ложка, дзе ляжаў яе Алесік, сказаў, што аперацыя прайшла ўдала, што дзед будзе жыць яшчэ доўга.
Пра гэта бабка Зося расказала нам, як толькі вярнулася ў палату. Прысела калая століка, закрыла далонямі вочы і заплакала. Першы раз за ўсе праведзеныя тут дні.
Калі прыйшла пара лажыцца спаць, яна, на здзіўленне ўсіх, хто быў побач, выцягнула свой дэрмантынавы дыванок з-пад ложка і лягла на ім.
– Дык ложак свабодны, лягайце на ложак, чаго вы зноў на дыванку?, – спрабавалі ўпэўніць бабулю суседзі па палаце.
– Не, гэта яго месца, ён сюды вернецца, – сказала і ціхенька скруцілася абаронкам на сваёй “ляжанцы”.
Дзед Алесь вярнуўся і на дзіва хутка стаў папраўляцца пасля цяжкай аперацыі. Хадзіў задаволены, меў добры апетыт і цудоўны настрой.
Праз нейкі час прыйшла пара выпісвацца, і бабулька за нейкай патрэбай паехала дадому. Дзед Алесь застаўся адзін. Што тут рабілася! Ён бегаў ад аднаго акна да другога і ўсё выглядаў: з якога боку будзе ісці яго Зоська.
І тады я паспрабавала заняць яго думкі чым-небудзь іншым. Прывяла ў сваю палату і папрасіла расказаць пра іх з бабуляй жыццё, пра тое, як пазнаёміліся, ажаніліся.
Я бачыла, як раптам засвяціліся яго вочы і цёплая ўсмешка кранула вусны.
– Табе гэта цікава? – спытаў ён.
– Вельмі! – шчыра адказала я.
– Даўно гэта было, – з той жа ўсмешкай, пачаў дзед Алесь свой аповед. – Я быў кавалём і меў сябра ў суседняй вёсцы. Неяк на МТС сустрэліся мы з ім, і ён запрасіў мяне да іх у вёску на вячоркі. А я ж малады быў, да ўсяго цікавы, чаму, думаю, не пайсці. Кіламетраў з шэсць было да таго сяла. Дык “сем вёрст – зайцу не дарога”.
Прыйшоў я да таго хлопца, маці нават аладкамі накарміла, ну і падаліся мы на вячоркі. У хлопцаў, бачу, боты начышчаныя, чубы зачэсаныя, сарочкі вышываныя, – жаніхі. А я асірацеў вайною, у дзядзькі жыў, і ў таго сямёра па лаўках. Я сам сябе і карміў, і адзяваў, як даў рады. Вышыванкаў мне не было каму рабіць.
А дзяўчаткі на лаўках як кветкі. У кожнай у руках якоесці заняцце. І тут бачу, сядзіць у куточку красуня. Бровы цёмныя, як вугальком намаляваныя, і каса чорная амаль да падлогі звісае з пляча. Мяне нібы токам ударыла. А яна вочы падняла, такія валікія, карыя, і нашы позіркі сустрэлсія. Мяне яшчэ раз “токам” шандарахнула і я проста анямеў. “Мая!”, – сказаў я сам сабе. А тут і гарманіст прыйшоў. Не паспеў ён зайграць, як я ўжо каля дзяўчыны быў. Мы танцавалі цалюткі вечар. Хлопцы мясцовыя, нават сябар мой, скоса на мяне глядзелі. Але я тады гэтага не бачыў. Я з яе вачэй не зводзіў. І, ведаеце, пра што думаў? Вось бы расплесці гэтую касу! …
З таго дня, як толькі ня-
дзелька, я з усіх ног нясуся ў тую вёску, да маёй красуні. А перад сялом мяне ўжо хлопцы чакаюць, хто з калом, хто з кулакамі… Надаюць мне тумакоў, як мае быць, каб не хадзіў і не зманьваў дзевак з чужога сяла. Тады ўжо тыдняў з два не іду, пакуль сінякі загояцца. Як толькі апошні фінгал злезе – я зноў у дарогу. Доўга мяне так “вучылі”, нарэшце махнулі рукой, згадзіліся: хадзі ўжо, што з табою рабіць.
Ажаніліся мы. І расплёў я такі тую касу, – дзед аж страпянуўся ад успамінаў. – Шчасліва жывём ужо сорак гадоў. Ніколі я яе не абражаў, не крыўдзіў, не крычаў на яе. І яна таксама толькі па-добраму, толькі з ласкай. Пра каханне маё я ўслых ніколі ёй не гаварыў, ды і яна мне. Нашы сэрцы і вочы размаўлялялі адно з адным. А слоў не трэба было.
Трох сыночкаў мне нарадзіла. Выраслі добрымі, разумнымі, працавітымі.Старэйшы ўжо нявесту нам прыводзіў. Ужо і вяселле справілі б, каб мяне хвароба не напаткала. Дзеці нашы прыклад добры бачылі з маленства, таму і сем’і, верым, добрыя ў іх будуць. Бо прыклад бацькоўскі – самае галоўнае выхаванне.
За размоваю хутка час праляцеў. Тут і бабуля Зося вярнулася. Ізноў яны былі разам.
Праз дзень выпісваўся дзед Алесік. Яго праводзілі ўсім аддзяленнем. Бабулька ўсіх абдымала, дзякавала шчыра, што паставілі на ногі яе Алесіка.
Даўно гэта было, амаль трыццаць гадоў таму, а я па сёння памятаю, якім дзіўным святлом гарэлі вочы дзеда Алеся, калі ён расказваў пра сваё адзінае ў жыцці каханне, пра свой шчаслівы лёс. Захацелася падзяліцца, тымі успамінамі. Можа, каму цікава будзе?
На жаль, няма ў мяне іх фотаздымкаў. Прыгожая была пара! Напэўна, няма ужо і на свеце гэтых цудоўных людзей. Але жывуць сыны, унукі. Усім сэрцам веру, што лёс у іх шчаслівы, бо атрымалі яны ў спадчыну вялікі дар – уменне кахаць, верыць і даражыць адно адным праз усё жыццё.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.