banner

Каб памяталі: Яе імя ў гісторыі Свіслаччыны

28 Ноября’24
137

Наша свіслацкая зямля заўсёды была багатай на выдатных, знакамітых людзей, якія пакінулі яскравы след на сваім жыццёвым шляху, у гісторыі раёна. Сярод іх яркай зоркай зіхаціць імя і Анастасіі Цагельнік. Яна была грамадскім дзеячам, старшынёй Свіслацкага раённага Савета народных дэпутатаў, намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета БССР. І пры гэтым заставалася сціплым, шчырым, адкрытым чалавекам, ніколі не ўзвышала сябе над простымі людзьмі, гатова была кожнага выслухаць, кожнаму дапамагчы. На жаль, яе век быў нядоўгім. Яе сэрца перастала біцца 28 лістапада 1979 года. Але памяць аб ёй жыве. Іменем Анастасіі Цагельнік названа вуліца ў Свіслачы, аб ёй цёпла ўспамінаюць усе, каму пашчасціла хоць аднойчы сустрэцца з гэтай цудоўнай жанчынай, дакрануцца да яе светлай душы, пасуць ад яе мудрае слова.


Яна нарадзілася 28 жніўня 1928 года ў вёсцы Занкі Свіслацкага раёна ў сялянскай сям’і Канстанціна і Вольгі Крыштофікаў. З самага дзяцінства была прывучана да працы. Маці і бацька  вучылі ўсяму, што павінна была ўмець дзяўчынка, прарочыўшы ёй звычайны лёс жанчыны-сялянкі. Але, “не згадала матуля, што выйдзе з Алесі”.  Так пісаў калісь Янка Купала пра дзяўчынку Алесю. Але колькі такіх Алесяў выбралі для сябе іншы шлях і ўзмылі да самых зор. Так і Настачка. З дзіцячых гадоў, нягледзячы на тое, што прыходзілася цяжка працаваць, дапамагаць маці, бо бацька рана памёр, дзяўчынка старанна вучылася, шмат чытала, марыла атрымаць добрую адукацыю, а потым  і прафесію.

Да верасня 1939 года вучылася ў польскай школе, а пасля вераснёўскіх падзеяў – у Свіслацкай сярэдняй школе, пяць класаў якой скончыла перад Вялікай Айчыннай вайной, у 1941-м. 

У гады фашысцкай акупацыі жылося вельмі цяжка. Акрамя таго, сям’я знаходзілася пад пагрозай арышту. Таму што маці, Вольга Лук’янаўна, да вайны была сельскай актывісткай, дэпутатам сельскага Савета. На шчасце, сярод аднавяскоўцаў не знайшлося здраднікаў, і сям’я ўцалела.

Нялёгкім было жыццё  і пасля вайны. Юная Насця ўладкавалася рабочай на Свіслацкі маслазавод, дзе добрасумленна працавала. Там дзяўчына  становіцца камсамолкай, яе выбіраюць сакратаром камсамольскай арганізацыі. Актыўную маладую працаўніцу заўважылі раённыя ўлады і ў 1948 годзе па рэкамендацыі Свіслацкага РК ЛКСМБ Анастасію Крыштофік зацвярджаюць загадчыкам агульнага аддзела Свіслацкага райвыканкама. У хуткім часе яна – сакратар райвыканкама. На гэтай пасадзе асабліва праявіліся яе арганізатарскія здольнасці, уменне працаваць з людзьмі, знаходзіць з імі агульную мову.  У 50-я гады Анастасія выходзіць замуж за Мікалая Цагельніка. У сям’і нараджаецца сын Аляксандр. 

У 1962 годзе Анастасію Цагельнік вылучаюць  на работу ў Свіслацкі РК КПБ інструктарам, загадчыкам арганізацыйнага аддзела. Анастасія Канстанцінаўна з’яўлялася старшынёй жаночага  савета, актыўным арганізатарам правядзення першага раённага з’езда жанчын. З 1965 года яна ўзначальвае раённы камітэт  народнага кантролю. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 ліпеня 1966 года Анастасія Цагельнік узнагароджваецца медалём “За трудовую доблесть”.

Усе гэтыя гады яна бесперапынна вучылася. Закончыла сярэднюю вячэрнюю школу, потым Сапоцкінскі  зааветэрынарны тэхнікум, вышэйшую партыйную школу. З 1969 года і да апошніх дзён жыцця Анастасія Цагельнік працавала старшынёй Свіслацкага раённага Савета народных дэпутатаў. На гэтай пасадзе яе талент арганізатара развіўся яшчэ больш. Яна ніколі не лічылася з асабістым часам, усе свае намаганні і энергію аддавала на карысць раёна, людзей.

Анастасія Канстанцінаўна вельмі любіла Свіслач, шмат зрабіла для яе добраўпарадкавання. Яна не саромелася браць у рукі венік, граблі, асабістым прыкладам заахвочвала свіслачанаў выходзіць на суботнікі, наводзіць парадак каля дамоў, на вуліцах. Ёй была справа да ўсяго, што адбываецца ў раёне. Цікавілася работай усіх прадпрыемстваў, магазінаў, становішчам на будаўнічых пляцоўках, у калгасах, саўгасах. Клапацілася пра ветэранаў вайны, інвалідаў, састарэлых адзінокіх людзей. З кожным, хто да яе звяртаўся з якім бы там ні было пытаннем, яна гаварыла на роўных. Яе паважалі, з яе бралі прыклад, да яе прыходзілі за парадай. Нікому ніколі не адмовіла, не спаслалася на занятасць, на недахоп часу.

Сёння споўнілася 45 гадоў, як пакінула гэты свет Анастасія Канстанцінаўна Цагельнік.  Лёсам адмерана ёй было ўсяго 52 гады. Але і за гэтыя трошкі больш як паўвека яна шмат паспела зрабіць для Свіслацкага раёна, для людзей.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Предыдущая статья

Елена Стальбовская: «Экономические отношения между Беларусью и Казахстаном имеют стратегическое значение»