banner

Іх подзвіг мы не забудзем

17 Февраля’21
945


У гэтым годзе спаўнілася 32 гады з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і ў рамках рэспубліканскай дэкады грамадзянска-патрыятычных спраў «Афганістан у лёсах нашых землякоў» у Вердаміцкім ДС СШ прайшло адкрытае пасяджэнне клуба «Орден чести» «Іх подзвіг мы не забудзем».

Ваенна-патрыятычны клуб «Орден чести», які з 2003 года дзейнічае ва ўстанове адукацыі, сёння налічвае 16 вучняў 9–11 класаў. Асноўная яго дзейнасць накіравана на грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, падрыхтоўку да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і папулярызацыю здаровага ладу жыцця.

Пачатак мерапрыемству паклала наведванне школьнага музея «Ваенная гісторыя Беларусі», дзе адна за другой былі перавернуты старонкі Афганскай вайны.

Яркім момантам пасяджэння стала слайд-прэзентацыя «Жывая памяць». З экрана на сённяшніх хлопцаў і дзяўчат глядзелі твары выпускнікоў школы, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане і іншых гарачых кропках.

Лагічным прадаўжэннем мерапрыемства стаў агляд кніжна-ілюстрацыйнай выставы «Афганістан – незагойная рана».

Вядучая пасяджэння прапанавала аўдыторыі прыгадаць ваенныя падзеі, выкарыстоўваючы нататкі з часопісаў, фотаздымкі 80-х гадоў, кнігі пра воінаў-інтэрнацыяналістаў. Члены клуба ўспомнілі важныя паняцці «патрыёт», «абавязак», «гонар».

Навучэнцы мелі магчымасць сустрэцца анлайн з кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам кафедры фізічнага выхавання і спорту УА «Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт», ветэранам вайны ў Афганістане Паўлам Сняжыцкім. Менавіта пад яго кіраўніцтвам быў створаны клуб «Орден чести». З 2011 па 2015 гады Павел Уладіміравіч з’яўляўся дырэктарам Вердаміцкага ДС СШ.

Ад яго прагучаў шчыры наказ маладому пакаленню: «Дзейнічайце і рабіце ўчынкі, каб выклікаць узаемныя пачуцці любові і адданасці! Менавіта з гэтага і пачынаецца патрыятызм…Я веру ў ваш добры і сумленны пачатак. У вас усё атрымаецца. Кожны робіць па сваёй веры – верце ў дабрыню, любоў і сяброўства».

Страшакласнікі з заміраннем сэрца слухалі аповяд класнага кіраўніка Алены Грыка пра выпускніка школы, воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Залеўскага: «Ніколі больш не прынясе паштальён у дом № 21 у в. Лашавічы салдацкі трохвугольнік, падпісаны такім знаёмым почыркам. Не ўбачыць больш Валодзя Залеўскі тату, маму і браціка, сяброў, аднакласнікаў, так і не даведаецца, што ўзнагароджаны за мужнасць і гераізм ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа»…пасмяротна».

Абмяркоўваючы цяжкія вехі ваенных дзеянняў, прысутныя прыйшлі да адзінага меркавання: асноўная задача моладзі заключаецца ў захаванні гістарычнай памяці, пашаны і павагі да ўсіх салдат, хто ваяваў за мір і свабоду.

Арганізатары мерапрыемства ўпэўнены ў вартасці і значнасці такіх пасяджэнняў для падрастаючага пакалення, будучых абаронцаў Айчыны.

Выхаваць чалавека, які любіць сваю зямлю, свой народ і будзе гатовы да яе абароны – задача адказная. Дзякуючы дзейнасці клуба пашырыліся выхаваўчыя магчымасці ўстановы адукацыі, унесены змены ў арганізацыю вольнага часу школьнікаў, павялічылася рэзультатыўнасць удзелу ў ваенна-спартыўных мерапрыемствах, скіравана ўвага дарослага насельніцтва да грамадскага жыцця школы.

Навучэнцы з патрыятычнага клуба «Орден чести» ганарацца сваімі справамі, не збіраюцца спыняцца і лічаць, што галоўныя ініцыятывы яшчэ наперадзе.

Алена БАНДАРЧУК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вердаміцкага ДС СШ

Предыдущая статья

Нашим спортсменам все по плечу