
Што такое бацькоўская хата? Гэта цеплыня ад печы, дзе патрэскваюць дровы, а на пліце смажацца духмяныя аладкі, гэта пах свежага малака ў кубачку, гэта ласкавыя рукі матулі, якая будзіць раніцай дотыкам вуснаў, і татавы рукі, у якіх любая справа спорыцца. Гэта фотакарткі на сцяне, на якіх у адной рамцы і бабулі, і дзядулі, і ўся радня з дзецьмі, унукамі, праўнукамі. Гэта пах свежаспечаных пірагоў перад святамі, гэта агульная малітва перад абразамі, гэта ні з чым не параўнальны водар дзяцінства, юнацтва, які застаецца ў душы назаўсёды.
Куды б ні закінуў лёс, нават за сто тысяч кіламетраў, гэты водар час ад часубудзе аб сабе напамінаць. Не раз прысніцца клёкат буслоў над хатай, спеў пеўняна світанні, скрып калодзежа, у якім была найсмачнейшая вада на свеце, і сад, і вяргіні пад акном. Будуць сніцца матуліны шурпатыя, але такія цёплыя і пяшчотныя рукі, і пірагі на стале, і аладкі ў печы, і голас бацькі, такі родны, такі дарагі…
Ад добрых каранёў – добрыя парасткі
Дзмітрый Ківачыцкі, удзельнік грамадзянскай вайны, рана аўдавеў, сіротамі засталіся двое дзетак. Ім патрэбна была маці і выбар упаў на маладзенькую, невялічкую русакосую Марыйку. І дзяўчыне спадабаўся Дзмітрук. Хоць і быў ён значна старэйшы за яе, і ўдавец, але адчула яна ў ім роднасную душу. Ікалі хлопец прапанаваўёй руку і сэрца, доўга не думала і згадзілася.
Было вяселле. Не вельмі багатае, затое вясёлае, шумнае, з музыкай, танцамі, песнямі. Яго дзетак: дачушку і сына Марыя прыняла, як родных, стала для іх другой мамай.
Муж меў залатыя рукі. Сам пабудаваў дом, у якім нарадзіліся дачушкі Вера і Ніна. Дзеці раслі, атуленыя цеплынёй і пяшчотай. Бацька не піў, не курыў і брыдкае слова ніколі не злятала з яго вуснаў. Вельмі шанаваў маці, сваю любоў даказваўне словамі, а справамі. Дачушкі ганарыліся такім бацькам, ён быў для дзяўчат добрым прыкладам прыстойнасці, мудрасці, дабрыні. А мама – анёлам-ахоўнікам, святлом у акенцы, невычарпальнай крыніцай пяшчоты і ласкі.
Але час ляцеў, і прыйшоў той дзень, калі дачушкі адна за другой пакінулі хату.
– Старэйшая сястра Вера падалася ў Ленінград, – дзеліцца ўспамінамі Ніна Дзмітрыеўна. – Я праз два гады скончыла дзесяцігодку і паехала туды ж. Горад на Няве пакарыў мяне веліччу і прыгажосцю. Я наведвала тэатры, музеі, любіла прагуляцца, палюбавацца гістарычнымі помнікамі, дзівоснай архітэктурай. А аднойчы разам з сястрой пайшла на вечар адпачынку ў Дом афіцэраў. У параўнанні з Дабравольскім сельскім клубам, гэта быў сапраўдны палац, і я адчувала сябе трошкі ніякавата. А тут сястра шапнуламне на вуха: “Ніна, на цябе такі хлопец глядзіць, такі прыгажун!”Я агледзецца не паспела, дзе той прыгажун, а ён ужо стаяў насупраць і запрашаў на танец. Мы закружыліся ў вальсе.
Паклікаў далёкі горад Байканур
Хлопца звалі Анатолем, і быў ён курсантам Мажайкаўскай ваеннай акадэміі. Сустракацца Ніна з Анатолем маглі толькі, калі ён ішоўу звальняльную. Дысцыпліна ў будучых афіцэраў больш чым сур’ёзная, таму спатканні былі не так часта, як хацелася.
І вось акадэмія скончана, на плячах у Анатоля Лапаціна пагоны лейтэнанта. Можна і пад вянец. Вяселле справілі ў Ленінградзе. Шумнае, вясёлае! Але і ў Дабраволю Ніна прывезла мужа, каб пазнаёміць яго з тым куточкам, адкуль яна вылецела на сустрэчу са сваім лёсам.
Накіраванне на службу Анатоль атрымаў у горад Байканур. Служба была вельмі сур’ёзнай і адказнай. А Ніна стала надзейным тылам мужа, старалася зрабіць іх сямейнае гняздо ўтульным, прыгожым, цёплым, каб назаўсёды прапісалася ў ім шчасце.
Праз год Ніна падарыла мужу дачушку Наталлю, а яшчэ праз два – сыночка Максіма. На тую пару ўжо не стала Нінінага бацькі. Маці ў вёсцы заставалася адна. Туды ляцелі поўныя любові лісты. Ніна старалася падтрымаць матулю, унучаняты пасылалі ёй вясёлыя малюнкі, каб бабулька не сумавала. Ніна скончыла тэхнікум з чырвоным дыпломам і працавала ў будаўнічым глаўку інжынерам. Кожны год у час водпуску ўся сям’я прыязджала ў Дабраволю. Гэта было найлепшае месца для адпачынку, бо тут чакала мама, вабіла да сябе векавая Белавежская пушча, дзе Ніне з маленства была знаёма кожная сцежачка. З задавальненнем ехалі да бабулі і Наталька з Максімам. Унучаняты не толькі бавілі час, гуляючы з вясковымі дзецьмі, а і дапамагалі палоць грады, хадзілі ў лес па грыбы і ягады, разам з бабуляй выпякалі бліны, рабілі хатнюю каўбасу, варылі варэнне. А вечарам усе разам пілі чай з зёлкамі, дзяліліся ўражаннямі за пражыты дзень і соладка засыналі пад спеў салоўкі ў садзе. Словам, шчаслівае ва ўнукаў было дзяцінства, што там казаць.
Гаіў раны родны куточак
У Байкануры Анатоль адслужыў 25 гадоў і звольніўся са службы ў званні палкоўніка. Сям’я атрымала кватэру ў горадзе Калуга пад Масквою. Ніна з Анатолем пераехалі. А дзеці засталіся ў Казахстане. На той час яны былі ўжо дарослымі.Сын пайшоў па слядах бацькі. Скончыў ваенную акадэмію і служыў у Байкануры. Дачка звязала свой лёс таксама з чалавекам у пагонах. І яе мужа завуць Анатолем.
Але нядоўга давялося пажыць Ніне з Анатолем ў Падмаскоўі. У 1995 годзе перастала біцца сэрца мужа. Ніна засталася ўдавой. Ёй здавалася тады, што згасла сонца і свет рухнуў. Яна прыходзіла да сябе вельмі доўга, душа балела нясцерпна. Але яна была не проста ўдавой. Яна была ўдавой афіцэра. Гэта шмат да чаго абавязвала. І на людзях Ніна старалася не паказваць свае боль і смутак. Толькі калі заставалася адна, давала волю слязам.
У Дабраволі заставалася мама. Пераязджаць да дачкі ў Калугу, яна наадрэз адмовілася. А здароўе тым часам слабела. Усё часцей далягалі розныя хваробы – старасць брала сваё.
І тады Ніна вырашала звольніцца з працы, пакінуць гарадскую кватэру і пераехаць у Дабраволю. Родная вёска і любы сэрцу куточак дапамаглізагаіць глыбокую рану. Усю сваю любоў і пяшчоту Ніна аддавала любай матулі.
Адзінаццаць гадоў даглядала дачка старэнькую маці. Яна была атулена цеплынёй і ўвагай. Дачка ўгадвала наперад любое жаданне маці, усім сэрцам была аддана самаму роднаму чалавеку ў свеце. У водпуск па-ранейшаму прыязджалі дзеці, унукі. Дзякуючы добраму дагляду, бабуля Марыя пражыла на свеце 89 гадоў. Калі яе не стала, боль другі раз пякельным агнём абпаліўНініна сэрца. І зноў здавалася, што не здолее перажыць такую страту, такі невыносны адчай.
Няма лепшага месца на свеце
Ніна вярнулася ў Калугу. Неяк патроху станавілася лягчэй.Але ўсё часцей снілася хата ў Дабраволі, і душа рвалася туды, не давала спакою. Аб тым, што дом можна прадаць, нават не дапускала думкі. І было прынята рашэнне ўладкаваць там дачу. Задумана – зроблена! І вось ужо васямнаццаць гадоў запар кожнай вясной Ніна Дзмітрыеўна прыязджае ў родную вёску. Разам з ёю спадарожнічаюць дачка Наталля з зяцем і малодшым сынам Аляксеем. Хлопец з залатым медалём скончыў школу. Вучыцца ў МДТУ імя М. Э. Баўмана на інжынера-канструктара ракетна-касмічнай тэхнікі. Не дзіўна. Хіба мог Лёша выбраць другую прафесію, меўшы такіх слаўных дзеда і бацьку?!
Тут, у пушчанскім куточку, усе яны адпачываюць душой і целам, дыхаюць свежым паветрам, атрымліваюць асалоду ад чароўнага паху лясных і палявых кветак, ад птушынага спеву, назіраюць, як раніцай ўстае з-за лесу сонейка, а вечарам хаваецца за векавымі дубамі і соснамі. Тут, у вёсцы, яны жывуць поўным жыццём, набіраюцца сілы і натхнення да будучага лета.
– Я ўжо каторы год прыязджаю сюды, – гаворыць зяць Ніны Дзмітрыеўны Анатоль. – Я нарадзіўся ў горадзе, але мне ў Дабраволі ўсё такое роднае, блізкае і дарагое. Тут жывуць сціплыя, добрыя, гасцінныя людзі. Вось, напрыклад, суседка наша Марыя Яўгеньеўна Янюк – цуд-жанчына. Штодзень нясе нам якія-небудзь пачастункі. Ці проста прыходзіць пагутарыць. Мы вельмі ўдзячныяі Анатолю Ярашу, які шмат у чым нам дапамагаў. Залатыя рукі мае гэты чалавек і сэрца такое ж. А мы ж сюды не толькі адпачываць прыязджаем. Вось хата змяніла свій воблік. Мы яе пафарбавалі, памянялі электраправодку, у хаце зрабілі рамонт. Сёе-тое абнавілі. Вясною прыязджаем і садзім агарод, даглядаем яго. Восенню ад’язджаем у горад са сваім ураджаем. А гэта ж так прыемна, ведаць, што бурачок, цыбулька ці морквачка вырашчанаўласнымі рукамі! Любім па ягады хадзіць, па грыбы, сушым, робім нарыхтоўкі. Усё гэта прыносіцьвялікае задавальненне. І да наступнай вясны жывём добрымі ўспамінаміі пра Дабраволю, і пра вяскоўцаў, і пра Беларусь, якую любім усім сэрцам. Я наогул, нягледзячы на тое, што з’яўляюся ваенным чалавекам, у душы вельмі сентыментальны. І Беларусь для мяне стала роднай. Такая ціхая, чыстая старонка, такая гасцінная і адкрытая. Вось пашчасціла пабываць на свяце “Бацькава булка”. Дык столькі уражанняў было, што перадаць не магу. Слухаў “Песняроў” – і проста да слёз быў уражаны. Гэта я зусёй шчырасцю вам кажу, ніколькі не перабольшваю.
Я слухала Анатоля Максімавіча і верыла кожнаму слову. Сапраўды, як можна не любіць нашу сінявокую Беларусь, як можна не захапляцца ёю?!
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фото аўтара






