
Каму хоць раз давялося быць у Кусянцах, той не мог не заўважыць на ўездзе ў вёску тры вялікія крыжы. Гэта абярэг, які дзесяцігоддзямі ахоўвае сяло ад розных няшчасцяў і навалаў. І маюць гэтыя крыжы сваю дзіўную гісторыю, якая гадамі перадаецца з вуснаў у вусны. І па ўспамінах старажылаў вось як гэта было.
Бушавала вайна. Людзі жылі ў страху за сябе, за дзяцей. На ўсіх адна бяда была, барані Бог, каб яшчэ калі такая каго спаткала.
Людзі ў вёсцы жылі дружна. Як адна вялікая сям’я. Былі ў вёсцы і дэпутаты, і з партызанамі звязаныя, але ніхто нікога не выдаў. Нават солтыс, якога назначылі немцы, гарой за людзей стаяў.
Немцаў у Кусянцах не было, толькі ў Поразаве, але гэта ж зусім блізка. Не сказаць, каб вельмі часта ў вёску прыходзілі, але часам наведваліся. Хадзілі па дварах, курэй стралялі, правяралі, ці карова дае малако, ці ёсць свіння ў хляве, патрабавалі аддаваць малако, мяса, праўда, іншы раз дазвалялі і сабе трохі пакінуць.
А потым па вёсках пагалоска прайшла, што калі за адну ноч у вёсцы ўзвесці тры крыжы, то любая бяда яе абміне, ніхто не загіне. І тады неяк вечарам сабраліся разам усе жыхары на вясковую раду. Параіліся, падзяліліся на тры групы і ўзяліся за працу. Мужчыны ў лес падаліся дрэвы высокія пілаваць, а потым габлявалі іх, збівалі крыжы ды ўстанаўлівалі на горцы ў пачатку вёскі. Жанчыны павінны былі лён высушыць, нацерці, патрапаць, начасаць, спрасці і выткаць рушнікі, каб тыя крыжы абвязаць. І гэта ўсё за адну ноч! На самым досвітку ў сяле ўжо ўзвышаліся тры высачэзныя крыжы, абвязаныя ільнянымі рушнікамі.
І што вы думаеце? Дзякуй Богу, за ўсю вайну не было выпадку, каб каго забілі ў вёсцы. Мінавалі тое сяло расстрэлы і здзекі. А ў суседніх вёсках чаго толькі не здаралася.
Калі ўжо немцы пачалі адступаць у 1944-м, усе вяскоўцы ў зямлянках хаваліся, бо страляніна была страшэнная, снарады падалі, бомбы рваліся. Вось сядзяць людзі ў тых зямлянках, а немцы з боку ракі агнём хлявы паліваюць. Гараць саламяныя стрэхі, вось-вось агонь на хаты перакінецца. І не ўтрывалі вяскоўцы, кінуліся тушыць свае хлявы, каб хаты ўратаваць, не пусціць да іх агню. І ўратавалі ж. Толькі хлявы згарэлі, а хаты ўсе ўцалелі. А ад суседніх Кавалёў толькі галавешкі засталіся ды печы абгарэлыя.
Пасля вызвалення, у 1944-м, усе мужыкі пайшлі на фронт. Засталіся толькі старыя бабулі ды дзеці. Плакалі, галасілі мацяркі, жонкі, выпраўляючы з хаты сыноў, мужчын. І Богу маліліся, каб убярог, каб жывымі вярнуліся дадому.
І вы не паверыце! Усе кусянцоўскія мужыкі вярнуліся дадому. Хто куляй не крануты нават, хто паранены, хто хворы, але жывыя.
А тры крыжы і сёння стаяць. Толькі гэта ўжо іншыя. Тыя, што ў вайну ставілі, струхнелі. Дык на іх месца мужчыны новыя паставілі. Кусянцоўцы да гэтай пары лічаць іх святым абярэгам, абаронай ад усіх бедаў.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара