Галоўны рэдактар «Свіслацкай газеты» Марына Янюк: «Наша задача – быць аб'ектыўнымі і карыснымі вам, дарагія чытачы»

05 Мая’25
444


Галоўны рэдактар «Свіслацкай газеты» Марына Янюк:

– Зноў Дзень друку – прафесійнае свята журналістаў і паліграфістаў. У гэты дзень ушаноўваюцца тыя, хто нястомна працуе над стварэннем інфармацыі, хто нясе слова ў масы.

Друкаванае слова ва ўсе часы мела важнае значэнне ў жыцці грамадства. Перадаючы дыханне эпохі, адлюстроўваючы значныя і паўсядзённыя падзеі, журналісты дапамагаюць людзям адчуваць пульс часу і жыцця. Яны заўсёды знаходзіліся на вастрыі часу, але цяпер гэтае «вастрыё» стала, вобразна кажучы, яшчэ больш вострым і тонкім. Трэба ісці, а дакладней, бегчы ў нагу з часам.

Нягледзячы на тое, што “Свіслацкая газета” мае свой сайт, прадстаўлена ва ўсіх сацыяльных сетках і месанджарах, папяровая версія газеты па-ранейшаму запатрабавана ў чытачоў.

Так, час не стаіць на месцы, усё змяняецца і ўдасканальваецца. Роўна два гады, як раённая газета выходзіць у новым фармаце – у складзе абласнога ўнітарнага інфармацыйна-рэкламнага прадпрыемства “Рэдакцыя газеты “Гродзенская праўда”. Чытачы атрымліваюць адразу два выданні – “Свіслацкую газету” і Гродзенскую праўду”. А гэта больш інфармацыі як рэспубліканскага, так абласнога і раённага значэння. Змяняецца від раёнкі, падача матэрыялу, а ўсё для таго, каб прыйсці да чытача самай цікавай і любімай газетай.  

У рэдакцыі сваё жыццё, свой рытм, свая атмасфера. Тут мы чэрпаем сілы для творчасці і пішам гісторыю раёна. А дапамагаеце нам у гэтым вы, нашы паважаныя чытачы. Падказваеце тэмы, адрасы добрых спраў і тыя, дзе патрэбна крытычна падысці да сітуацыі, каб яна ў выніку была выпраўлена. 

“Свіслацкая газета” па-ранейшаму будзе прыходзіць у вашыя дамы жаданай і цікавай. Наша задача – разам з органамі мясцовай улады зрабіць раён прывабным месцам для пражывання. На гэта і накіроўвае свае намаганні калектыў "Свіслацкай газеты". Мэта газеты – быць запатрабаванай і карыснай, даносіць праўдзівую інфармацыю, паказваць навакольны свет ва ўсіх яго праявах.

Напярэдадні прафе-сійнага свята хочацца падзякаваць усім нашым сябрам – падпісчыкам і чытачам – за любоў да газеты і павіншаваць са святам, бо ўсё, што мы робім, гэта для вас. Дзякуй вам за падтрымку і разуменне.

З Днём друку ўсіх, хто мае дачыненне да выхаду газеты. Асобныя словы падзякі і віншаванняў ветэранам рэдакцыі і друкарні, тым, хто прысвяціў сябе нялёгкай, але такой неабходнай працы. Творчага вам натхнення, невычэрпнай энергіі і прафесійных поспехаў.

Предыдущая статья

Памятка для родителей по вопросам половой неприкосновенности детей