Дзевяноста вёсен Веры Яроцкай. У рубрыцы «Твае людзі, вёска» расказваем пра жыцце працавітай жанцычы

31 Мая’25
425
Кожны раз, калі сустракаюся з пасівелымі бабулькамі ці дзядулькамі, дзякую лёсу за такую сустрэчу. Гэта людзі, якім давялося прайсці праз цяжкія выпрабаванні, сустрэць на сваім шляху шмат болю, горычы і страт, але яны не зачарсцвелі душою, не згубілі прагі да жыцця. Яны ў свае восемдзесят і дзевяноста захоўваюць бадзёрасць духу, аптымізм і жыццялюбства.

Чарговая такая сустрэча адбылася ў мяне з Верай Канстанцінаўнай Яроцкай з вёскі Манчыцы. Добрая, сціплая, працавітая жанчына. У красавіку бабуля адзначыла 90-гадовы юбілей. У гэты дзень у яе хаце сабраліся родныя, блізкія людзі: сыны з нявесткамі, унукі, праўнукі і нават прапраўнук. Гучалі шчырыя віншаванні і самыя добрыя пажаданні ў адрас імянінніцы. Яна слухала, і сэрца напаўнялася дзіўным святлом, а вочы – слязьмі радасці. 



Бо як гэта прыемна – адчуваць сябе шчаслівай  маці, бабуляй!

Родам з ваеннага дзяцінства

Яна нарадзілася ў вёсцы Глушкі і была старэйшай у сям’і. Вядома, што старэйшаму дзіцяці заўсёды найбольш прыходзілася і працаваць, і малодшых няньчыць. У сям’і Калачоў, акрамя Веры, былі яшчэ два хлопчыкі – Васіль і Пётр, і дзяўчынка Леначка. Жылі сціпла, але дружна, бацькі любілі дзяцей, стараліся, каб выраслі яны сумленнымі, працавітым і добрымі. 

Калі Веры споўнілася шэсць гадоў, чорная хмара вайны засланіла неба і адабрала дзяцінства. Верынага бацьку і іншых мужыкоў з вёскі прымусілі вартаваць чыгунку. Аднойчы, калі на варце стаяў бацька і мамін брат, партызаны падышлі да іх і сказалі, каб на нейкі час адышлі далей, бо яны будуць узрываць. І ўзарвалі нямецкі цягнік. Немцы схапілі бацьку з дзядзькам, доўга мучылі, здзекваліся, білі. Яны не прызналіся. Дзякуй Богу, праз трое сутак адпусцілі. 

– Немцы па хатах хадзілі, збіралі яйкі, малако, іншыя прадукты, – успамінае Вера Канстанцінаўна. – Мы вельмі баяліся іх, бо гэта не людзі былі, а горшыя за звяроў.  

Калі ўжо адступалі, у сорак чацвёртым, солтыс загадаў вяскоўцам збірацца, бо ўсіх павязуць у Ломжу. Але людзі пачалі ў лес уцякаць, і мы таксама. Бацькі выкапалі зямлянку, і мы хаваліся ў ёй. Каб вы ведалі, як было страшна! Два тыдні хаваліся людзі ў лесе. Прапалі тады двое дзетак. Іх так і не знайшлі…

Нашы Глушкі ўцалелі, а суседнюю вёс-ку Бязводнікі спалілі. Людзі без даху над галавой засталіся, але дзякавалі Богу, што жывыя.  
У канцы ліпеня тату забралі на фронт, а ў верасні ў нас з’явілася яшчэ адна сястрычка. Назвалі яе Кацярынкай, у гонар легендарнай “Кацюшы”. 
Пасля перамогі тата  вярнуўся дадому. Увесь быў пасечаны асколкамі, аднаго вока зусім не было, а другое ледзь-ледзь бачыла.

Мы з Глушок перабраліся ў Манчыцы. Дакладней, на хутар каля вёскі. Там жыла бабуля, татава мама. Перавезлі  туды дом з Глушкоў і там засталіся. Нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей – Галя, Коля, Міша і Валодзя. Я няпоўны год вучылася ў Глушках і няпоўны – у Палонцы. Не было мне калі вучыцца. Дапамагала малодшых дзяцей гадаваць. Цяжка нам было, што тут гаварыць…

Жыццё працягвалася

Вера ў пятнаццаць гадоў пайшла працаваць у калгас. Ніхто не глядзеў на ўзрост дзяўчынкі. Прыходзілася і араць, і сеяць, і шмат іншай цяжкай працы выконваць. Сеялі табак, потым рвалі, сушылі ў гумне, здавалі ў калгас. Лён таксама сеялі, рвалі, слалі, малацілі. Бульбу садзілі рукамі, потым рукамі выкопвалі. Балота капалі, рабілі кампосты з торфа для ўгнаення поля. І гэта ўсё за працадні. У канцы года за такую працу жменю зерня атрымлівалі. 

– Але ж маладая была, спрытная, – працягвае бабуля Вера. – Днём напрацуешся, а вечарам на вячоркі хочацца. Забываліся пра тое, што праца цяжкая, песні спявалі, прыпеўкі, танчылі, жартавалі. Усе мы былі дзецьмі вайны, але ніхто тады не хацеў пра яе ўспамінаць. Жыццё працягвалася!

У маі 1955-га прыйшоў да Веры ў сваты Іван Ярош. У той дзень акурат малодшага брата ў армію адпраўлялі. Вера дала згоду, і ў верасні маладыя распісаліся. Жылі спачатку ў свякроўкі, а ў тае яшчэ пяцёра дзяцей было. Праз год Вера нарадзіла першага сыночка Пецю. Потым адзін за другім нарадзіліся яшчэ тры сыны – Саша, Валера і Сярожа.  

Любоўю плацяць за любоў

Вера Канстанцінаўна працавала ў паляводстве, яе муж – трактарыстам. Абое паважанымі людзьмі былі ў мясцовай гаспадарцы, мелі шмат падзяк і ганаровых грамат. Вера Канстанцінаўна ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”. 

Выраслі сыны, адслужылі армію. Вярнуліся памужнелымі, прыгожымі хлопцамі. Адзін за другім ажаніліся, падарылі матулі ўнукаў. На сённяшні час у бабулі Веры 7 унукаў, 11 праўнукаў і нават адзін прапраўнук.

– Яны мая радасць і шчасце, маё найвялікшае багацце, – гаворыць Вера Канстанцінаўна. – Я іх вельмі люблю, а яны плацяць такой жа любоўю. Зараз са мной старэйшы сынок жыве – Пеця. Ён так аберагае мяне, шкадуе. Сам гатуе ежу, даглядае, дбае пра маё здароўе. Я так удзячна яму. А сынок Саша ўжо пакінуў гэты свет. У Чарнобылі быў пасля выбуху, вось і адбілася на здароўі... Сяргей і Валера – у Свіслачы. Часта прыязджаюць, тэлефануюць. Добрыя ў мяне сыны, ні за аднаго не было сорамна. Хоць я за працаю часу мела няшмат, але яны ў любові раслі, я ім усю душу аддавала. А мужа ўжо 27 гадоў няма на свеце.

Я паглядала на бабульку і цешылася разам з ёю. Тым, што  дастойных сыноў выгадавала, дачакалася ўнукаў, праўнукаў, прапраўнука. Тым, што пражыла сваё жыццё годна, самааддана працавала, чым заслужыла падзяку і пашану. 

Ядвіга КОБРЫНЕЦ 
Фота аўтара

Предыдущая статья

Будут ли в Беларуси ограничивать прием и продажу долларов старого образца, рассказал глава Нацбанка