Зноў кліча дарога. Едзем у вёску Дарані Ханявіцкага сельсавета. Яна ўжо паўпустая. Уздоўж дарогі густыя зараслі, са здзічэлых яблынь ападаюць проста на вуліцу спелыя яблыкі, іх ніхто не збірае. Ціха-ціха, чутно толькі, як недзе пад самымі аблокамі пяе жаўранак і ў даўно пакінутым саде стракоча сарока. Пачула, як хтосці кагосці папярэдзіў: будзьце ўважлівы – прыйшлі чужыя. Але мы не збіраемся нікога крыўдзіціь, мы едзем у вёску, каб знайсці відавочцаў далёкіх страшэнных падзей вясны 1944 года, калі тут адбылася крывавая расправа над людзьмі і нават дзецьмі. Падумалася: а можа, і тады так стракаталі сарокі, папярэджваючы аб набліжэнні чужынцаў, крычалі на сваёй сарочай мове: “Хавайцеся, уцякайце, ратуйце дзяцей!” А вёска жыла, мітусіліся гаспадынькі каля печы, мужыкі кляпалі косы, дзеткі бегалі па двары, а сарокі ўсё стракаталі і стракаталі, а бяда ўсё набліжалася і набліжалася. У вёску ехалі немцы. На расправу
з сем’ямі партызанаў…
Плач над Рэдкім гаем
На жаль, у Даранях мы не знайшлі нікога з відавочцаў той трагедыі. Вяртаемся ў Дашкавічы. Гэта зусім недалёка. Там яшчэ засталася сведка тых чорных дзён. Едзем да яе.
Марыі Сцяпанаўне Брыш 93 гады. Даглядаюць бабульку сын і дачка. Яна атулена цеплынёй і ўвагай, любоўю і клопатам. Ужо амаль не ходзіць, гады прыгінаюць да зямлі, а розум ясны, і памяць – дай Божа кожнаму. Ёсць у той чарадзе памяці такія моманты, якія ёй хацелася б выкрэсліць, выразаць, вырваць, але чым больш гадкоў наматваецца на клубок жыцця, тым часцей яны ажываюць.
Сівенькая, у квяцістай хустачцы, яна сядзіць на краю ложка, а яе памяць бярэ мяне за руку і вядзе па скрыжалях лёсу ў мінулае. Туды, дзе па ваенных сцежках да сёння блукае гаротнае дзяцінства дзяўчынкі Марыі…
– Што мне найбольш запомнілася? – пытаецца бабуля Марыя. – Шмат чаго, услухайцеся, буду расказваць. Прышлі немцы, пачалі ўстанаўліваць свае парадкі. Страх наганялі, не было дня спакойнага. Нехта расстраляў сям’ю Касцюкоў, бо іх старэйшы сын Аляксандр падаўся ў паліцаі. Сёння ўдакладніць, хто ўчыніў тую расправу, ужо немагчыма. Большасць схілялася да думкі, што гэта банда, якая выдавала сябе за пратызанаў, забівала людзей, рабавала іх. Сапраўды, была такая банда, бацькі мае расказвалі, людзі з вёскі. Партызаны таксама прыходзілі, але яны не рабавалі і не стралялі вяскоўцаў. Дык вось. Неяк ноччу ўварваліся тыя бандыты ў дом да Касцюкоў, выгналі ўсіх з хаты: бацьку, маці, сына Васіля і дзве дачкі, Алену і Марыю. Аляксандра сярод іх не было, ён служыў паліцаем у Ізабеліне. Паставілі ўсіх у радок і пастралялі. Але малодшы сын Васіль цудам застаўся жывы, яго толькі моцна паранілі. Хадзілі чуткі, што гэта ён потым далажыў солтысу аб расстрэле. Але хто ведае цяпер, як там было. Немцы забралі параненага Васіля, павезлі ў шпіталь у Ізабелін. Касцюкоў хавалі ўсім сялом, людзі ішлі за трунамі, усе наўзрыд плакалі, бо шкадавалі іх, асабліва маладых дзяўчат, якія загінулі ні за што.
Солтыс тым часам пайшоў да немцаў, сказаў ім, што гэта партызаны расправіліся з сям’ёй. І тады ў Дарані прыехалі немцы. Сагналі людзей, якія былі звязаны з ляснымі мсціўцамі. Таксама хтось выдаў. Забралі Івана Тарановіча з жонкай і сынам. Іван хацеў сыночка суседзям аддаць, падштурхнуў яго, каб бег, каб ратаваўся, але немец убачыў і вярнуў таго хлопчыка назад. На хутары Мічэйкі жылі, дык усіх павыганялі, чалавек з дзесяць. Аляксандра Біча з жонкаю і сынам. Да Краўчанкі Вольгі пайшлі. Яе мужык таксама партызаніў. Яна ўбачыла, што немцы ідуць, і наўцёкі. Немцы забралі яе маці з маленькім сыночкам Толікам. Павялі ўсіх да кар’ера, дзе сасонкі рэдкія раслі. Людзі яго Рэдкім гаем называлі. Там паставілі ў радок і пастралялі. Жанчына адна з маленькім дзіцяткам была, дык калі яе застрэлілі, яна ўпала ў той кар’ер, а дзіцятка жывое разам з ёю. Немцы яго нават забіваць не сталі. На дзіця тое потым другія забітыя пападалі. З мёртвых мужыкоў немцы боты сцягвалі, вопратку. Людзі з вёскі пазбягаліся туды, бо чулі, што страляюць. Немцы казалі, што можна забраць тыя боты, вопратку з забітых, але ніхто нават не дакрануўся. Там такі енк стаяў, жанчыны галасілі, дзеці крычалі.
Ах, Божа, што там рабілася! Мой бацька там быў. Немцы яшчэ раніцай да нас прыходзілі, загадалі бацьку, каб ішоў з лапатаю да кар’ера, і другіх мужыкоў сабралі туды. Тата, калі вярнуўся дадому, месца сабе знайсці не мог. Расказваў, як там усё было, плакаў. У вачах яго стаяла тое дзіцятка, што жывым закапалі, і ўсе расстраляныя. Усе ж знаёмыя былі, свае людзі.18 душ тады загубілі немцы. Двум самым старэйшым – Аляксандру Бічу і Ігнату Мічэйка было па 73 гады, а самым малодшанькім – Сярожы Мічэйка і Валечцы Пятровай – усяго па гадочку. Вольга Краўчанка ўвесь гэты час хавалася, яна чула страляніну тую, але не ведала, што і сыночка, і маці там загубілі. Гаравала вельмі. Ужо потым, пасля вайны, усіх перазахавалі на могілках. Стаяць там помнікі па загінулым.
Сшытак з успамінамі
Марыя Фёдараўна Малюк насіла ў сабе ўспаміны пра вайну шмат гадоў. Яны раз-пораз трывожылі, адгукаліся болем у сэрцы, нібы недзе там, унутры, застаўся асколачак ад вайны, як ад снарада. Жанчына прагнула падзяліцца гэтымі ўспамінамі, а перад тым, як пакінуць гэты свет, узяла старэнькі свой сшытак, дзе калісьці ў маладосці запісвала любімыя песні, вершы, і на паперу вылажыла ўсё, што дзесяцігоддзямі востра апякала сэрца. Ляжыць той пацёрты сшытак перада мной, я гартаю яго, і ўспаміны бабулькі, якая пісала гэтыя радкі, становяцца маімі ўспамінамі. Можа, яна прыйдзе да мяне ў сны, і мы з ёю разам прачытаем іх на старонках газеты.
– Нас у мамы з татам было пяцёра, – пісала яна. – Усе дзяўчынкі. Самая старэйшая памерла зусім маленькай. Мы жылі ў вёсцы Масева. Гэта каля самай Белавежскай пушчы. У той дзень, калі вайна пачалася, мама хлеб замясіла, а тата паехаў па сена. Людзі ў вёсцы гаварылі: “Вайна, вайна”, – а мы, дзеці, яшчэ не разумелі, што гэта такое. А праз тыдзень немцы ўсіх сабралі і сказалі, што будуць вывозіць з вёскі. Загадалі хутка сабрацца, узяць самае неабходнае. Мы ехалі на падводах, а вёска наша, Масева, ужо палала агнём. 150 двароў у тым агні згарэлі. Адны галавешкі засталіся ад Масева. Завезлі нас за Поразава, высадзілі ў рове каля Саванёў. Прыйшоў саванёўскі солтыс, размясціў нас па хатах. Нас і яшчэ дзве сям’і пасялілі да Пастарчукоў. Там жыла жанчына з дачкою. Не памятаю іх прозвішча. Нехта прынёс і кінуў на падлогу куль саломы. Мы, дзеці, на той саломе спалі. А дарослыя ў гумне размясціліся. Мы хутка з’елі, што з сабою ўзялі, і сядзелі галодныя. Мама пайшла па вёсках жабраваць. Потым бацькі працу шукалі. Іх не хацелі браць, бо вялікая сям’я. Але нарэшце ў маёнтку Паўлаўшчына прынялі іх з умовай, што дзеці будуць таксама працаваць. Двое – за аднаго. Старэйшыя сёстры –дванаццацігадовая Люба і адзінаццацігадовая Надзя працавалі. Потым нам далі жыллё ў панскіх бараках. Два пакоі на дзве сям’і. У большым жылі мы, а ў меньшым – сям’я Пятрэнка. З імі яшчэ баба Ганна жыла.
Недалёка ад нас жыла сям’я Касцюкоў. Адзін з сыноў пайшоў служыць да немцаў у паліцыю. Аднаго разу здарылася трагедыя. Бандыты, якія выдавалі сябе за партызанаў, пастралялі ўсю сям’ю Касцюкоў. Адзін толькі сын Васіль застаўся жывым. Ён расказаў солтысу, як ўсё было. А солтыс сказаў немцам, што гэта партызаны расстрэл учынілі. Немцы забралі тыя сем’і, якіх падазравалі ў сувязі з партызанамі, і пастралялі. У кар’еры каля Рэдкага гаю палягло 18 чалавек. Немцы нават дзетак маленькіх не пашкадавалі. Страх, што рабілася тады. Як такое забудзецца? Гэта ж не ў кіно паказвалі, гэта я на свае вочы бачыла. Тыя страшэнныя “кадры” столькі гадоў у галаве круцяцца і круцяцца, і канца ім няма.
Калі немцы адступалі, то нашы салдаты стаялі ля ракі за Дашкавічамі, а немцы – на гары за Паўлаўшчынай. Была перастрэлка, а мы акурат пасярэдзіне. Снарады праз галовы ляталі. Мы схаваліся ў склеп. Немцы века таго склепа падпалілі, а самі размясціліся вакол. Мы ўжо задыхаліся ад дыму і, хоць страшна было вельмі, але пачалі вылазіць. Немцы, смяяліся над намі. Пад вечар яны пайшлі з вёскі. Забралі ў нас з куфра кужолнае палатно. У іх бінтоў не хапала. З лесу прыйшоў тата. Прынёс нам малако. Мы цешыліся. Тата сказаў, каб ў тую ноч мы не распальвалі агонь, і каб спалі на двары. Мы схаваліся за вялікім кустом бэзу. Ноччу лятялі самалёты, бамбілі. У вёсцы гарэлі дамы. У канцы Дашкавічаў стаяў яўрэйскі дом. Туды пайшлі начаваць людзі, у якіх дамы згарэлі. Немцы ўбачылі ў вокнах святло, кінулі на яго бомбы. Усе, хто там быў, загінулі.
На другі дзень ужо ўсё сціхла. Вярнуўся тата і Пятрэнкі. Прыйшлі савецкія салдаты, папрасілі ў таты каня. Тата аддаў, а нам узамен далі другога, толькі ён трохі кульгаў.
І пасля вайны было цяжка. Бацька наш хварэў, за плугам яму цяжка было хадзіць. Хутка тата памёр. А перад смерцю маме сказаў, каб дзеці абавязкова вучыліся, як бы ні было цяжка. Мама абяцала і слова сваё стрымала. Я вывучылася, пайшла замуж, жыла ў Жалудку Шчучынскага раёна. Але дзяцінства маё засталося там, у маёнтку Паўлаўшчына каля вёскі Дашкавічы.
Ядвіга Кобрынец
Фота аўтара
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»