З гэтай хаты падняліся на крылы шасцёра дзяцей. І бацькі, выпраўляючы дачок і сыноў у вялікі свет, ведалі, сорамна ні за аднаго не будзе. Таму што з малых гадоў укладваліся ў дзіцячыя галовы ісціны, што самыя галоўныя каштоўнасці чалавека – гэта вера ў Бога, добрае імя і працавітыя рукі. З гэтым скарбам і сёння ідуць па жыцці дзеці Іосіфа і Марыі Саўко. Бацькі, на жаль, адышлі ў нябыт, але іх светлыя імёны, як паходня, асвятляюць шлях тых, каму яны далі жыццё, каго гадавалі і вучылі “людзьмі звацца”.
Хата, якую бацькі збудавалі ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя, выглядае сёння так, нібы ўчора тут адсвяткавалі наваселле, і цешыць вока кожнага, хто прыязджае ў вёску Навасёлкі. У ёй зараз жыве дачка Эмілія. Гэта яна не магла дапусціць думку, што родны куточак, абжыты бацькамі, застанецца пакінутым, занядбаным. Ён, зрэшты, ніколі такім і не быў. Дзеці прыязджалі часта: хлопцы касілі траву, дзяўчаты мылі вокны, прыбіралі хату. Але потым раз’язджаліся, і хатка зноў сумавала, зноў глядзела на дарогу цёмнымі вокнамі і чакала, чакала… На шчасце, не дарэмным было тое чаканне.
Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Эмілія Саўко вырашыла пакінуць у Мінску сваю гарадскую кватэру з усімі выгодамі, з супермаркетамі пад акном, і іншым камфортам. Прыйшоў час падарыць новае жыццё старэнькай хаце ў родных Навасёлках. Задумана – зроблена. І дацэнт БДУ, кандыдат навук, аўтар больш як 500 навуковых работ вяртаецца ў вёску, дзе прайшло басаногае дзяцінства, куды ўсе гады клікаў і клікаў звонкі галасок хударлявай дзяўчынкі Эмількі. Прыехала, закатала рукавы, і справа пайшла...
З чаго ўсё пачыналася
Але трэба ваярнуцца туды, з чаго ўсё пачыналася.
Марыя з Іосіфам пажаніліся ў канцы 40-х мінулага стагоддзя. Жылі спачатку ў маленькай хаце. Там нарадзіліся старэйшыя дзеці – Іван, Эмілія і Антон. Тым часам будаваўся новы прасторны дом на тым самым пляцы. Гаспадар сваімі рукамі ўсё рабіў старанна, на многія гады. Засяліліся ў хату, і ў ёй нарадзілася яшчэ трое дзетак – Ірына, Юра і Валера. У раскошы, вядома, не жылі, але дружна, падтрымліваючы адзін аднаго.
– Я была адной са старэйшых дзяцей, – пачынае аповед Эмілія Іосіфаўна. – Мне нямала дасталося. Характар і волю загартоўвала з маленства. Як было ў вёсцы? Дзіця самастойна хадзіць навучыцца, трошачкі падрасце, тут для яго і праца знойдзецца. То гусей пасвіць, то курам зерня пасыпаць, то кураняткаў папільнаваць, каб шуляк не схапіў, ці яшчэ якую работу зрабіць, што па сілах дзіцяці. Старэйшы брат Іван больш з бацькам быў, а я дык каля мамы. Малодшыя падрасталі, і таксама рукі склаўшы не сядзелі. У кожнага была свая справа, якую штодня выконвалі, без адгаворак. Часам цяжка было, але выхаванне працай, яно найбольшы вынік дае потым. Дзе б ні быў чалавек, куды б ні закінуў яго лёс, калі з маленства працаваць навучыўся, яго ніякая бяда не зломіць, праз любыя цяжкасці пройдзе і не зломіцца, бо так бацькі навучылі. Карані гэтай навукі з самай сярэдзіны зямлі-матухны прарастаюць, ад іх сіла і моц наша.
Бо так бацькі навучылі
Бацькоўская навука стала для Эміліі тым стрыжнем, які ў любых абставінах не дазваляў падаць духам, здавацца, калі вір жыцця закручваў так, што, думалася, няма выхаду. А яна выплывала з таго віру, распрамляла плечы, падымала галаву і ішла далей. З усіх цяжкіх становішчаў, парою неверагодных, Эмілія выходзіла пераможцай. Так было з самага дзяцінства і па сённяшні дзень.
– З якой цеплынёю я ўспамінаю тыя гады, калі мы былі дзецьмі, – гаворыць Эмілія Саўко. – Мама з татам працавалі, была вялікая гаспадарка, каровы, свінні, авечкі, птушкі розныя. Я з першага класа авечак пасвіла. І летам, і восенню. Памятаю, настаўніца вершык задала вучыць, а я не вывучыла, бо пасвіла дацямна авечак. Так на другі дзень настаўніцы і сказала. А яна мяне выгнала з класа. Прыйшла я дадому, сказала маме, што мяне выгнала настаўніца. А мама кажа: “Не бядуй, дачушка, ніхто з вас вучоным не будзе, а авечкі будуць заўсёды”. Праўда, пасля я ўсё ж такі вывучыла той вершык.
Мы, дзеці, дапамагалі бацькам ва ўсім. Ніколі ніхто не скардзіўся, не сказаў “не буду” ці “не хачу”. Мы такіх слоў не ведалі. Нялёгка бывала, але весела, дружна жылі. А якая вёска ў нас была вялікая! Больш як сто дамоў! І ў кожнай хаце па чацвёра, пяцёра дзяцей. У Навасёлкаўскай васьмігадовай школе ў 60-я гады мінулага стагоддзя вучылася 120 дзяцей. А зараз балюча глядзець на вёску. Амаль вымерла ўся. Толькі ў 28 дамах жывуць людзі. І тыя ўжо ў гадах. А калісьці так весела было! Вечарамі дзяўчаты спявалі песні, вяселлі гулялі, дзеткі нараджаліся. А зараз толькі летам калі-нікалі прыязджаюць дзеці, каб траву пакасіць ці адпачыць на дзень-два.
Так і наша хата стаяла адна, без гаспадароў. Таты ўжо трыццаць гадоў няма на свеце, і ўжо дзесяць мінула, як мама пайшла. Калі яшчэ жывая была, то гаспадарку паміж малодшымі дзецьмі падзяліла, а хату мне пакінула.
Я два гады таму назад сюды вярнулася. Раней не магла, шмат працавала, дысертацыю абараняла, выкладала ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, потым у Мінску. Была дацэнтам на кафедры фізічнай культуры ў БДУ. Усё гэта цешыла мяне, але часцей і часцей імкнулася душа сюды, да каранёў. І вось я тут!
Кожная карціна – шэдэўр
Што змянілася за гэты час? Эмілія Саўко пафарбавала дом, зашкліла веранду, замяніла ўваходныя дзверы, правяла ў хату воду, устанавіла санвузел, добраўпарадкавала тэрыторыю, засадзіла двор туямі, кветкамі. Прыдбала баню, пасадзіла новы сад з яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Буйна пладаносіць летам парэчка. Усю гэтую фруктовую ідылію ахоўвае маленькі гіпсавы ослік, якога Эмілія Іосіфаўна знайшла выкінутым і паўразбітым. Прыклала рукі, “залячыла” яму “раны” і прыстроіла ахоўнікам на сваім двары. У хаце жывуць кошкі Кола, Пэпсі і Маркіза. Гэта ўнучкі іх так назвалі. А яшчэ Эмілія Іосіфаўна купіла сабе трыцыкл. Ганяе на ім, як сапраўдны рокер.
Галоўная каштоўнасць у гэтай хаце – карціны, вышытыя рукамі гаспадыні. Іх тут так шмат, вокам не акінуць! Больш як сто вісяць на сценах, некаторыя яшчэ не асаджаныя ў рамкі. Сказаць, што яны прыгожыя – нічога не сказаць. Кожная карціна – сапраўдны шэдэўр. З вышытых абразоў глядзяць жывыя вочы Езуса, Багародзіцы, Святых. Кветкі такія далікатныя, здаецца, павей ветрык – і зазвіняць у траве блакітныя званочкі, павернуць да сонца свае галоўкі сланечнікі, зачаруюць водарам ружы, ландышы, півоні. Як можна простай каляровай нітачкай перадаць такое хараство?! Які гэта трэба мець талент і пачуццё прыгожага! Але ж чаго здзіўляцца? Эмілія сярод гэтага хараства нарадзілася і вырасла, яна каранямі зраслася з палеткамі, лугамі, уквечанымі рамонкамі і валошкамі, з палямі, на якіх штогод рунее жыта і пшаніца, з пушчанскімі дубамі і соснамі, з бярозкамі, якія растуць уздоўж дарогі, дорачы свой салодкі напой па вясне і прахалоду ў спякоту.
– Я не разумею, як можна не любіць той куточак, дзе пашчасціла нарадзіцца, вырасці? – працягвае гаворку Эмілія Іосіфаўна. – Дзе ўсё такое роднае, блізкае, дарагое. Такое непаўторнае. Хіба можна параўнаць з гэтым шматпавярховыя дамы, няхай сабе пабудаваныя па самых сучасных тэхналогіях, дзе суседзі, якія жывуць праз сценку, не ведаюць адзін аднаго. Дзе на вуліцы пахне гарачым асфальтам і выхлапным газам. Не, я нічога супраць горада не маю, сама там пражыла шмат гадоў, але вёска – гэта цуд, гэта святло, якога нам так не хапае ў тых мурах. Гэта цеплыня матулінай усмешкі, гэта бацькоўская мудрасць, якая нас вядзе па жыцці.
Я закрыю вочы, і перада мной устае маё дзяцінства, юнацтва. Як да нас прыходзілі на танцы дзяўчаты і хлопцы... Як весела было! Як хораша!
Зараз мы з сястрою, братамі збіраемся тут і ўспамінаем усё гэта. Здаецца, і мама недзе побач, і тата. Яны хацелі, каб мы выраслі годнымі людзьмі, каб ім сорамна за нас не было ні на гэтым, ні на тым свеце. Так і выйшла. Старэйшы брат Іван шмат гадоў адпрацаваў у пажарнай службе. Жыве ў Поразава, двое дзяцей мае, унукаў. Антон жыве тут, у Навасёлках, сваю хату мае. Таксама двое дзяцей у яго. Ірына – у Ваўкавыску. Яна загадчыца натарыяльнай канторы. Тры сыны выгадавала. Юрый з Валерыем таксама ў Ваўкавыску, у абодвух па два сыны.
У мяне тры дачушкі. Дзве – у Брэсце і адна – у Мінску. Таксама любяць сюды прыязджаць, тут душою адпачываюць.
Вы паглядзіце, якая тут асалода, як дыхаецца лёгка, як спіцца соладка. Няма ў свеце лепшага месца, чым родны куточак!
Я згодна з Эміліяй Іосіфаўнай. І цешыцца душа ад таго, што такіх куточкаў становіцца ўсё болей. Усё часцей успамінаюць пра іх дарослыя, ужо пасівелыя дзеці прыязджаюць у вёску, каб падарыць бацькоўскай хаце другое жыццё, каб адчуць пах свайго дзяцінства і напіцца з чысцюткай крыніцы юнацкіх летуценняў.
Ядвiга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара