Сёння хачу расказаць пра ўтульную хату і яе вельмі гасцінных гаспадароў – Віктара і Валянціну Аўсейкаў з маёй роднай вёсачкі Занкі. Хата стаіць зусім недалёка ад той, дзе прайшло маё дзяцінства, дзе на падворку засталіся сляды мамы і таты, дзе кожнай вясной зацвітаюць яблыні ў садзе.
“Засталася памяць”
Калісьці наш агарод сутыкаўся з агародам бабулі Ганны, і вельмі часта мама мая з ёй па-свойску гутарылі, калі палолі грады ці прыбягалі вырваць шчыперынаў, навыбіраць маладых гурочкаў.
Усё мінула. Адышло ў нябыт. Засталася толькі памяць. Яе не выкрасліць з жыцця, не вырваць, як пустазелле з агарода, не выгнаць з душы… Дзіўна. Кажуць, з гадамі чалавек пра многае забываецца. Не, няпраўда. Чым болей жыву, тым часцей узнікаюць у памяці і салодкія, і горкія моманты з дзяцінства, юнацтва, ды і сталага жыцця, якія звязаны з роднай хатай. Але што гэта я? Сёння мой аповед пра суседзяў, пра дзедаву хату, якую яны поўнасцю абнавілі, і зараз яна выглядае зусім як новая. У ёй кіпіць жыццё, і дай Божа, каб кіпела яно яшчэ доўга-доўга…
З мінулага
Я завітала сюды напярэдадні Новага года. Яе жыхары вельмі старанна рыхтуюцца да гэтага свята. Уся хата свеціцца рознакаляровымі агеньчыкамі, і вечарам з вуліцы добра відаць, як радасна ёй, хаце, зноў адчуваць сябе маладой, прыгожай, жаданай.
Гэтая хата будавалася двойчы. Але тымі ж гаспадарамі. Спачатку Іосіф і Ганна Болбаты недзе ў пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя пабудаваліся на хутары за вёскай Сакольнікі. Але калі была дадзена рэкамендацыя хутаранам, каб ехалі ў вёскі, то хату перавезлі ў Занкі і пабудавалі нанава. Усю работу па абнаўленню будынка ўзяў на сябе гаспадар. Кожнае бярвенца было ўкладзена яго рукамі. І неўзабаве ў вёсцы Занкі з’явілася хата на дзве палавіны. У адной засяліліся Іосіф з Ганнай, а ў другой – іх старэйшы сын Мікалай з жонкай Аленай. Малодшая дачушка Ніна выйшла замуж за мясцовага хлопца Паўла Кананюка. Яны пабудаваліся таксама недалёка ад бацькоў – на суседняй вуліцы.
–
Мой дзед Іосіф быў вельмі здольным чалавекам, – дзеліцца ўспамінамі ўнучка Валянціна. –
Бадай, нічога не было такога, каб ён не ўмеў. Сталяром быў цудоўным. Умеў хату збудаваць, усё ў хаце зрабіць сваімі рукамі. Дзверы, вокны, столь, падлога – усё, што патрэбна ў хаце. Шафа была, якую дзед зрабіў без аднаго цвічка. Сталы, табурэткі, тумбачкі, палічкі розныя, скрыначкі. А да таго ж шыць умеў. Шыў для сябе адзенне, і калі хто прасіў што пашыць, то таксама не адмаўляў. А ў нядзельку ці на свята браў у рукі гармонік і так іграў, што ногі самі ў скокі прасіліся. Яго запрашалі на вяселлі, і не толькі ў сваім сяле. Спачатку адзін хадзіў, а потым з сынам Міколай, дзядзькам маім. А да таго ж дзед меў здольнасць маляваць. Яго карціны, напісаныя маслам, да сёння захоўваюцца. І ніякаму майстэрству ён нідзе не вучыўся. Ад Бога меў здольнасці.
Ён рана памёр, на жаль. Я маленькай яшчэ была, але памятаю яго. Памятаю, як дзед штосьці стругаў, як на гармоніку іграў. Ён мяне вельмі любіў, усё нешта расказваў, і так цікава. Магла гадзінамі каля дзеда сядзець і слухаць яго байкі. Шкада, што так рана не стала яго. Бабуля адна засталася, але яна ніколі духам не падала. Таксама здольнай была. Мяне шмат чаму навучыла.
Здольнасці ў спадчыну
Здольнасці бацькі перадаліся ў поўнай меры дзецям і ўнукам. Сын з цягам часу пабудаваў свой дом. Выгадавалі з жонкай Аленай сына і дачку. Ён таксама заўчасна адышоў з гэтага свету. Жонка, дзякуй Богу, жыве, цешыцца ўнукамі, праўнукамі.
Дачка Іосіфа Болбата, Ніна, пераняла ад бацькі і маці столькі ўменняў, што не пералічыць. Калісьці ўсе занкаўскія дзяўчаты фарсілі ў сукенках, пашытых рукамі Ніны Іосіфаўны, а яшчэ яна ўмела вельмі прыгожа вязаць пруткамі, шыдэлкам. А якія пірагі ды караваі выпякала! Шмат вясельных сталоў прыгатавалі яе залатыя рукі, ды якіх! А яшчэ вельмі любіла спяваць. Любімая песня яе – “Снегопад”. Бывала, як зацягне, аж мароз па скуры. Я памятаю, даводзілася чуць.
Яе жаночы лёс таксама не быў салодкім. У сорак два гады пахавала мужа. Дачушак – Валю і Жану – падымала сама. Вельмі шмат даводзілася працаваць. І гаспадарка была, і ў калгасе шчыравала. А прыйшоўшы дадому, садзілася за швейную машыну, каб зарабіць хоць якую дадатковую капейку. Дзяўчатак трэба было вучыць, не гаворачы пра тое, што карміць і апранаць.
Усяму, што ўмела сама, вучыла дачушак. Ім вельмі хацелася ўмець усё, што ўмее мама. Малодшая Жаначка, гледзячы, як спраўна матуля шые, таксама паспрабавала пераняць яе майстэрства. Неяк, калі мама адышлася, дзяўчынка хуценька села за швейную машыну і пачала “шыць”. Першая спроба аказалася няўдалай. Але толькі першая. Пазней усё складвалася дасканала.
– Я таксама любіла шыць, – гаворыць Валянціна Паўлаўна. –
І сёння вунь машынка мая стаіць адкрытая. Не скажу, што шмат часу ў мяне гэта займае, я больш кветкамі люблю займацца. Гэта маё галоўнае хобі. Зараз спяць мае кветачкі, а як толькі сыдзе снег і зямлю абагрэе веснавое сонейка, усе мае красунькі абудзяцца. Першымі падснежнікі заквітнеюць. Потым высунуць “носікі” крокусы, гіяцынты, нарцысы. А пазней пацешаць ландышы, цюльпаны, лілеі і ружы, гладыёлусы. У мяне больш як дваццаць кустоў руж. А летам увесь двор квітнее на ўсе колеры, якія толькі ёсць. Як цешыцца мая душа, якая асалода на сэрцы!
Ахвотна згаджаюся з гаспадынькай. Сапраўды, нельга не цешыцца, калі вакол такая прыгажосць.
І стала хата новаю
Але так было не заўсёды. На нейкі час, пасля смерці бабулі, хата асірацела. Але ненадоўга. Ненадоўга сюды перасялілася малодшая дачка Болбатаў Ніна Іосіфаўна, прадаўшы сваю хату на суседняй вуліцы.
У хуткім часе дачка Валянціна, якая на той час мела сваю сям’ю і ўжо дарослых дзяцей, забрала матулю да сябе. Яна і зараз жыве ў дачкі з зяцем, атуленая цеплынёю і пяшчотай. Вось толькі займацца любімай справай – шыццём – яна, на жаль, ужо не можа. Гады наклалі свой бязлітасны адбітак на рукі, яны вельмі баляць. Цяжкай шматгадовай працай падарвана здароўе, але душою яна зусім не пастарэла і па-ранейшаму цягнецца да прыгожага. Калі дачка з зяцем прывозяць яе ў Занкі, яна так цешыцца, што яе родны куточак дагледжаны, што хатка атрымала новае жыццё і ператварылася ў казачны церам.
–
Бабуля апісала хату на мяне, – працягвае размову Валянціна Паўлаўна. –
Яна, хата, шчыра сказаць, была вельмі старой, паўразваленай. Але мой муж Віктар з сынамі Юрам і Сяргеем узяліся за справу, і ў хуткім часе дом ужо не быў падобны на той, старэнькі. Шмат чаго прыйшлося памяняць. Былі пастаўлены новыя бэлькі, змянілі дах. Столь, падлога таксама новыя, як і вокны, дзверы, печ. Шмат працы сюды ўкладзена, але зараз гэта такі ўтульны, такі родны куточак. Мы ў Свіслачы жывём, але сюды душа рвецца. І маму раней часта прывозілі, але цяпер яна ўжо не дасць рады, дзевяносты год пайшоў, што тут казаць. А жыццё нялёгкім было. І дзяцінства ваеннае, і праца цяжкая, і аўдавела рана. Усё на здароўі адбілася. Але яна не губляе бадзёрасці духу. Не можа нічога ўжо рабіць рукамі, дык чытае кнігі. Мой муж не паспявае ёй прывозіць іх з бібліятэкі.
А мы, калі сюды прыязджаем, робім фота і ёй прывозім. Паказваем, што за дзень зрабілі, як агарод выглядае, як кветкі цвітуць. Мы тут і птушку трымаем. А яшчэ ў нашай сям’і здаўна ёсць добрая традыцыя. Мы ўсе разам збіраемся ў гэтай хаце на святы, дні нараджэння. Раней мама пірагі пякла з такіх нагод, а зараз ужо я. Так радасна, калі ўсе родныя за адным сталом, так прыемна льецца гутарка, так цёпла на душы.
Шмат чаго памянялася ў хаце, але той дух, які лунаў, калі яшчэ дзед і бабуля тут жылі, застаўся. Яго ніякі час не выветрыць, не зменіць. Бо гэта дух продкаў, а ён вечны!
Мы сад стары выкарчавалі, ён ужо аддаў, што мог. На яго месцы пасадзілі новы. Яблыні, грушы, слівы, чарэшні, персікі. Люба-дорага паглядзець. Агарод саджу кожны год. Нарыхтовак шмат раблю. Сын Юра з Мінска прыязджае, яго з пустымі рукамі не адпраўляю. У яго сынок і дачушка ўжо дарослыя. Другі сын – Сяргей – у Свіслачы. І ён з жонкаю выгадавалі дачку і сына. Дзеці, унукі – наша радасць, шчасце, гонар, надзея. Што яшчэ трэба чалавеку ў сталым узросце?! Каб толькі дзеці, унукі былі здаровымі, каб быў мір і спакой.
Як не пагадзіцца такімі мудрымі словамі? Сапраўды, што яшчэ трэба чалавеку, і не толькі ў сталым узросце? Каб раслі здаровымі дзеткі, каб не страшна было за іх заўтрашні дзень, каб было неба бясхмарным і каб доўга-доўга жыла мама.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Аўсейкаў