banner

Дарогамі вайны – дарогамі памяці

21 Июля’24
779

Бібліятэкары Свіслаччыны лічаць сваім абавязкам весці мэтанакіраваную работу па захаванню гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.


У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Свіслацкая раённая бібліятэка рэалізуе анлайн-праект “Перамога адна на ўсіх”, у рамках якога створана серыя анлайн-рэпартажаў “Дарогамі вайны – дарогамі памяці”. Восем відэаролікаў, размешчаных на афіцыйным сайце ўстановы і ў сацыяльных сетках, знаёмяць з падзеямі, што адбываліся ў нашым краі ў час Вялікай Айчыннай вайны, распавядаюць пра падпольшчыкаў і партызан, якія змагаліся з лютым і ненавісным ворагам на свіслацкай зямлі, пра бязвінна загубленых фашыстамі мірных жыхароў раёна. Кожны рэпартаж вядзецца з месца падзей.


Ушанаванню памяці 1162 землякоў, што не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай, святому для кожнага свіслачаніна месцу прысвечаны відэасюжэет “Помнік-мемарыял “Асілак”. 14-метровая медная фігура “Асілка”, абаронцы зямлі свіслацкай, і гранітныя пліты імён загінуўшых – яскравы напамін будучым пакаленням аб подзвігу прадзедаў.

Смуткам і болем працяты анлайн-рэпартаж “Трагедыя свіслацкіх яўрэеў ва ўрочышчы Вішаўнік”, які распавядае аб жорсткай расправе фашысцкіх катаў над 1536 мірнымі свіслацкімі яўрэямі 2 лістапада 1942 года.


Адзін з відэасюжэтаў знаёміць з патрыётамі-змагарамі першай у раёне падпольнай камсамольскай арганізацыі ў вёсцы Дабраволя. Аб дзейнасці падпольнай антыфашысцкай арганізацыі ў вёсцы Задворанцы і зверскім забойстве фашыстамі ў студзені 1944 года патрыётаў-аднавяскоўцаў у чарговым відэароліку ўспамінае мясцовы жыхар Мікалай Фёдаравіч Усевіч, якому ў вайну было 7 гадоў.

Анлайн-рэпартажы запрашаюць пазнаёміцца з вёскай Сабалькі, якую за гасціннасць і ветлівасць партызаны брыгады імя Чапаева называлі “партызанскай гасцініцай”, пабываць у месцы, дзе размяшчалася паходная партызанская тыпаграфія і выдавалася падпольная “Свислочская правда”, акунуцца ў хвіліны адчайных баёў за вызваленне Свіслаччыны ў ліпені 1944 года.

Анлайн-рэпартажы серыі “Дарогамі вайны – дарогамі памяці” знайшлі станоўчы водгук у шырокай аўдыторыі. Яны павышаюць узровень інфармаванасці аб падзеях, памятных месцах Свіслаччыны і земляках – удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, спрыяюць развіццю пазнавальнай цікавасці да вывучэння гісторыі роднага краю, карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў раёна, актыўна выкарыстоўваюцца бібліятэкарамі пры правядзенні героіка-патрыятычных мерапрыемстваў.

Ніна КАЛАЧ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі

 

Предыдущая статья

Тротуар благоустроят