banner

Да дзён апошніх не забудзецца вайна

04 Июля’24
950

Бабуля Фрося. Гэтую сівенькую, як птушка лунь, жанчыну ведаюць ва ўсім раёне і нават за яго межамі. Да яе прыязджаюць з малымі дзеткамі, прыходзяць маладыя жанчыны, юнакі, сталыя людзі. Яна ўжо шмат гадоў дапамагае людзям малітвамі. І людзі ўдзячны ёй з гэтую дапамогу.




Дзевяноста чатыры гады бабуля пражыла на свеце ў згодзе з Богам. І таму гасподзь доўжыць яе гады, крэпіць здароўе і надзяляе бадзёрасцю духа. Яе двор зіхаціць кветкамі ўсіх колераў, якія толькі ёсць – сама садзіла. Вось ужо паспелі чырвоныя і чорныя парэчкі – пара збіраць. Праўда, дачушка зараз жыве з ёю, то больш турботаў бярэ на сябе. Але і бабуля не любіць сядзець склаўшы рукі. Работу сабе заўсёды знойдзе. Але ў мой прыезд бабка Фрося сядзела на лаўцы каля хаты. Відаць, адпачывала. Здзівілася, што я наведаала яе, каб распытаць пра вайну. І зноў пытанне: “Навошта?” Яна і без роспытаў амаль штодзень аб сабе напамінае. У сны прыходзіць, душу выварочвае.

Гляджу ў вочы бабульцы. Яны такія ясныя, такія шчырыя і столькі ў іх смутку, што аж не па сабе робіцца. Але ж бабуля, глыбока ўздыхнуўшы, пачынае свой аповед.

Фрося Кацяк (Ефрасіння Мікалаеўна Ярош), нарадзілася 4 чэрвеня 1930 года за 11 гадоў і 18 дзён да вайны ў вёсцы Юшкавічы:

–        У той дзень, як усё пачалося, мы па ягады пайшлі ў пушчу. Чуем, нешта ўсё грыміць і грыміць. А неба без аблачынкі. Не ведалі, што гэта такое. Давай з лесу выходзіць. У вёску прыйшлі, а там людзі нейкія перапалоханыя, мітусяцца, хвалююцца. Дома ўжо сказалі мне, што гэта вайна пачалася. Акрамя мяне было яшчэ пяць братоў. Ах, як бацькі за нас баяліся, як перажывалі. Чуем аднаго разу –матацыклы бурчаць. Гэта немцы ехалі, але ў сяло не заязджалі, край сяла толькі.

Голад быў страшэнны. Мы свірэпу рвалі, лебяду, крапіву. А недалёка ад нас была кухня нямецкая. Там быў немец адзін, ён трохі па-польску ўмеў гаварыць. Нам, дзецям, часам суп даваў. Гаварыў, што яго маці і бацька наказвалі: “Нікога не забівай, сынок, нікога не пакрыўдзь, то Бог нам цябе верне”. Відаць, і сярод немцаў нармальныя людзі былі.

Да нас часам партызаны прыходзілі, але ніхто не выдаў. І партыйныя былі ў Юшкавічах, таксама не выдалі. Дружная ў нас вёска была. Суседзі адзін аднаго падтрымлівалі.

Аднойчы ў вёсцы нехта выстраліў. Дык немцы схапілі некалькі мужыкоў і прымусілі капаць магілу, меліся расстраляць іх. А бабы галасілі, енк стаяў такі, што шкура церпла. І не пастралялі тых мужыкоў, толькі напалохалі. Калі ўжо адступалі немцы, той, што есці нам даваў, прыйшоў і сказаў: “Хацелі вашу вёску спаліць, але не спаляць, толькі бамбіць хутка будуць. Хавайцеся!”. Усім казаў, і людзі хаваліся. Мы сядзелі ў яме, а асколак ад бомбы прыляцеў і прама пасярэдзіне той ямы ўпаў. Але нікога не параніў, толькі пяском нам вочы пазасыпала.

Як ужо адступалі немцы, то ўсе вяскоўцы ў лес пабеглі, а мы засталіся. Нас шасцёра дзяцей было і мама з татам.

Калі ўжо ўсё сціхла і немцаў прагналі, то нашы салдацікі прыйшлі. Шмат іх тады і забітых было. Пахавалі недзе за сялом, а ўжо потым у брацкай магіле перазахавалі. У аднаго салдаціка быў зашыты адрас у адзенні. Паведамілі яго родным. Прыязджалі брат і сястра пакланіцца магіле. Тым, хто перазахоўваў, яны прывезлі сарочкі ў падарунак.

З нашых Юшкавічаў толькі шэсць чалавек з вайны не прыйшло. Здаецца, няшмат, але для тых, хто не дачакаўся родных, гора горкае было, і слёзы не высыхалі.

Вырасла дзяўчынка Фрося. Замуж пайшла за франтавіка, дзве дачушкі нарадзіла. Але нядоўгім было яе сямейнае шчасце. Разам пажылі толькі адзінаццаць гадкоў. Памёр муж, адна гадавала дзетак. Працавала ўсё жыццё ў паляводстве. Пяцёра братоў пахавала, а яе Бог трымае на свеце, і здароўе дае, і мудрасцю не абдзяліў. Мае бабка Фрося дзве ўнучкі, тры ўнука, восім праўнукаў і два прапраўнука. Яны ўсе – радасць і ўцеха бабулі. Дзеля іх і жыве старэнькая.

Але з гадамі ўсё часцей, чамусьці, прыходзіць да яе па начах тая худзенькая дзяўчынка з тонкімі коскамі і просіць, каб схаваць ад бамбёжкі. І мама, і браты сняцца і нават той немец, які наліваў у місачку суп. Да апошніх дзён не забудзецца тое, што чорным смерчам уварвалася ў дзяцінства і засталося там балючымі ўспамінамі.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара  

Предыдущая статья

Отдыхаете на пляже? Помните о безопасности!