banner

Чыталі разам пра вайну

24 Мая’19
1985
Свіслацкая дзіцячая бібліятэка ў трынаццаты раз далучылася да абласной акцыі «Чытаем разам». На гэты раз удзельнікі мерапрыемства «Дзякуй, салдаты, за Перамогу» чыталі творы пра герояў Вялікай Айчыннай вайны.



Падтрымаць акцыю прыйшлі загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці горада Свіслачы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання Наталля Барэль, старшыня раённага савета ветэранаў Алена Пракопік, дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства Ірына Шыманюк, вучні 6-х класаў СШ № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслачы з класнымі кіраўнікамі Галінай Кіслай і Наталляй Камінскай.

Работнікі бібліятэкі і госці мерапрыемства чыталі ўрыўкі з твораў пісьменнікаў і паэтаў пра Вялікую Айчынную вайну, пра гераізм нашага народа, пра страты і ахвяры, цяжкія выпрабаванні. Наталля Міхайлаўна выразна прачытала на памяць верш Канстанціна Сіманава «Жонкі», перадаўшы інтанацыяй настрой байцоў у навагоднюю ноч удалечыні ад сям’і. Алена Уладзіміраўна пранікнёна прадэкламавала верш Эдуарда Асадава «Ліст з фронту». Кранулі да глыбіні душы ўдзельнікаў сустрэчы вершы «Да пабачэння, хлопчыкі» Булата Акуджавы і «Навекі слава» Пімена Панчанкі, якія прачыталі Ірына Паўлаўна і Наталля Васільеўна.

Шасцікласнікі Дар’я Гладун, Наталля Несцер, Фёдар Якута, Артур Немчыновіч, Анастасія Блыш чыталі творы Пімена Панчанкі, Анатоля Вярцінскага, Булата Акуджавы, Канстанціна Сіманава, Петруся Броўкі, Янкі Купалы, Еўдакіі Лось, Эдуарда Асадава, Пятра Глебкі, Ніла Гілевіча аб перажытых народам пакутах, гераічнай барацьбе, любові, нянавісці да акупантаў.

Як заклік памятаць тых, хто гэтую зямлю выратаваў, прагучала песня «Даўным-даўно была вайна». Яна стала заключным акордам сустрэчы.

Людміла Балыш
Фота аўтара

Предыдущая статья

Где красота, там доброта