
На суд экспертнага журы, расказала першы сакратар РК ГА БРСМ Марына Рудоміна, Свіслаччына прадставіла чатыры праекты.
Зацікавілі судзейства Гражына Іванюк (Дабравольскі ДС СШ) і Павел Лысевіч (Корнадзьскі ДС БШ), якія разам працуюць над міжшкольным праектам «Музей «Страчаная спадчына свіслацкага краю». Прысвечаны ён тым паселішчам, якіх ужо няма на карце раёна: хутарам, сядзібам, засценкам, фальваркам, урочышчам, вёскам, што налічваюць усяго некалькі двароў.
За плячамі вялікая работа: сабраны і сістэматызаваны матэрыял, створана электронная ментальная карта «Карані малой радзімы», зроблены і макет музея пад адкрытым небам, стварэнне якога павінна стаць галоўным вынікам даследчай работы навучэнцаў. Ёсць прапанова размясціць яго на тэрыторыі ранейшага хутара Войтаў Мост. Мэта самая высакародная – увекавечыць мясцовыя айконімы, захаваць памяць пра іх для будучых пакаленняў. Таму і не дзіўна, што аўтары праекта запрошаны на абласны этап, які пройдзе ў Гродне ў студзені.
Не менш цікавымі былі і два праекты, прадстаўленыя СШ № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслачы. Так, вучань 9 класа Віталій Кавальчук выступіў з праектам «Вандроўнічаем 0+», мэта якога распрацаваць інтэрактыўную карту Свіслацкага раёна з улікам месцаў для камфортнага падарожжа бацькоў з дзецьмі. А Паліна Несцяровіч і Аляксей Гінэль з гэтай жа ўстановы адукацыі прывезлі на конкурс ідэю распрацоўкі краязнаўчых інтэрнэт-праектаў, турыстычных маршрутаў для арганізацыі і правядзення экскурсій па родным краі. «Я запрашаю вас на малую радзіму» – такую назву мае іх праект. Журы параіла канкурсантам з СШ № 2 аб’яднаць свае працы і паспрабаваць сілы на абласным этапе.
Уважліва выслухалі суддзі і аўтараў ідэі «Асфальт, які гаворыць» – Ульяну Валюк, Вікторыю Патоцкую і Дар’ю Шкодзіч, вучаніц 10 класа Ханявіцкага ДС СШ. Дзяўчаты падзяліліся думкай маляваць, скажам, на сцежках у парку, класікі і твітэр, каб дзецям было чым заняцца ў вольны час, а таксама пакідаць на асфальце каляровыя прызывы да чысціні, выканання Правіл дарожнага руху і г.д. Спробы ўжо былі, і людзі звярталі ўвагу на творчасць школьнікаў, з задавальненнем чыталі надпісы.
Усім канкурсантам былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў і памятныя сувеніры. Спецыяльным падарункам ад абкама ГА БРСМ адзначаны праект «Музей «Страчаная спадчына свіслацкага краю», які, як ужо гаварылася вышэй, працягне спаборніцтва на абласным этапе.
Наталля ТУРКО.