banner

Без мінулага няма будучага

01 Ноября’19
1167


Памяць аб нашых продках складае галоўнае багацце нашай душы.

Ушаноўванне памерлых – гэта неаддзельная частка гісторыі ўсяго чалавецтва з самага яго пачатку. Арганічная састаўляючая вераванняў была не толькі ў першабытных людзей, але ёсць і ў сучасных. Неад’емнай часткай хрысціянскай рэлігіі з’яўляюцца малітвы аб душах памерлых і святкаванне дня памінавення  памерлых.

Кожны чалавек непаўторны ў сваёй індывідуальнасці, кожны пакінуў свой след у жыцці, памяць пра свае справы. Таму мы заўсёды павінны памятаць аб нашых памерлых сваяках, захоўваць шлях дабра і клопату ў сваёй памяці аб тых, каго зараз няма сярод нас. Чым больш шануе чалавек памяць аб сваіх бацьках, дзядах і прадзедах, тым лепш усведамляе сваё месца на гэтым свеце, тым глыбей адчувае сваю адказнасць за будучыню. Бо ў нашых продках і ёсць корань нашага цяперашняга існавання.

В. А. Сухамлінскі сказаў: «У каго ў душы няма мінулага, у таго не можа быць і будучага». Аднак ён меў рацыю. Магілы памерлых блізкіх нам людзей з’яўляюцца адлюстраваннем нашай душы. Дагледжаная магіла перадае нашу любоў, павагу і памяць аб памерлых сваяках.

У праваслаўным календары ёсць шэраг субот, якія называюцца бацькоўскімі. Такі дзень ёсць і ў лістападзе, гэта Дзмітрыеўская бацькоўская субота.

Традыцыя памінання продкаў бярэ пачатак яшчэ з язычніцкіх часоў. Вядома, што ў славян былі дні, падобныя да бацькоўскіх субот. Дзмітрыеўская субота ўтварылася значна пазней. Адбылося гэта пасля такой знаменальнай падзеі, як Кулікоўская бітва. Дзмітрый Данскі даў адпор татара-мангольскім войскам і спыніў іх бясчынствы на рускай зямлі. Пры гэтым у баі загінула шмат воінаў, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму. Царква благаславіла стварэнне адмысловага памінальнага дня. У гэты дзень успамінаюць воінаў, якія ў розныя часы аддалі сваё жыццё, абараняючы Радзіму. Але з цягам часу у гэты дзень пачалі ўзгадваць не толькі абаронцаў краіны, але і тых родных і блізкіх нам людзей, якіх ужо няма з намі.

Восеньскі дзень памінання памерлых ёсць практычна ў кожнага народа. Бацькоўскія суботы маюць свае традыцыі, і Дзмітрыеўская не выключэнне ў гэтым. У царквах у гэты дзень праходзяць памінальныя паніхіды. Людзі ідуць у храмы, дзе падаюць памінальныя запіскі з імёнамі родных і блізкіх людзей, каб святар згадаў іх у час памінальнай малітвы. А таксама ставяць свечкі ў памяць аб памерлых сваяках, затым адпраўляюцца да месцаў іх пахавання.
     
Дзень памяці 2 лістапада і ўсе памінальныя бацькоўскія суботы – гэта час для таго, каб умацоўваць сямейныя і роднасныя сувязі, што асабліва каштоўна ў наш мітуслівы час, калі ўсе зносіны зводзяцца да тэлефоннага званка або СМС-паведамлення. Менавіта на аснове спрадвечных традыцый выхоўваецца павага да старэйшага пакалення і памяці нашых продкаў.

Наталля ЦЯЦЕРЫЧ

Предыдущая статья

А вы слыхали, как поют «Дрозды»?