«Абяцанне». Гэтая гісторыя здарылася даўно. Але пра яе памятаюць па сёння

25 Декабря’25
358


Гэтая гісторыя здарылася даўно. Але пра яе памятаюць па сёння. І не дзіўна.

А пачалося ўсё з таго, што маленькі хлопчык Паўлік вельмі хацеў, каб яму купілі санкі. У другіх дзяцей яны былі, а Паўліку бацькі ўсё не куплялі. Хлопчык кожны дзень прасіў аб гэтым тату, а той усё аднекваўся. І тады Паўлік рашыў пагаварыць аб гэтай справе з Богам. Тым больш, што набліжалася свята Божага Нараджэння. Перад сном хлопчык стаяў на каленях перад абразом, ціхенька маліўся і прасіў Бога, каб Ён дапамог угаварыць тату, часам нават слёзкі па шчаках каціліся.

І вось свята надышло. У хаце стаяла высокая елка, якую ўпрыгожвалі мама з татам і Паўлік. Кожны год пад елачкай хлопчык знаходзіў падарункі, ведаў, што і на гэты раз яму нешта падораць, але…

На свята прыехалі старэйшы брат з сястрою. Запрасілі бабульку-суседку, якая жыла адна, і ёй было сумна. Усе разам памаліліся, падзяліліся аплаткам, павячэралі, а потым здарыўся цуд. Калі Паўлік устаў з-за стала і зірнуў пад елку, там стаялі саначкі. Новенькія, прыгожыя, каляровыя. Хлопчык аж ускрыкнуў ад радасці і кінуўся абдымаць тату. А потым склаў ручкі перад абразом і ціха-ціхенька нешта гаварыў.

Спаць Паўлік не пайшоў, хоць было вельмі позна. Усе збіраліся ў касцёл на пастэрку, і Паўлік таксама. Толькі папрасіў тату, каб яго туды завезлі на саначках. Тата згадзіўся, і бліжэй да поўначы ўсе рушылі ў дарогу. Ісці было недалёка, касцёл стаяў на суседняй вуліцы. У храме было шмат людзей і дзяцей. Ксёндз Францішак кожны раз запрашаў малых наперад, і Паўлік таксама заўсёды стаяў у першых радах. Усе людзі спявалі калядкі, маліліся, услаўлялі нованароджанага Езуса. А калі імша скончылася, Паўлікавы бацькі ўбачылі, што сярод дзяцей няма іх хлопчыка. Але самым дзіўным было тое, што знік з яселькаў і маленькі Езус. Гэта было неверагодна, таму што калі людзі прыйшлі на імшу, то Ён там быў. А тут – няма!

Людзі пераглядваліся паміж сабой, паціскалі плячамі і не маглі зразумець, як такое магло стацца. Тата першы выбег з касцёла, а потым усе астатнія і нават ксёндз. І як жа былі ўсе здзіўлены, калі ўбачылі, што малы выходзіць з-за вугла касцёла і на саначках вязе ўтуленую ў свой цёплы шалік фігурку маленькага Езуса. У Паўліка свяціліся ад шчасця вочкі, і радасная ўсмешка была на твары. Бацька кінуўся да сына, злосна закрычаў: “Што ты нарабіў? Як ты пасмеў?” Падышлі іншыя людзі, пачалі сароміць хлопчыка. Прыйшоў і ксёндз. Але той не паспеў нічога сказаць. Паўлік горка заплакаў і праз слёзы загаварыў: “Тата, я цябе столькі разоў прасіў купіць мне саначкі, а ты ўсё адмаўляўся. І тады я ў Бога пачаў прасіць, каб Ён дапамог цябе ўгаварыць. І я абяцаў Яму, што калі мне купяць саначкі, то я пакатаю на іх маленькага Езуса вакол касцёла. Ён быў не супраць, я гэта адчуваў. Каб Яму не было холадна, я Яго ў свой шалік укутаў”.

Ксёндз падышоў да Паўліка і ўзяў яго на рукі. “Ты добры хлопчык, – сказаў ён. – А зараз давай мы Езуса пакладзем на месца. Яго Мама непакоіцца. Але скажы, як жа ты мог вынесці яго пры поўным касцёле?” “Не ведаю, неяк так само атрымалася. Я думаю, што Езус і сам быў не супраць пакатацца”. Ксёндз усміхнуўся. Усе людзі перасталі гаманіць і таксама заўсміхаліся.

Маленькага Езуса паклалі ў яслі, а Паўлік з бацькамі вярнуліся дадому. Такая вось гісторыя калісьці здарылася.

Запісала Ядвіга КОБРЫНЕЦ    

Предыдущая статья

Новогодняя афиша: куда сходить на праздники в Свислочи?