Летапіс творчага жыцця

15 Февраля’17
1771

Летапіс творчага жыцця

 

У сваім жыцці мне пашчасціла ў Гродзенскім універсітэце слухаць лекцыі цудоўнага выкладчыка, даследчыка культуры беларускага маўлення, прафесара Івана Лепешава. Ён апублікаваў больш як 600 навуковых артыкулаў, 47 кніг, сярод якіх два дзясяткі слоўнікаў, манаграфіі, дзясятак метадычна-навуковых дапаможнікаў для студэнтаў, навукова-папулярныя кнігі.

 

Іван Якаўлевіч пражыў вялікае прыгожае жыццё: амаль усё ХХ і пачатак ХХІ стагоддзя цалкам мог лічыць сваімі ўласнымі, бо ўсе малыя і значныя падзеі гэтага бурнага і рашаючага часу не абмінулі і яго.


Нарадзіўся ён 23 кастрычніка 1924 г. у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна. У 1940-м скончыў 8 класаў Ліцвінаўскай школы, здаў экстэрнам за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай, служыў у арміі. Пасля заканчэння ў 1948-м інстытута працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслацкай школе. З 1956 па 1971 год настаўнічаў у Машталерскай сямігадовай школе Скідзельскага раёна і ў Берштаўскай сярэдняй школе Шчучынскага раёна. Менавіта ў гэты перыяд ён пачаў запісваць народную лексіку, фальклорны матэрыял ад старажылаў, тут пачынаўся яго шлях у навуку.


У 1959-м ён завочна скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута і паступіў у аспірантуру ў Мінскі педагагічны інстытут. Затым працаваў выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам Гродзенскага педагагічнага інстытута. У 1973 г. была абаронена кандыдацкая, а ў 1985-м – доктарская дысертацыі.


Усё жыццё ён не толькі з захапленнем чытаў кнігі, але на працягу паўстагоддзя рабіў выпіскі фразеалагізмаў з твораў беларускіх аўтараў (усяго каля 400 пісьменнікаў), склаў картатэку, якая ўтрымлівае больш за 90 000 картак.


За сваё багатае творчае жыццё ён выдаў шматлікія кнігі: “Фразеалагічны слоўнік”, “Фразеалогія ў творах К. Крапівы”, два выпускі “Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў”, “Асновы культуры мовы і стылістыкі”, навучальныя дапаможнікі для студэнтаў і вучняў школ “Моўныя самацветы”, “Прыказкі як моўныя адзінкі і іх стылістычнае выкарыстанне”, “У слоўнікавую скарбонку”, “Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора”, “Практыкум па беларускай мове”, “Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі”, “Сучасная беларуская мова: спрэчныя пытанні”, “Чаму мы так гаворым”, “Практыкум па фанетыцы беларускай мовы”, “Культура маўлення”, “Практыкум па фанетыцы, арфаэпіі, графіцы і арфаграфіі” і інш. Гэтыя выданні і сёння запатрабаваны сярод настаўнікаў. Іван Лепешаў быў узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай асветы”.


Ён крыху не дажыў да свайго дзевяностагоддзя, педагога не стала 12 кастрычніка 2014 года. Аднак ён паспеў перадаць сучаснікам шматлікія лексічныя скарбы роднай мовы, здолеў засяродзіць нашу ўвагу на глыбіні мыслення і светаразумення беларусаў як нацыі. Таму мы будзем заўсёды помніць пра яго навуковы подзвіг.


Яго выданні – гэта пацвярджэнне не толькі руплівасці вучонага, але і красамоўнае сведчанне таленавітасці беларускага народа, багацця і непаўторнасці яго мовы.

 

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Предыдущая статья

Пожар в нежилом доме