banner

Найпрыгажэйшы куточак на Зямлі

29 Ноября’16
1852

Найпрыгажэйшы куточак на Зямлі

 

Гавораць, што перад тым, як з’явіцца чалавеку на свет, там, на нябёсах, ён выбірае месца, дзе хоча жыць. Калі гэта так, то я абрала найпрыгажэйшы куточак на Зямлі. І колькі б я ні падарожнічала, ніякія пейзажы свету не могуць параўнацца з гэтымі простымі малюнкамі лесу, возера, поля…

 

Я нарадзілася ў маленькай вёсцы Нязбодзічы. Яна знаходзіцца на ўскрайку Белавежскай пушчы. Паходжанне назвы вёскі мае дзве версіі. У аснове першай ляжыць паняцце «няздобная, неўрадлівая зямля», у аснове другой – прозвішчы Няздобіч, Няздобічы, Нязбодзічы. Упершыню яна ўзгадваецца ў летапісе ў 1566 годзе. Праз Нязбодзічы праходзіў важны гандлёвы шлях з Гародні. У 1790 годзе ў вёсцы граф Вінцэнт Тышкевіч адкрыў папяровую фабрыку. Недалёка ад Нязбодзічаў ёсць мясціна, якую і сёння мясцовыя жыхары называюць «паперняй».


«У Нязбодзічах няма нічога адметнага, – скажаце вы. – Гэта адна са шматлікіх вёсак Беларусі». Але ў тым і ёсць, мабыць, толькі ёй уласцівы шарм. Нязбодзічы для мяне прывабныя сваёй простай прыгажосцю. Зусім побач шумяць векавыя дрэвы Белавежскай пушчы, па якіх скачуць рудахвостыя вавёркі. А калі вам пашчасціць, вы можаце сустрэць тут касулю ці зайца. А як тут заходзіць сонца! Прыгажэйшага відовішча я нідзе і ніколі не бачыла. Небасхіл тут наогул незвычайна жывапісны і маляўнічы. Можа, таму што родны?


Людзі тут таксама незвычайныя. Мяне заўсёды захаплялі бабулькі, якія жывуць у маёй вёсцы. Яны, нягледзячы на сталыя гады, у душы зусім маладыя. На пенсіі ніколі не адпачываюць, то на агародзе шчыруюць, то дзецям, унукам дапамагаюць – не злічыць усіх спраў. А ў нядзелю гэтыя незвычайныя жанчыны спяшаюцца на аўтобус – едуць у Свіслач, у царкву. Вельмі прыемна бачыць, як яны, апранутыя ў святочнае, у хустачках розных колераў з кветкамі ў руках заўсёды вітаюць пасажыраў словамі: «Добры дзень! Дай вам Бог здароўечка!» У іх вачах акрамя дабрыні адбіўся цяжар пражытых гадоў і падзей, якія закранулі ўсю нашу краіну…


Не абмінула Нязбодзічы і вайна. Шумяць сосны, свеціць сонейка, павольна плывуць воблакі на небасхіле. І калі б не ведала, ніколі не сказала б, што на гэтай цудоўнай лясной палянцы, што недалёка ля вёскі, фашысты расстралялі шмат людзей. Аб гэтым напамінае толькі камень-помнік, на якім напісана: «На гэтым месцы 12 ліпеня 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі 44 мірныя жыхары з вёсак Нязбодзічы, Качкі і Зарэчаны. Вечная слава загінуўшым!» Тут людзей расстралялі толькі за тое, што яны маглі далучыцца да партызан. Дзядзьку майго бацькі забіла шальная куля, калі ён выйшаў прывязаць на лузе каня. А мой прадзед загінуў пад Будапештам ужо пад самы канец вайны.


Яшчэ і сёння ў лясах каля Нязбодзічаў можна ўбачыць акопы і варонкі ад выбухаў.


Сёння некаторыя людзі саромеюцца вёскі. А для мяне няма нічога даражэй гэтай непаўторнай прыроды, хат, гэтых простых людзей. Роднага кутка саромецца – грэх. Яго трэба шанаваць, як і бацькоў. Гавораць, Радзіму не выбіраюць. Але я сваю абрала там, на небе.

 

Ганна ВАРОНКА,
студэнтка 1 курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

По всей строгости закона