Ці шмат на зямлі ёсць месцаў, куды цягнецца душа, дзе збіраюцца за вялікім сталом, дзе заўсёды пачуюць і зразумеюць? Бацькоўскі дом, усмешкі родных і блізкіх, ласкавыя матуліны рукі і добрыя вочы – што можа быць даражэй?
Напярэдадні Дня маці мы завіталі ў госці да сацыяльнага педагога нашай школы, маці траіх дзяцей Алы Станіславаўны Дуброўскай.
Гасцей у доме Дуброўскіх прымаюць з адкрытай душой. Падыходзячы да дзвярэй, мы здалёк пачулі ўсхваляваныя дзіцячыя галасы, а ўвайшоўшы, не паспелі азірнуцца, як нас акружыла дружная сям’я.
У Поразаве сям’я Дуброўскіх жыве з 2002 года. Дом уладкаваны так, каб усім было камфортна. У кожнага ёсць утульны куточак, дзе можна адпачыць і заняцца сваімі справамі. Усе дзеці ў гэтай сям’і – творчыя і таленавітыя: займаюцца музыкай, любяць танцаваць, маляваць, фатаграфаваць і нават гуляць у футбол. Як аказалася, ім ёсць з каго браць прыклад: маці – чалавек творчы і ініцыятыўны, яна падтрымлівае, накіроўвае і натхняе дзяцей.
– Я звычайная жанчына, – спрабуе пераканаць нас Ала Станіславаўна. – Як і ва ўсіх, у нас бывае па-рознаму: добра і дрэнна, і хварэем, і сумуем, і весялімся. Галоўнае – быць міласэрнымі і праўдзівымі, падтрымліваць адзін аднаго ў розных жыццёвых сітуацыях, не быць эгаістамі. Гэта і ёсць галоўныя правілы нашай сям’і.
Малодшая Палінка ва ўсім бярэ прыклад са старэйшых, імкнецца добра вучыцца, каб не адстаць ад брата з сястрой. Яны ж выдатнікі! Размаўляючы з Алай Станіславаўнай, мы яшчэ раз пераканаліся, што дзеці для яе – самая вялікая каштоўнасць і ўзнагарода.
Мы спыталі ў іх, чаго яны жадаюць сваёй матулі напярэдадні свята?
– Доўгіх гадоў жыцця, – адгукнулася Паліна.
– Шчасця, здароўя, пазітыўных эмоцый, – падхапіў Валянцін.
А старэйшая, Яна, пажадала матулі заставацца заўсёды маладой, вясёлай і прыгожай.
Дар’я КАРПОВIЧ,
Дар’я КАРНIЛОВIЧ,
вучаніцы 10 класа Поразаўскай СШ.
Мая мама
Чароўныя цуды здараюцца,
Бяда не здаецца бядой,
І сонца ярчэй усміхаецца,
Калі мая мама са мной.
Ніхто так, як мама, не можа
Любіць, суцяшаць, шкадаваць.
Ніхто не ўмее так слухаць,
Казаць, калыханку спяваць.
Усюды яна паспявае,
Для кожнага знойдзе свой час.
І што б не рабіла, заўсёды
Усе яе думкі пра нас.
Я веру ёй і не баюся
Смела пакрочыць у свет.
Матуля, як Божая Маці,
Мяне абароніць ад бед.
Дар’я КАРПОВIЧ.