banner

Маю гонар быць настаўнікам

02 Октября’16
2031

Маю гонар  быць настаўнікам

 

У першую нядзелю кастрычніка Беларусь адзначае Дзень настаўніка – свята, якое з упэўненасцю можна назваць усенародным: асоба Педагога праходзіць праз лёс кожнага чалавека. Гэты дзень – цудоўная нагода яшчэ раз выказаць удзячнасць сваім настаўнікам, выкладчыкам, выхавацелям не толькі за набытыя веды і адукацыю, але і за мудрую падказку, жыццёвы арыенцір, шчырасць і неабыякавасць.

 

Адзін мудрэц сказаў: «Настаўнік – гэта ахвярная прафесія». Сапраўды, не кожнаму, хто мае дыплом педагога, пад сілу гэта праца. Некаторыя, не вытрымаўшы яе складанасцей, ідуць у іншую прафесію. Сапраўдныя спецыялісты не ўяўляюць сябе без школьнага гоману, цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў адказ дораць выдатны стымул да творчасці і самаразвіцця.


Напярэдадні свята мы сустрэліся з настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Грынкаўскага ДС СШ Уладзімірам Уладзіміравічам Міхальчыкам.


– Дысцыплінаваны, адказны, карыстаецца павагай сярод калег, бацькоў і навучэнцаў, – характарызуе настаўніка дырэктар школы Н. І. Парамонава. – У адпаведнасці з нашым рэйтынгам педагагічнай дзейнасці па выніках за 2015–2016 навучальны год Уладзімір Уладзіміравіч заняў першае месца: быў самым актыўным удзельнікам разнастайных семінараў, канферэнцый, конкурсаў. У прыватнасці, ён удзельнічаў у Міжнародным адукацыйным семінары для настаўнікаў, у складзе абласной творчай групы настаўнікаў гісторыі распрацаваў рэкамендацыі па выкарыстанню развіваючых праграм і электронных дапаможнікаў. Ён з’яўляецца пачынальнікам добрых спраў сярод педагогаў і вучняў. Гэта таленавіты спецыяліст, творчы патэнцыял якога раскрываецца з кожным годам усё ярчэй.

 

Рашэнне стаць настаўнікам гісторыі Уладзімір Уладзіміравіч прыняў яшчэ ў чацвёртым класе (вучыўся ён у СШ № 3 г. Свіслач), калі пазнаёміўся з А. С. Палубінскім. Аляксандр Сямёнавіч уразіў хлопчыка цікавымі расказамі пра родны край.


Пасля заканчэння ў 2010-м гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы малады спецыяліст працаваў інструктарам-метадыстам Свіслацкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства, а з 2012-га пачаў свой настаўніцкі шлях у Грынкаўскім ДС СШ. Руплівая праца прынесла першыя вынікі: у мінулым годзе яго вучні сталі дыпламантамі III ступені раённай алімпіяды па гісторыі, дыпламантамі I, II і III ступені Міжнароднай анлайн-алімпіяды “Foxford”. Ініцыятыўны і крэатыўны, ён з’яўляецца кіраўніком школьнага навуковага таварыства “Прамень”. Гэта дзейнасць таксама прынесла першыя перамогі – дыпломы I і III ступені ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі.


Абудзіць закладзены ў кожным вучні творчы пачатак, навучыць працаваць, дапамагчы зразумець і знайсці сябе – да гэтага імкнецца Уладзімір Уладзіміравіч на працягу свайго творчага шляху. Ён валодае здольнасцю выходзіць за межы традыцыйных падыходаў і ўмее працаваць у інавацыйным рэжыме. Асобасна-арыентаваны падыход, які з’яўляецца вядучым у дзейнасці настаўніка, дазваляе кожнаму вучню адчуць сябе асобай, паверыць у свае сілы, а яшчэ – усвядоміць сябе сапраўдным беларусам. Вядучым напрамкам работы з’яўляецца даследчая дзейнасць, якой настаўнік пастаянна займаецца разам з вучнямі. Асаблівае задавальненне ён адчувае тады, калі бачыць радасць вучня-вынаходніка ад свайго адкрыцця і сваёй перамогі.


– Пытанне, як выхаваць вучня ў сучасных умовах, хвалюе мяне як настаўніка гісторыі і класнага кіраўніка, – гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. – Кожны з іх – своеасаблівы «дыямент», і задача настаўніка – знайсці яго моцныя бакі, раскрыць творчыя здольнасці ў поўнай меры.Асобна хачу сказаць пра сваіх дзевяцікласнікаў, класным кіраўніком якіх я з’яўляюся. Я ганаруся кожным з іх, тым больш што дзеці пастаянна радуюць сваімі поспехамі. У прыватнасці, яны неаднаразова станавіліся пераможцамі ў спаборніцтвах па горна-пешаходнаму і веласіпеднаму турызму на раённым турыстычным злёце, прызёрамі розных творчых конкурсаў.


Так, сапраўды. Сваім выхаванцам ён выкладае найцяжэйшую ў свеце навуку – быць людзьмі.


– Я маю гонар быць настаўнікам, і гэта адказна: лёс чалавека ў значнай ступені залежыць ад маіх ведаў і чалавечых якасцей. Я – настаўнік, і гэта цудоўна. Працуючы з дзяцьмі, адчуваеш прагу да жыцця, жаданне ўдасканальвацца і станавіцца максімальна сучасным, – гаворыць на развітанне Уладзімір Уладзіміравіч.

 

Кацярына ДУДКО.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Счастье учителя, или Ценна каждая встреча