banner

Сакрэт даўгалецця ў сібірскіх каранях і дабрыні

01 Октября’16
1656

Сакрэт даўгалецця  ў сібірскіх каранях  і дабрыніВеры Іванаўне Раманчук з Вялікіх Міхалак па пашпарце 105 гадоў. Яна жыве ў сваёй роднай хаце пад доглядам малодшага сына Івана. Хоць і ўсыпаны твар пажылой жанчыны глыбокімі маршчынамі, на свой узрост баба Вера яшчэ рухавая. Канешне, скардзіцца і на здароўе, і на зрок, і на сваю нязграбнасць, але між тым трымаецца. А як цікава яна расказвае пра свой лёс, здаецца, слухаў бы і слухаў. А ёй і сапраўды ёсць што ўспомніць, расказаць нам, нашчадкам.

 

– Нарадзілася я ў Сібіры, куды мой тата Іван Якаўлевіч Пракаповіч трапіў у пошуках лепшай долі, – пачала аповед Вера Іванаўна. – Там пазнаёміўся з маёй матулькай Марынай Мікалаеўнай, пажаніліся. Калі на татавай радзіме становішча змянілася, ён стаў збірацца дадому і, вядома, нас з маці паклікаў. Маміна радня доўга не пагаджалася з такім рашэннем і не хацела адпускаць. Але тата настаяў на сваім. Прыкладна ў 1922 годзе мы былі ўжо ў Вялікіх Міхалках.


Сям’я Веры Іванаўны была шматдзетнай, акрамя яе ў бацькоў было сямёра дзяцей. Так як яна была старэйшай і ў маці падкасілася здароўе, Веры рана давялося ўсе хатнія справы ўскласці на свае плечы. Нялёгка жылося ў гады ваеннага ліхалецця. Веру, як і іншых вясковых дзяўчат, немцы хацелі вывезці на нямеччыну. Тата добра разумеў, што без старэйшай дачкі малодшым дзецям гарантаваны голад і холад (на гэты час маці адчувала сябе зусім дрэнна). Каб задобрыць немцаў, насіў ім гасцінцы (яйкі, малако, курэй, мяса).


– Тата дабіўся свайго. Я засталася на гаспадарцы, – дзеліцца ўспамінамі Вера Іванаўна. – Не дай бог такой вайны. Калі немцы ўцякалі, спалілі нашу хату. Суседскія засталіся, а ў нас толькі склеп, дзе мы спалі.


У вайну Вера Іванаўна пазнаёмілася са сваім мужам Васіліем Іванавічам, якога з Тушамлі разам з сям’ёй прыгналі немцы.


– Добры ён быў, вельмі добры, – успамінае жанчына. – Не было таго разу, каб ён пакрыўдзіў мяне. Хату збудавалі, жылі душа ў душу. Чацвёра дзяцей нарадзілі, праўда, старэйшы сын у пяць месяцаў ад дыфтэрыі памёр.


Няма ўжо ў Веры Іванаўны і другога сына Васілія, дачкі Марыйкі. Смуткуе яна і па нявестцы Валянціне.


– Як прыедзе, бывала, з Іванам у вёску, ні хвіліны не сядзела: прыбірала, нешта смачнае гатавала, – прыгаворвае Вера Іванаўна. – Рана яе хвароба на той свет забрала. Іван адзін сына Андрэйку падымаў. Але добрым, разумным, паслухмяным хлопца выгадаваў.


Паважае і любіць яна сям’ю сына Васілія. Ганарыцца ўнукамі і праўнукамі, якія раз’ехаліся хто куды і, на жаль, зрэдку наведваюць бабулю.


Вялікую радасць Веры Іванаўне дастаўляюць сустрэчы з малодшай сястрой Надзеяй, якой споўніўся 81 год. Яна таксама жыла ў Міхалках, зараз знаходзіцца ў дачкі. Праўда, улетку наведваецца сюды, каб сабраць выгадаваны ўраджай і пабачыцца з сястрой.


– Сакрэт вашага даўгалецця ўсё ж у сібірскіх каранях? – цікаўлюся.


– Я лічу, што так.


– А чаму ж тады так рана памерла ваша матуля, яна ж карэнная сібірачка?


– Мама вельмі смуткавала па малой радзіме, па бацьках і заўсёды шкадавала, што не ўгаварыла тату застацца там. Яна ж так ні разу і не з’езділа ў Сібір, толькі родныя сюды прыязджалі. Такія вясёлыя былі, песні любілі спяваць, добра праводзілі з імі час, – узгадвае шчаслівыя імгненні баба Вера. – Зараз і вёсачка зусім не тая. Бывала, выйдзем на лавачкі, як заспяваем, у суседніх вёсках чутно. Колькі моладзі было, напэўна, каля 300 сем’яў налічвалася.


– Баба Вера, а ці лічыце вы за шчасце пражыць столькі гадоў, паназіраць, як змяняецца свет? – працягваю цікавіцца.


– Не зусім. Лепш я свае гадкі паміж дзяцьмі падзяліла б. Няма нічога горш, як хаваць маладых дзяцей, – перабіраючы маршчыністыя далоні, усхвалявана кажа Вера Іванаўна.


Яшчэ доўга мы гутарылі з бабай Верай: яна ўспамінала маладосць, свайго мужа, паказвала фотаздымкі дзяцей і ўнукаў.

Сакрэт даўгалецця  ў сібірскіх каранях  і дабрыні


За такой размовай я нават забылася пра сваіх калег, якія, вяртаючыся з камандзіроўкі, павінны былі забраць мяне, і наогул згубілася ў часе. Зараз чамусьці ўпэўнена, што не толькі сібірскія карані сілкуюць Веру Іванаўну, а яе адкрытасць і дабрыня.

 

Алена КЕДЗІК.

Предыдущая статья

К нам едет автоледи. Татьяна Буяк