Цаніце кожную хвіліну

10 Июля’16
1493

Цаніце кожную хвілінуНеяк узгадалася, што нашай тэматычнай старонцы больш за пяцьдзясят гадоў (!). Шмат аб чым пісалі ў ёй таленавітыя журналісты за гэты час: пра каханне і вернасць, пра боль і здраду, пра сямейнае шчасце і цяжар адзіноты… Назва “Дом, дзе мы жывём” дазваляе разважаць на многія тэмы. Бо дом – гэта і наша планета, якая павінна быць чыстай і мірнай; дом – гэта наша краіна, якой мы жадаем светлай будучыні і станоўчага росквіту; дом – гэта наш горад, які амаль штогод прырастае новымі будынкамі і маладымі сем’ямі; нарэшце, дом – гэта месца, дзе жыве наша сям’я, родныя і блізкія нам людзі. Але якія б асацыяцыі не ўзнікалі ў кожнага з нас, дом перш за ўсё – гарантыя спакою, утульнасці, надзейнасці і такога неабсяжнага шчасця, што ўявіць цяжка.


Нібы чую сваю старэйшую калегу: “Занадта многа лірыкі. Памятай, што сцісласць – сястра таленту”. Я памятаю, але як быць, калі душа спявае ад асалоды – бывае і такое, альбо крычыць ад болю – як зараз. Крычыць, бо па волі лёсу ў часава-прасторавай рэчаіснасці сутыкнуліся два жыццёвыя выпадкі, якія не могуць не крануць жывога чалавека. Выпадкі, якія ніколі не пакінуць мяне раўнадушнай.


Памерла маладая жанчына. Пайшла з жыцця заўчасна, пакінуўшы гэты свет з усімі яго выпрабаваннямі, спакусамі і… роднымі дзецьмі. Такі выпадак, на жаль, не прэтэндуе на эксклюзіўнасць. Як кажуць, не яна першая, не яна апошняя. Але ці ў кожным выпадку жанчына скарачае сваё жыццё наўмысна?! Ці сапраўды цяга да моцных напояў можа перамагчы любоў матулі да сваіх крывінак?! Няўжо ліпкія абдымкі п’янага дурману больш прыемныя, чым гарачыя, шчырыя і пяшчотныя абдымкі маленькіх ручанят?! Няма ўжо таго дому, які дорыць спакой і надзею. Бо няма мамы. І ці знойдуцца сілы адбудаваць яго зноў…


З акна шматпавярховага дома выпала 5-гадовая дзяўчынка. Ёй было цікава паглядзець, што робіцца навокал, таму да расчыненага акна з прымацаванай маскітнай сеткай свой дзіцячы столік перасоўвала смела і настойліва. Высока – і ўсё відаць. А дарослых побач няма, каб засцерагчы, спыніць. Адзін неасцярожны рух маленькіх ручанят… Загінула. Нават страшна ўявіць, што адчувала маці, якая вярнулся з другога памяшкання. На ўсё жыццё, нібы стрэмка ў сэрцы: “Чаму пакінула? Не даглядзела… Прабач, дачушка!..” Няма ўжо таго дому, які гарантуе неабсяжнае шчасце. І адбудаваць яго немагчыма.


Кажуць, лепш вучыцца на чужых памылках. Але чамусьці такія памылкі надта балючыя, хоць і чужыя. Беражыце адзін аднаго, даглядайце, навучыцеся цаніць кожную хвіліну, якую вам пашчасціла пражыць у акружэнні сваіх родных і блізкіх, дарыце ім, не саромеючыся, сваю любоў. Бо хто ведае, калі абарвецца тая нітачка жыцця. Няхай ваш дом будзе як мага даўжэй гарантыяй спакою, утульнасці, надзейнасці і неабсяжнага шчасця.

 

Вольга БУБЕНЧЫК.

Предыдущая статья

У любви свои секреты