banner

Прыклад на ўсё жыццё

21 Мая’16
1609

Прыклад  на ўсё жыццё

 

Ад таго моманту, калі маленькая Ларыса гуляла “ў школу”, і да таго моманту, калі ўпершыню, хвалюючыся, пераступіла парог школы настаўніцай, прайшоў вялікі адрэзак часу. Але да мары, якая нарадзілася ў дзяцінстве, Ларыса Аляксандраўна Саўко ішла мэтанакіравана і з вялікім жаданнем у сэрцы. Перагортваючы бацькоўскія планы ўрокаў, дзяўчына заўсёды была ўражана, як грунтоўна ён рыхтаваўся да іх. І гэта стала прыкладам для яе на ўсё жыццё.

 

Бацькі, а таксама роднага дзядзькі Сяргея Іосіфавіча, не стала марозным ранкам 6 сакавіка 1942 года. Яны былі расстраляны разам з другімі вяскоўцамі ў Ятвеску ля белых бяроз…


Вясной 1946 года Ларыса Варонка выдатна закончыла сем класаў Грынкаўскай школы і стала працаваць у суседніх Міхалках рахункаводам у школе. Прыглядалася да людзей, вучылася сябраваць. У гэтыя гады яна прымае актыўны ўдзел ва Усесаюзнай перапісі насельніцтва, за што і атрымоўвае падзяку ад Савета Міністраў СССР. Гэта таксама была для яе школа ўзаемаадносін з людзьмі, авалодванне ўменнем весці гутарку, разважаць на розныя тэмы. За час працы ў Міхалках Ларыса закончыла вячэрнюю школу і атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі…


1965 год, бадай, самы памятны ў жыцці вясковай дзяўчыны: у руках дыплом настаўніка пачатковых класаў. І дзе б ні працавала потым Ларыса Аляксандраўна – галоўнай у яе працы была любоў да дзяцей і да сваёй прафесіі.


Маладая, актыўная, ініцыятыўная – яна з першай хвілінкі авалодвала аудыторыяй, заваёўваючы маленькія сэрцайкі сваіх вучняў. Ужо назаўсёды. А калі з’явілася сям’я, клапатлівая маці і жонка адразу ўзялася за хатнюю гаспадарку, за свой вялікі ўтульны дом, які будавалі разам з мужам, Чаславам Казіміравічам. У гэты час моцна захварэла яе матуля Вера Ігнацьеўна, і трэба было многа сілы і энергіі аддаваць ёй. Здаецца, у той час, калі ты малады і дужы, ніколі не бывае стомы. А твой кожны дзень, пражыты з песняй пеўняў і вечаровым пахам сырадою, – гэта як тваё дыханне…


Сёння Ларыса Аляксандраўна Саўко шкадуе толькі аб адным: па розным жыццёвым прычынам усяго аднаго сына нарадзіла, хоць і марыла пра вялікую сям’ю. Але зараз радуюць бабулю і дзядулю дзве ўнучкі, Анастасія і Карына. І клапатлівая бабуля добра ведае, што ўтульнейшага куточка, як тут у Грынках, для яе ўнучак няма на зямлі.


Яна вельмі любіць сустракацца са сваімі вучнямі. А яны радуюць яе тэлефоннымі званкамі. І тады зноў і зноў памяць адгортвае старонкі жыцця назад, вяртае яе ў вір школьных клопатаў, цікавых урокаў, незабыўных сустрэч.


У вольны час з задавальненнем спяшаецца Ларыса Аляксандраўна ў клуб. “Я ніколі не мела добрага голасу, – разважае жанчына, – але заўсёды з задавальненнем слухаю любыя сэрцу песні. І наогул, вельмі ганаруся тым, што гучаць яны ў нашых Грынках, што ёсць выдатны вакальны калектыў “Спадчына”. Я заўсёды па-добраму зайздрошчу гэтым дзяўчатам”.


У красавіку 2015 года Ларыса Аляксандраўна прыняла ўдзел у пасадцы алеі ў гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ля Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу. Яна пасадзіла куст бэзу ў памяць аб бацьку, настаўніку Грынкаўскай школы. І ў памяць аб усіх тых, хто не вярнуўся з вайны. Яна добра ведае, як і кожны з нас, што самае галоўнае на зямлі – мір. А гэта значыць і радасны звонкі смех дзяцей, і незабыўны школьны званок…

 

Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.

Предыдущая статья

Эх, «тигрята»!