У Свіслацкім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Герой двух народаў», прымеркаваная да 178-годдзя з дня нараджэння беларускага рэвалюцыянера, паэта і публіцыста, кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага.
Наведвальнікі выставы могуць пазнаёміцца з карцінамі беларускіх мастакоў, у тым ліку і мясцовых, якія ўвекавечылі на палатне вобраз нашага нацыянальнага героя, яго родныя мясціны, Кастуся сярод паўстанцаў, Свіслацкую гімназію, дзе ён вучыўся. На выставе прадстаўлены зброя паўстанцаў, прадметы побыту сям’і Каліноўскіх, якія былі знойдзены падчас раскопак на тэрыторыі былой сядзібы ў Якушоўцы, дакументальныя матэрыялы кастрычніцкага рэвалюцыйнага паўстання 1863–1864 гадоў, друкаваныя выданні, прысвечаныя жыццю К. Каліноўскага, афішы да оперы «Кастусь Каліноўскі» і шмат чаго іншага.
Ці думаў калі Кастусь, што такія простыя рэчы, як падшклянак, у якім некалі стаяла шклянка з гарбатаю ці каваю, якую любіў ён піць на сняданак, прас, якім прасаваў сваю белую кашулю, відэлец, ключ, стануць такімі бясконца дарагімі для нашчадкаў толькі таму, што ён імі карыстаўся, што яны яму належалі?..
На выставе прадстаўлены і дакументы з судовай справы Каліноўскага, якія былі сабраны жандармерыяй. На іх падставе яго і прыгаварылі да шыбеніцы.
Усе, хто наведае гэтую выставу, бліжэй пазнаёмяцца з Кастусём Каліноўскім, яго такім кароткім, але слаўным жыццём. Трэба памятаць, што аддаў ён яго за бедных сялян і жаданне бачыць іх вольнымі і шчаслівымі.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.