Хачу падзяліцца з чытачамі сваімі назіраннямі напярэдадні навагодніх святаў.
У снежні перад работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі паўстае першачарговае пытанне: як упрыгожыць горад да Новага года. Сёлета з гэтай мэтай была створана “каманда” пад кіраўніцтвам А. Г. Федарчука. І вось закіпела работа. У першую нядзелю снежня апрануліся ў святочныя ўборы ліпкі вакол галоўнай плошчы і векавыя елкі насупраць раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Выпадкова ад людзей я пачула, што галоўная ёлка горада плануецца незвычайная: будзе складацца з мноства маленькіх елачак. Ужо на тэрыторыі прадпрыемства хлопцы вараць для яе каркас.
Я жыву побач з плошчай, пачала назіраць за падзеямі. Раней, памятаю, прывязуць елку, бывала, і няўдалую, і аднабокую. Але падмайструюць і за дзень-другі ўпрыгожаць. Ствол абкруцяць бліскучай фольгай, паставяць лялечнага Дзеда Мароза і… весяліся народ, святкуй Новы год! А цяпер? Новыя тэхналогіі, новыя магчымасці.
9 снежня ўстанавілі металічны каркас. А назаўтра на плошчы дзейнічалі два аўтакраны са стрэламі рознай даўжыні. Адны работнікі падбіралі неабходную елачку, другія чаплялі дрэўца да стропаў пад’ёмнага троса і падымалі ўгору. На другім кране ў прычэпленай люльцы працаўнікі хутка подхоплівалі елачку і прымацоўвалі яе да каркаса. Усё ішло, як па канвееры. І так зладжана, спрытна, хутка. Спатрэбіліся два дні, каб змайстраваць лясную прыгажуню з трох ярусаў. Не паспелі яшчэ аўтакраны скласці свае стрэлы, як пад’ехаў трактар, падмёў навокал, затым машына – адвязла смецце. На наступным тыдні ў панядзелак з самага ранку “каманда” Федарчука пачала ўпрыгожваць вялікую прыгажуню. Не пакладаючы рук камунальшчыкі вешалі гірлянды, якіх пайшло на ёлку больш за дзвесце. Кожную трэба было падабраць па колеру і памеру. Калі ўверсе на кране шчыравалі ўжо знаёмыя працаўнікі, то ўнізе завіхаліся дворнікі: ставілі агароджу, упрыгожвалі аснову. Потым на ёлку павесілі рознакаляровыя шары.
Вечарам атрыманае хараство ацэньвала камісія, было пробнае ўключэнне, зроблены некаторыя заўвагі. А ў сераду навялі канчатковы марафет галоўнай ёлкі горада.
Напярэдадні Новага года хачу звярнуцца да чытачоў з такімі словамі: дарагія людзі, шануйце, цаніце тое, што мы маем! Міра, здароўя і шчасця ўсім вам. Шчодрых, багатых Каляд і вясёлага ўрадлівага новага года! Не забудзьцеся загадаць пад ёлкай запаветныя жаданні, бо ў новым годзе яны абавязкова здзейсняцца.
Вольга Бальтар.