banner

Падарунак з сюрпрызам

16 Октября’15
985
Падарунак  з сюрпрызамНапярэдадні свята пажылых людзей Ганна Генрыхаўна Сарай папярэдзіла мяне, што з ясляў-сада № 2 г. Свіслачы прыйдуць выхаванцы са святам віншаваць. 
Папярэджаны – значыць узброены. Навяла марафет, прыдбала цукерак, запрасіла знаёмых. Думала, выйдзе квартэт, але адна бабка захварэла, атрымалася трыа: я, Аляксандра Максімаўна Дробава і Эмма Іванаўна Семаковіч.
І вось у вызначаны час першага кастрычніка раніцай да нашага дома падкаціў "мерседэс”, з дзвярэй якога, нібы восеньскія птушкі, павыляталі выхаванцы дзіцячага садка ў суправаджэнні феі – выхавацельніцы Наталлі Васільеўны Семянякі і рыцараў Дзмітрыя Уладзіміравіча Бародзіча з баянам і Дзмітрыя Віктаравіча Салдаценкава ў ролі кіроўцы і фатографа.
Сямёра анёлаў-дзетак завіталі ў кватэру. Гэтую дзявочую квецень упрыгожваў хлопчык-баравічок. Усе дзеткі па-святочнаму апранутыя, з пышнымі чароўнымі бантамі. Іх тварыкі свяціліся такой пяшчотай, цеплынёй, ласкай. А гэта не прыклеіш. А як пачалі чытаць свае віншаванні, у рух пайшлі і пальчыкі, і ручкі… У сваім выступленні яны ўслаўлялі нас, людзей старэйшага пакалення. Вось і сувязь: дзяды, бацькі і ўнукі. Нам былі падораны кветкі, зробленыя ўласнымі рукамі. А гэта дарагога каштуе!  На памяць усе разам сфатаграфаваліся. 
Наталля Семяняка перадала віншаванні і падарунак з кветак захварэўшай бабульцы. А бабульцы гэтай пайшоў ужо дзевяноста другі гадок. А. У. Ксюніна – старажыл.
Хачу расказаць, як я раскрыла сюрпрыз падоранага букета. 
Старое – што малое… Разглядваю кветкі, а гэта тры ружы – чырвоная, ружовая і фіялетавая ў абрамленні зеляніны, перавязаныя стужачкай і запакаваныя ў салатавую сетачку з залатой ніткай. Прыгаворваю пры гэтым дзіцячую лічылку: "Калдуй, баба, калдуй, дзед, адгадай пра наш сакрэт…” Падабрала годную вазачку, паставіла букет. А ваза – раз! – і перакулілася. Ага, значыць, верх пераважвае ніз (гэта фізіка). Хаджу каля букета, нібы кот каля смятаны, думаю… Успомніла з біялогіі пра песцікі, тычынкі. Заглядаю ў сярэдзіну букета. А там нешта свеціцца залатым агеньчыкам. Прыгледзелася, а гэта цукерка паблісквае сваім хвосцікам. І так захацелася яе выцягнуць, раскруціць! А ў галаве, нібы Карлсан, гудзе: «Цярпенне, бабка, і яшчэ раз цярпенне». Ай, думаю, яшчэ не вечар. Успомніла і мужа-нябожчыка, настаўніка фізікі, і чаму ён вучыў… І так мне сорамна стала за свае грэшныя думкі пра раскручванне. Чыесьці ўмелыя рукі з любоўю рабілі букет, а я?! Панюхала кветкі – пахнуць шакаладам… Прысела, малюю геаметрычныя фігуры, выбіраю, якая найбольш удала падышла б да цукеркі... Эліпс – нібы матэматык падказаў. Якая ж гэта цукерка ў форме эліпса? Сюрпрызам аказалася "Залатая лілія”.
Так і ў жыцці. За знешняй прыгажосцю мы не заўважаем, не цэнім унутранага хараства.
Паважаныя работнікі ясляў-сада № 2 г. Свіслачы, дзякуй вам за ўвагу. Моцнага вам здароўя, дабра, міра і здзяйснення задумак. Чакаем сюрпрызаў. 
Вольга БАЛЬТАР, 
пенсіянерка.

Предыдущая статья

Мама… В этом слове столько света