banner

«Пушчанскія напевы»

11 Октября’15
1689
«Пушчанскія напевы»
Льюцца песні, як вада 
з крынічкі.
Ой з-пад моста, моста
Плыве рыбка з хвостам.
Люблю я, люблю таго 
кавалера,
Што высокі ростам…
Гучаць, пераліваюцца галасы жанчынак – і замірае поўная зала гледачоў. На сцэне народны ансамбль песні і музыкі "Пушчанскія напевы” сектара культуры і вольнага часу аграгарадка Пацуі. Хто хоць раз пачуў, будзе заварожаны песнямі ў яго выкананні. Таму што песні тыя льюцца з самых сэрцаў спявачак, як крынічная вада з самых недраў зямлі.
Гэты цудоўны калектыў існуе з сакавіка 1993 года, калі ў Пацуеўскі сельскі Дом культуры прыйшла працаваць мастацкім кіраўніком Святлана Лукашэвіч, жанчына, валодаючая рэдкай прыгажосці голасам, які дастаўся ёй ад дзядоў і бацькоў. Яна з самага дзяцінства не ўяўляла сябе без песні. Спявала з маленства. І калі прыйшла пара выбіраць сабе прафесію, паступіла ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча на харавое аддзяленне. Пасля заканчэння год працавала ў роднай вёсцы Вялікае Сяло, а потым, пасля дэкрэтнага водпуску, перайшла ў Пацуі.
Так склалася, што ўсе тры работніцы ўстановы культуры – Святлана Аніська, хармайстар Вера Кавалеўская і Святлана Лукашэвіч – мелі прыгожыя галасы і пачалі спяваць разам. Акампанаваў ім таленавіты музыкант, якога, на жаль, ужо няма на свеце, Тадэуш Лапошка. Трыа назвалі "Чабарок”, і яго "водар” у хуткім часе быў пачуты ва ўсіх куточках раёна, а потым і вобласці. Паціху ў калектыў пачалі ўлівацца новыя выканаўцы: Таіса Церабілка, Валянціна Балюк, Алена Дубанос, потым дабавіліся Вольга Жданюк, Аляксандра Градава, Наталля Бубен. У аркестровай групе ігралі Віктар Пазняк, Віктар Барэль, Ірына Барэль і Віталь Аніська. Атрымаўся  сапраўдны ансамбль, які зайграў новымі фарбамі, загучаў прафесіянальна. Калектыў стаў называцца "Пушчанскія напевы”, і ўжо ні адзін канцэрт, ні адно раённае мерапрыемства не абыходзілася без яго ўдзелу. 
Рэпертуар ансамбля разнастайны, але ў асноўным гэта беларускія народныя песні, якія з задавальненнем слухаюць і дарослыя, і моладзь, і дзеці. У калектыва свае прыхільнікі, іх з захапленнем слухалі на фестывалі "Ярмарка Зубра” ў Польшчы, на "Свіслацкім кірмашы”, на фестывалі "Гамоняць пушчы беларускія”, наогул, "Пушчанскія напевы” – аснова ўсіх канцэртаў. 
Званне "народны” ансамблю было прысвоена ў лютым 2008 года. І гэта права ён носіць заслужана. 
Спачатку яго кіраўніком была Святлана Лукашэвіч, а зараз Наталля Шчэрбань. У ансамблі шэсць спявачак і чатыры музыканты. Усе вакалісткі работнікі культуры. Таццяна Казакевіч і Таццяна Філіновіч прыязджаюць на рэпетыцыі з Дабраволі і Нязбодзічаў. 
Дык няхай гучаць іх галасы ва ўсю моц, каб "Пушчанскія напевы” пачулі ва ўсіх куточках нашай любай Беларусі і за яе межамі. Няхай не сціхае музыка, няхай льюцца і льюцца песні.


Ядвига КОБРИНЕЦ.

Предыдущая статья

Песня дарит ей крылья