Гучалі яны на розных пляцоўках у старажытным і ў той жа час памаладзеўшым Шчучыне ў мінулыя выхадныя. Краіна святкавала ХХІІ Дзень беларускага пісьменства. Адноўленыя аб’екты культуры, сацыяльнай сферы, помнікі дойлідства ў святочным горадзе – усё гэта стала магчымым дзякуючы шырокай падтрымцы органаў дзяржаўнага кіравання і плённай працы міністэрстваў.
Шматлюдна было ўжо ў суботу, 5 верасня. Працавалі розныя выстаўкі, праводзіліся канферэнцыі, конкурсы. Паразважаць на тэму "Літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства” мелі магчымасць удзельнікі міжнароднага "круглага стала” "Сугучча”. Паэты і празаікі з васьмі краін абмяркавалі пытанні, звязаныя з "беларускімі” нумарамі ў літаратурна-мастацкіх выданнях.
Мы, беларусы, шчыра дэманструем усім народам свету, што хочам жыць з імі ў міры і шчасці. Таму сардэчна віталі на свяце гасцей – дыпламатаў, пісьменнікаў, журналістаў і не толькі – з Расіі і Украіны, Казахстана і Таджыкістана, Азербайджана і Арменіі, Літвы і Малдовы, Сербіі і Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны, ЗША.
Урачыстае адкрыццё свята адбылося 6 верасня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, размешчанай на набярэжнай каля мясцовага Дома культуры. Маляўнічыя навакольныя краявіды нібы ўзгадвалі, што сёлетняя сталіца беларускага пісьменства абрана невыпадкова. Хвіліна-другая, і вядомыя таленавітыя вядучыя запрашаюць на сцэну намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь М. І. Русага, намесніка старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І. І. Бузоўскага, старшыню Гродзенскага аблвыканкама У. В. Краўцова, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, старшыню Шчучынскага райвыканкама С. В. Ложачніка.
Прывітальнае слова гасцям і ўдзельнікам свята даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. У ім зазначана, што Дзень беларускага пісьменства аб’ядноўвае тых, хто з вялікай павагай ставіцца да роднага слова, здабыткаў нашага народа. Толькі ў мінулым годзе ў нашай краіне было выдадзена звыш 11 000 найменняў кніг і брашур тыражом больш за 30 мільёнаў экзэмпляраў.
Упершыню ў краіне на ХХІІ Дне беларускага пісьменства ўручалі Нацыянальную літаратурную прэмію за лепшыя творы 2014 года. Сярод 45 пададзеных на конкурс у розных намінацыях работ трэба было выбраць сем лепшых. У адной з намінацый пераможцу не вылучылі, таму ўсіх аўтараў шэсць: У. Саламаха, Т. Краснова-Гусачэнка, М. Шыманскі, Г. Скаржынская-Савіцкая, Дз. Марціновіч, Н. Голубева. Літаратурную прэмію пісьменнікам уручалі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л. С. Ананіч, пісьменнік, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі М. І. Чаргінец, міністр культуры Б. У. Святлоў і міністр адукацыі М. А. Жураўкоў.
Значнай для ўсёй краіны падзеяй у Год моладзі стала адкрыццё пасля рэканструкцыі архітэктурнага помніка канца ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў – палаца князёў Друцкіх-Любецкіх. Тут будзе размешчаны Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. А. Лісковіч ад імя ўсіх прысутных выказаў надзею на тое, што з гэтых сцен не за доўгім часам выйдуць у свет маладыя таленавітыя асобы. Тым больш, што конкурс юных чытачоў "Жывая класіка” паказаў – недахопу ў іх няма.
Сярод падарункаў, якія застануцца жыхарам горада назаўсёды, варта таксама адзначыць рэканструкцыю цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі, адкрыццё першага магазіна-кавярні, дзе можна набыць кнігі айчынных аўтараў і выдавецтваў, аднаўленне раённага Дома культуры і набярэжнай.
Па суседству, на сцэнічнай пляцоўцы, праходзіла літаратурнае свята "Бацькаўшчына светлая мая”. Падчас яго гледачы маглі ўжывую пагутарыць з пісьменнікамі і паэтамі, выдаўцамі кніг і вядомымі журналістамі, пазнаёміцца з прэзентацыяй выдавецкіх праектаў і кніг – пераможцаў абласнога конкурса імя Цёткі.
А святочны настрой стваралі музычныя і тэатральныя калектывы, дзе нараўне з аматарамі прымалі ўдзел такія мэтры сцэны, як мужчынская вакальная група "Чысты голас”.
Побач у гарадскім скверы па вул. Савецкай размясціўся горад майстроў "Народная творчасць – крыніца натхнення”. Тут можна было набыць сувеніры, паўдзельнічаць у майстар-класах народных умельцаў. Жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў ролі ганчара ці каваля і пабачыць, як працуе старажытны друкарскі станок.
Запамінальнай для шчучынцаў і гасцей свята стала фестывальная пляцоўка "Гамоняць пушчы беларускія”, прадстаўленая аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама. А пачаставацца "Восеньскімі прысмакамі” можна было на пляцоўцы Свіслацкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага грамадства. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прэзентаваў на свяце турыстычны патэнцыял нашага раёну.
У суботу і нядзелю на цэнтральным Шчучынскім стадыёне "Алімп” праходзілі фінальныя абласныя спаборніцтвы па футболе сярод юнакоў 2001–2003 гадоў нараджэння ў рамках спартакіяды "Каласок” для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў. Спаборніцтвы праходзілі пад кіраўніцтвам упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. Непасрэднае правядзенне спаборніцтваў ажыццяўляў Шчучынскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. У іх прымалі ўдзел пяць каманд: Шчучынскага, Гродзенскага, Навагрудскага, Іўеўскага і Ваўкавыскага раёнаў. Кожная з іх стала пераможцам занальных спаборніцтваў у сваёй групе і выйшла ў фінал. Фінальныя спаборніцтвы праходзілі пры падтрымцы балельшчыкаў, якія запоўнілі трыбуны стадыёна. На стадыёне панавала атмасфера сапраўднага дарослага футбольнага чэмпіянату. Нягледзячы на тое, што ў футбол гулялі дзеці, за мяч яны змагаліся, як дарослыя, і як дарослыя, сціснуўшы зубы, цярпелі ўдары саперніка. Суддзі за парушэнні раздавалі жоўтыя карткі, а за грубыя парушэнні нават выдалялі з поля. Каманды гулялі па кругавой сістэме – кожная з кожнай. І вось у выніку 5 месца ў Навагрудскага раёна, на 4 месцы Ваўкавыскі раён, 3 месца ў каманды Гродзенскага раёна, на 2 – Іўеўскі раён і 1 месца ў гаспадароў, у каманды Шчучынскага раёна. Каманды-прызёры былі ўзнагароджаны граматамі, медалямі і кубкамі ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.
Наша калега Н. А. Рыбік разам з народным тэатрам ДУ "Астравецкі цэнтр культуры і народнай творчасці” прадставіла гледачам незабыўны "Калядны вечар”.
Дзень беларускага пісьменства...
Гавораць з намі тут вякі,
І слова роднае нязменна
Ляціць у сонечны блакіт.
Дзякуй, Шчучын, за гасціннасць і натхненне!
Вольга БУБЕНЧЫК,
Ігар БАЯРКІН.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.