banner

Летні музей у двары ўласнага дома, або Мы зноў у Гурчынах

08 Сентября’15
1656
Летні музей  у двары ўласнага дома,  або Мы зноў у Гурчынах
Нячаста даводзіцца сустрэць такую «альтанку-музей» на асабістым падворку, а калі шчыра казаць, то з гэткай забудовай я сутыкнулася ўпершыню. Канешне ж, ёсць ва ўладальнікаў прысядзібных участкаў цікавыя ідэі і задумкі па аздабленні і добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый асобнымі элементамі вясковага побыту, калі выкарыстоўваюцца сячкарні, лапці, жорны, колы ад калаўрота і іншае. У Веры Паўлаўны і Івана Пятровіча Аўсейкаў усё гэта ў комплексе. 
Гаспадары летняга музея падзяліліся, што збіраць экспанаты нялёгка. Нешта засталося ад бацькоў, якія жылі ў гэтай хаце. А вось, напрыклад, люльку, без якой раней не ўяўляла свой побыт ні адна сялянская сям’я, падарыла Веры Паўлаўне сяброўка. Такім жа чынам у музеі з’яўляліся і іншыя рэчы: маслабойка, газавыя лямпы, вялікі куфар, прас на вуглі. Перш чым адправіць тую ці іншую рэч у музей, гаспадары надаюць ёй прывабны выгляд. 
– Рэстаўрацыя прадметаў побыту патрабуе ўседлівасці і цярпення, – расказвае Вера Паўлаўна. – Вядома, што з цягам часу рэч губляе свой знешні выгляд. І без пэўных намаганняў не абыходзіцца. Штосьці зачышчаецца, шліфуецца, падмалёўваецца лакам альбо фарбай, рамантуецца, і толькі тады рэч уладкоўваем у музей.
Летні музей  у двары ўласнага дома,  або Мы зноў у Гурчынах
Са шкадаваннем гаспадыня ўспамінае пра кросны, што ў суседкі не паспела забраць да пажару. Ім таксама тут утульнае месца знайшлося б. 
Дарэчы, акінуўшы вокам ужо добра знаёмую прыдамавую тэрыторыю, зноў заўважыла змяненні. Пры ўваходзе ў дом з’явілася новая тэраса з круглым столікам, канапай і мяккім крэслам. За хатаю штучнае азярцо, другое – амаль напагатове. 
Знайшлося ў двары месца для птушынай гасцініцы, зробленай з карчагі, якую нагледзелі руплівыя гаспадары падчас добраўпарадкавання вясковай вуліцы. Праўда, пакуль размясціліся на ёй толькі штучныя птушачкі і вавёрачкі. Аднак гаспадар спадзяецца, што ў халодную зімку сюды на ласункі прыляцяць сапраўдныя крылатыя сябры.     
Елена КЕДИК.

Предыдущая статья

Незамысловатое углубление