banner

Дзе можна добра адпачыць? На Свіслаччыне!

03 Августа’15
1427
Дзе можна добра адпачыць?  На Свіслаччыне!
 
Колькі прыгожых куточкаў у нашай Беларусі! Якія добрыя людзі ў нас! У гэтым мы яшчэ раз упэўніліся ў час выязнога лагера палатачнага тыпу. На гэты раз наш маршрут пралягаў па тэрыторыі Свіслацкага раёна. Чатыры дні былі проста незабыўныя. А пачалося наша гасцяванне ў Свіслацкім раёне з наведвання канцэрта цыганскага ансамбля "Рада” на пляцоўцы ля РДК у Дзень Незалежнасці. Вясёлыя песні і танцы артыстаў уразілі кожнага прысутнага. А затым было возера Стокі. Ноч з гітарай ля кастра, песні ў выкананні Ігара Баяркіна і Валерыя Асіеўскага глыбока запалі ў сэрца кожнага. Цудоўнае надвор’е, цёплая вада, гульня ў валейбол, паласа перашкод, пікеты і дзень індзейскай моды – час праляцеў, як імгненне.
Далей наш шлях ляжаў у Ціхаволю. Для мяне асабіста турбаза ў Ціхаволі – нейкі райскі куточак. Тут пануе асаблівая аўра душэўнага спакою. Нас ветліва сустрэла загадчык гаспадаркі Ядвіга Іосіфаўна Груша. Пасля чатырох начэй у палатках ложак паказаўся "царскім”, а душ з цёплай вадой – чымсці неверагодным. 
На наступны дзень да нас прыехала дырэктар Свіслацкага цэнтра турызму і краязнаўства Ірына Паўлаўна Шыманюк – цудоўны экскурсавод і добрая жанчына. Амаль цэлы дзень, у спякоту, яна апавядала нам пра гісторыю Свіслацкага краю. У яе суправаджэнні мы наведалі пагранзаставу ў Тушамлі, дзе начальнік правёў проста выдатную экскурсію па сваёй гаспадарцы, паказаў быт салдатаў-пагранічнікаў, сабак і нават дазволіў вучням патрымаць у руках зброю. З задавальненнем мы наведалі Музей адной сядзібы ў вёсцы Рудні. Як цікава расказвала Ірына Паўлаўна пра экспанаты музея, гісторыю вёскі! На самай справе не хацелася пакідаць гэты музей. 
Яшчэ нам пашчасціла пабываць на свяце "Купалле”. Цікавая праграма Ціхавольскага клуба, падрыхтаваная работнікамі, цудоўнае выкананне песень народным гуртам з аграгарадка Пацуі, дыскатэка толькі прыбавілі добрых уражанняў пра Ціхаволю. А доўгачаканы лівень і агромністая вясёлка над вёскай зрабілі нашу вандроўку больш запамінальнай.
Не трэба ехаць за мары-акіяны, наведайцеся ў Свіслач, у Белавежскую пушчу, у Ціхаволю – і вы зразумееце, наколькі там прыгожа і спакойна.

P. S. На днях нам патэлефанавалі з Ціхаволі і паведамілі, што адзін з нашых вучняў на турбазе пад ложкам пакінуў красоўкі. Цудоўна, значыць, мы туды яшчэ вернемся.

Дырэктар, настаўнікі і вучні Воўпаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.

Предыдущая статья

3 в 1: одежда, обувь, бытовая техника, или С легкой руки сестры