Працягваючы свае вандроўкі па раёну, мы завіталі ў Качкі – невялікую вёску на тэрыторыі Нязбодзіцкага сельсавета ў складзе філіяла «Нязбодзічы» ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат».
Адкуль паходзіць назва вёскі? Паводле гістарычных даных вёска ўзнікла ў канцы XVIII стагоддзя, і прозвішча першага пасяленца было Качка. Але гэтая зямля была заселена яшчэ ў IX–XII стагоддзях, аб чым сведчаць знойдзеныя ў 1983 годзе фрагменты глінянага посуду той эпохі на селішчы ўздоўж левага берага ракі Калонкі. У 1897 годзе Качкі ўваходзілі ў склад Дабравольскай воласці, налічвалі 21 гаспадарку, 167 жыхароў. У 1905 годзе ў вёсцы пражывала 158 чалавек.
У гады Вялікай Айчыннай вайны амаль палова насельніцтва вёскі была знішчана нямецкімі акупантамі. Карацельны батальён № 323 летам 1942 года здзейсніў на свіслацкай зямлі жудаснае і крывавае злачынства, закатаваўшы ў кар’еры каля Гаркаўшчыны сорак чатыры жыхары вёсак Нязбодзічы і Качкі.
Сёння ў Качках налічваецца 16 гаспадарак, 21 жыхар, у тым ліку 16 чалавек пенсійнага ўзросту.
Адна дарога на дваіх
Сёлета Уладзімір Іванавіч і Лідзія Сцяпанаўна Турак адзначаюць залатое вяселле. У чым жа сакрэт іх доўгага шчаслівага сямейнага жыцця? Яны лічаць, што ва ўзаемапавазе, дабрыні і шчырасці.
Уладзімір Іванавіч – карэнны жыхар вёскі. Яго бацьку, як і большасць сялян-мужчын, забілі немцы. З сямі гадоў хлопчык быў вымушаны пасвіць калгасныя статкі, каб дапамагчы маці падняць на ногі малых брата і сястрычку. З роднай вёскай звязана ўсё яго жыццё. На працягу 36 гадоў Уладзімір Іванавіч працаваў на свінаферме.
Лідзія Сцяпанаўна родам з хутара Нязбодзічы. У сям’і выхоўвалася адзінаццаць дзяцей. Пасля вучобы ў Дрэчанскай школе дзяўчына пайшла працаваць на кароўнік.
– Прыходзілася цяжка, – успамінае Лідзія Сцяпанаўна. – Доўгі час кароў даілі ўручную. Ды трэба было яшчэ вычысціць стойлы, памяняць падсцілку, раздаць кармы.
Уладзімір Іванавіч і Лідзія Сцяпанаўна выгадавалі сына і дзвюх дачок. Дзеці атрымалі адукацыю, зараз жывуць у Ваўкавыску. Дзядуля з бабуляй прыждалі дзесяць унукаў і праўнука. Яны цешацца кожнай сустрэчай з імі, вельмі любяць, калі дом напаўняецца роднымі галасамі.
А яшчэ нашы гаспадары вельмі любяць кветкі. У гэтым годзе, як ніколі, у іх палісадніку буйна цвітуць родадэндроны, вяргіні, аксаміткі, нібы віншуючы Уладзіміра Іванавіча і Лідзію Сцяпанаўну с залатым юбілеем сумеснага жыцця.
Гора яе не зламала
Жыццё пражыць – не поле перайсці. Гэтая мудрая народная прыказка ў поўнай меры датычыцца і Ніны Сцяпанаўны Качко. Яна не прывыкла скардзіцца на свой лёс, за столькі гадоў усё спазнала: і радасць, і горыч.
Нарадзілася яна за дзень да вайны, 21 чэрвеня 1941 года, на хутары Нязбодзічы. Дзіця вайны, яна рана стала дарослай, спазнаўшы голад, холад і боль страты родных людзей. Дзеці па чарзе насілі латаную-пералатаную адзежу, зімою – адны валёнкі на ўсіх. Не хапала хлеба, елі шчаўе, лебяду ды крапіву.
Працоўны шлях Ніны Сцяпанаўны пачаўся, калі была яшчэ падлеткам. Скончыўшы Дрэчанскую сямігодку, уладкавалася ў калгас паляводам. Так шчыра і працавала ўсё жыццё ў гаспадарцы. Спачатку ў паляводстве, затым грузчыкам, а апошнія дваццаць гадоў на цялятніку.
У маладосці сустрэла добрага хлопца. Васіль працаваў трактарыстам. Прыйшло каханне, жыццё завіравала, напоўнілася шчасцем і новымі спадзяваннямі, асабліва калі нарадзіўся сынок. Здавалася б, жыві і радуйся. Але праз 7 гадоў мужа не стала.
Гора не зламала жанчыну. Яна па-ранейшаму працавала, часта ўзвальваючы на свае худзенькія плечы мужчынскую справу. Замуж больш не выйшла, хаця прапановы былі. Адна вырасціла сына, дачакалася ўнучку, каб аддаць ёй цеплыню свайго сэрца, усю любоў і ласку.
Вось і сёння Ніна Сцяпанаўна нягледзячы на ўзрост завіхаецца па гаспадарцы. З нецярплівасцю чакае ў госці родных людзей, гатуе для іх розныя прысмакі. Калі не шчыруе каля пліты ці на агародзе, то займаецца рукадзеллем. Аб яе захапленні вышываннем ведае ўся вёска.
Вось так і жыве простая вясковая жанчына, з успамінамі пра былое і верай у будучыню.
Радавацца кожнаму
мірнаму дню
Леанід Дзмітрыевіч Турак – адзін з найстарэйшых жыхароў вёскі. Апошні час усё часцей і часцей успамінае ён тое, што было перажыта ў час ваеннага ліхалецця. Але найбольш яскрава паўстае перад вачыма пачатак жніўня 1942-га – дзень, калі нямецкія карнікі забілі яго бацьку, Дзмітрыя Лявонцьевіча.
Калі вайна ўварвалася ў мірнае сялянскае жыццё, Леаніду ішоў чатырнаццаты год. Падлетак паспеў скончыць тры класы Гаркаўшчынскай школы.
– Усіх жыхароў Качок, якія знаходзіліся ў партызанскай зоне, вывезлі ў Нязбодзічы, дзе з першых дзён вайны панаваў жорсткі акупацыйны рэжым, – успамінае Леанід Дзмітрыевіч. – У 1942 годзе ў пушчанскіх лясах актыўна дзейнічалі партызаны. Незадоўга да памятнай трагедыі яны пусцілі пад адхон варожы цягнік і падпалілі нямецкую камендатуру.
У Нязбодзічах высяленцы жылі ў сваякоў. Леанід і сын гаспадара ў тую ноч начавалі на вышках. Немцы завіталі ў хату раптоўна, на досвітку. Забралі бацьку і гаспадара хаты. Прыгналі на падворак і іншых мужчын. Пачалі здзеквацца над людзьмі, цкавалі іх сабакамі. Потым партыямі адвозілі на машыне ў кар’ер і расстрэльвалі. Леанід бачыў, як на машыну загналі і бацьку... Ён памятае, як крычалі жанчыны, адшукваючы ў кар’еры целы родных людзей. Памятае, як знайшлі свайго тату, завярнулі яго ў саматканы дыван і абклалі дошкамі, таму што немцы не дазвалялі хаваць забітых на могілках. І толькі ў 1943-м сяляне перахавалі астанкі расстраляных на могілках у Дабраволі.
Пасля вызвалення асірацеўшыя сем’і вярнуліся ў родныя мясціны, зруйнаваныя лютасцю ворага. Усе разам будавалі новыя хаты.
Паступова наладжвалася мірнае жыццё. У 1950-м Леаніда мабілізавалі ў армію. Служыў у стралковым палку на Урале. Вярнуўшыся на родную зямлю, уладкаваўся вадзіцелем у калгас імя Мічурына. У 1955 годзе ажаніўся. Разам з жонкай Надзеяй Віктараўнай яны выгадавалі траіх сыноў. Віктар і Андрэй працягваюць дынастыю хлебаробаў, працуюць у аддзяленні «Корнадзь» УСП «Новы Двор-Агра», Анатоль – на чыгунцы. Сёння Леанід Дзмітрыевіч і Надзея Віктараўна радуюцца чатыром унукам і двум праўнукам. Яны лічаць сябе шчаслівымі, бо ведаюць цану кожнаму новаму дню пад мірным небам радзімы.
Боль, які цяжка
супакоіць
Калі пачалася вайна, Зінаіда Андрэеўна Раецкая толькі нарадзілася. Але ж памяць захавала яскравыя расказы маці, якія назаўсёды запалі ў сэрца... І сёння яна памятае ўсё, што давялося перажыць у гады вайны.
– Падчас акупацыі ўсе сем’і былі вывезены з Качкоў у Нязбодзічы. Нашу сям’ю прынялі сваякі, – расказвае жанчына. – Было гэта пасля свята Пятра і Паўла, ужо касілі збожжа. Ранкам маці пайшла будзіць старэйшага брата, каб выгнаў карову на пашу. У гэты час у хату ўварваліся немцы, выгналі тату, гаспадара і яго сына. Разам з іншымі мужчынамі пагналі іх у бок Дрэчанаў. Затым жорстка білі, вывозілі машынамі ў бок Гаркаўшчыны і расстрэльвалі. Маці і іншыя жанчыны пабеглі да таго кар’ера. Яны сталі сведкамі жудаснай карціны: гітлераўцы дабівалі параненых людзей... Толькі адзін чалавек здолеў тады выратавацца. Калі ён падаў паранены, то на яго ўпаў ужо забіты бацька Зінаіды Андрэеўны, і немцы падумалі, што ён мёртвы. Калі ўсё сціхла, мужчына вылез з-пад забітага і ўцёк. Доўга хаваўся ў жыце, увесь ссівеў…
Пасля акупаціі, у 1944 годзе, старэйшы брат Сяргей пайшоў на фронт дабравольцам, каб адпомсціць ворагу за бацьку. Салдацкі рэчавы мяшок збіралі ўсёй вёскай.
У 1949-м годзе сям’я вярнулася ў Качкі. Каб дапамагчы маці, старэйшыя дзеці наймаліся пасці кароў, а Зінаіда шчыравала на хатняй гаспадарцы. Хутка праляцела цяжкае пасляваеннае дзяцінства. Пасля заканчэння Дабравольскай дзесяцігодкі дзяўчына працавала ў Нязбодзіцкай бібліятэцы. Выйшла замуж за Уладзіміра Аляксеевіча, які працаваў вадзіцелем у калгасе. У сям’і нарадзіліся Алла і Сяргей. Дзеці для яе, як і для любой маці, – самае вялікае шчасце. Сем гадоў таму жанчына аўдавела. Сёння Зінаіда Андрэеўна жыве радасцямі і клопатамі дачкі і сына, чатырох унукаў, маленькіх праўнукаў, якія часта наведваюць любую матулю і бабулю.
Кацярына ДУДКО (тэкст і фота).