
Вялікую ролю ў духоўным жыцці старажытнай Беларусі адыгрывалі манастыры, дзе ажыццяўляліся перапіска і пераклад кніг. У Полацку перапіскай і распаўсюджваннем кніг займалася знакамітая князёўна Ефрасіння Полацкая. Адметна, што самым папулярным жанрам арыгінальнай літаратуры была аповесць.
Вяршыняй старажытнай усходнеславянскай літаратуры з’яўляецца «Слова аб палку Ігаравым», прасякнутае глыбока патрыятычным пафасам, фальклорнай, язычніцкай сімволікай. Кірыла Тураўскі праславіўся як выдатны майстар урачыстага царкоўнага красамоўства, як аўтар «слоў».
З ХІІІ ст. з’явіліся характэрныя рысы беларускай мовы, якія на працягу ХV–ХVІ стст. выразна акрэсліліся і замацаваліся ў афіцыйных дакументах і іншых помніках беларускай пісьменнасці і літаратуры. З ХІV ст. пачаў ужывацца тэрмін «Белая Русь», спачатку ў дачыненні да паўночна-ўсходніх і ўсходніх рэгіёнаў, а пасля і да ўсёй тэрыторыі Беларусі. Пра рост гістарычнай і этнічнай самасвядомасці беларускай народнасці сведчыла напісанне беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік ХІV–ХVІ стст. («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца»).
Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 года (новыя, пашыраныя рэдакцыі былі прыняты ў 1566 і 1588 гадах) – адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў. Вяршыняй тагачаснай беларускай літаратуры стала гуманістычная дзейнасць вучонага-энцыклапедыста, першадрукара, пісьменніка і мастака Францыска Скарыны, у асобе якога беларуская культура выйшла на міжнародную арэну.
Беларуская народная паэтычная творчасць была непаўторнай формай мастацкага мыслення, багатай крыніцай ведаў, своеасаблівым кодэксам маральных норм. А казачны эпас беларусаў лічыцца адным з найбагацейшых і найярчэйшых сярод славян.
Своеасаблівым сімвалам духоўных сувязей беларусаў і рускіх з’явілася творчасць Сімяона Полацкага, якая вызначыла шляхі развіцця ўсёй усходнеславянскай паэзіі перыяду Асветніцтва.
Сёння мы не павінны забываць, што з 1842 года наогул афіцыйна забараняўся тэрмін «Беларусь», калі замест яго паўсюдна ўводзіўся тэрмін «Паўночна-Заходні край», не дазвалялася друкаванне кніг па-беларуску. У прыгонных тэатрах (у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Шклове, Гродне, Гомелі) ішлі спектаклі на польскай, французскай, італьянскай, нямецкай, рускай мовах. У Нясвіжы і Слуцку магнаты Радзівілы стварылі музычную, вакальную і балетную школы, дзе французскія і італьянскія спецыялісты вучылі майстэрству прыгонных музыкантаў, спевакоў, танцораў.
У 1840–1850 гады дзейнічаў тэатр В. Дуніна-Марцінкевіча, які паставіў першы беларускі музычны спектакль «Ідылія». У ХІХ стагоддзі збіраліся і публікаваліся разнастайныя матэрыялы па фальклору і этнаграфіі беларусаў («Слоўнік беларускай мовы» І. Насовіча, шматтомныя фальклорна-этнаграфічныя працы А. Кіркора, Е. Раманава, П. Шэйна, М. Нікіфароўскага, М. Федароўскага, А. Сержпутоўскага). Фундаментальны ўклад у беларусазнаўства зрабіла даследаванне Я. Карскага «Беларусы».
Найярчэйшым выражэннем нацыянальнай свядомасці ў пачатку ХХ ст. стаў верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Асабліва шмат для згуртавання беларускіх літаратурных сіл зрабіла газета «Наша ніва». Заснавальнікамі новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы сталі Янка Купала і Якуб Колас. На аснове вечароў беларускай культуры, што адбываліся ў гарадах і вёсках па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, нарадзіўся беларускі прафесійны тэатр. Арганізатарам яго стаў Ігнат Буйніцкі.
Айчынная літаратура ХХ ст. выдатна вырашыла задачу зразумення і асэнсавання нацыянальнага характару беларусаў, дыялектыкі нацыянальнага і інтэрнацыянальнага, свайго ўласнага і агульначалавечага. Шмат для духоўнага выхавання народа зрабілі Дзяржаўны тэатр оперы і балета, Беларускі тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі тэатр імя Якуба Коласа, якім нададзена званне акадэмічных.
Сёння беларуская культура развіваецца ва ўмовах узаемаўзбагачэння з культурамі іншых народаў, што выражаецца ў росце мастацкага перакладу кніг, у актывізацыі правядзення дэкад, тыдняў і Дзён беларускай літаратуры і мастацтва на Беларусі і за яе межамі. Нам разам пісаць і тварыць гісторыю і культуру Беларусі ХХІ стагоддзя і яе надзвычай таленавітага народа! Бо дзе ж яшчэ знайсці любоў да Бацькаўшчыны і вернасць запаветам нацыі, калі не ў самога народа?! Менавіта любоў да Радзімы – першае вызначэнне цывілазаванага чалавека.
Канстанцін КАРНЯЛЮК, краязнаўца, г. Віцебск.