banner

Апошні званок – у жыццё новы крок

02 Июня’15
3220
Здавалася б, усё, як заўсёды: пяшчотнае сонейка, шчырыя ўсмешкі, прыгожыя кветкі – адным словам, святочны настрой. Толькі хваляванне новае: крыху сумнае, крыху трапяткое, але такое сапраўднае. Яго адчувалі ўсе прысутныя на свяце апошняга званка ў Дварчанскім ДзС СШ. 
Шчырыя прывітанні гучаць у адрас ганаровых гасцей: старшыні Свіслацкага райвыканкама У. С. Анішчыка, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л. Р. Буяк, старшыні Свіслацкага сельвыканкама В. М. Мацешука, галоўнага спецыяліста ААТ «Акр-Агра» А. Я. Сцепанюк. На пачэсным месцы – выпускнікі 11-га (класны кіраўнік Т. У. Славецкая) і 9-га класаў (класны кіраўнік А. А. Горбач). І вось ужо дырэктар школы Г. І. Крэўчык віншуе ўсіх са знамянальным і хвалюючым днём: 
– Дарагія выпускнікі, сёння для вас гучыць апошні званок. Няхай ён нагадвае вам пра самыя лепшыя хвіліны школьнага жыцця. Перад вамі адчыняюцца новыя гарызонты, і таму я жадаю ўсім перамог, поспехаў, каб кожны з вас знайшоў сябе ў жыцці. 

Апошні званок –  у жыццё новы крок

 

Апошні званок –  у жыццё новы крок

 

Апошні званок –  у жыццё новы крок

 

Апошні званок –  у жыццё новы крок

 


Дырэктар падзякавала калегам за яшчэ адзін год плённай працы, а бацькам – за добрых, сумленных і разумных дзяцей. 
Да святочных віншаванняў далучыўся У. С. Анішчык:
– Сёння ў нашым раёне гучыць апошні званок для 179 адзінаццацікласнікаў і 181 дзевяцікласніка. Дваццаць выпускнікоў прэтэндуюць у гэтым годзе на «залатыя» медалі, дваццаць тры – на дыпломы з адзнакай. За высокія поспехі ў вучобе трынаццаць вучняў атрымаюць прэмію Свіслацкага райвыканкама. Паважаныя выпускнікі, галоўнае ў жыцці не тое, якую адукацыю вы атрымаеце, ваша задача – стаць добрымі спецыялістамі ў абранай прафесіі. Памятайце, вас заўсёды чакаюць у Свіслацкім раёне. А для першакласнікаў у нас падрыхтаваны падарункі – новыя прыгожыя мячыкі. 
Як доказ таго, што ў Дварчанскім ДзС СШ вучыцца шмат таленавітых, творчых і спартыўных дзяцей – уручэнне ўзнагарод, сярод якіх медалі, граматы, дыпломы абласнога і раённага ўзроўняў. Нават вучні пачатковых класаў упершыню атрымалі свае ўзнагароды. Добры пачатак школьнага жыцця. 
Свае віншаванні выпускнікам па традыцыі адрасавалі першакласнікі, першая настаўніца, бацькі. Добрых адзнак, поспехаў, каб здзейсніліся ўсе мары – гучала з розных бакоў. А праз хвіліну-другую на адзінаццацікласнікаў павязалі стужкі з ганаровым надпісам «Выпускнік-2015». Прыгожым і рамантычным падарункам для ўсіх прысутных стаў танец у выкананні вучняў школы. Маленькія артысты падышлі да гэтай справы з усёй адказнасцю, што не магло не выклікаць добрыя ўсмешкі. 
Усхвалявана і ўрачыста прагучаў над сцішанай школай апошні званок. Для выпускніка Паўла Крэўчыка – як запрашэнне ў дарослае жыццё. Для першакласніцы Маргарыты Заміроўскай-Новікавай – як абяцанне новых школьных прыгод. Для ўсіх, хто прысутнічаў на свяце – як знак таго, што ўсё будзе добра. Абавязкова. 

Вольга БУБЕНЧЫК.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

Под лежачий камень...