banner

Захаваем нашу спадчыну

24 Апреля’15
1814
18 красавіка ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў, дэвіз якога «Захаваем нашу гістарычную Радзіму». Гэтае свята – свята нашай культурнай спадчыны: архітэктурных помнікаў і прыродных запаведнікаў, фальклорных і навуковых здабыткаў, гістарычнай памяці – усяго таго, што аб’ядноўвае нас як нацыю.
Згодна з накірункамі, вызначанымі заканадаўствам у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, раённым выканаўчым камітэтам і аддзелам культуры сістэматычна ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па ўліку, захаванню, утрыманню і аднаўленню аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Адпаведна быў створаны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, у які ўключаны 23 аб’екты Свіслацкага раёна: 12 помнікаў археалогіі, 5 помнікаў архітэктуры, помнік К. Каліноўскаму і 5 брацкіх магіл.
Суровы экзамен на мужнасць і стойкасць трымала наша Свіслаччына, якая з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны стала арэнай кравапралітных баёў. Тры гады працягвалася акупацыя раёна, дзе з прыходам нямецкіх захопнікаў устанавіўся жорсткі «новы парадак». Фізічнаму знішчэнню падвергліся яўрэі, савецкія і партыйныя работнікі, а таксама тыя, хто іх укрываў. З першых дзён фашысцкай акупацыі на тэрыторыі раёна пачаў расці партызанскі рух. 
Неўміручая слава герояў, адстаяўшых свабоду і незалежнасць Айчыны ў гады вайны, жыве ў памяці народнай. Іх подзвігі ўвекавечаны ў помніках і мемарыялах. Прах савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў бітвах на свіслацкай зямлі, пахаваны ў брацкіх магілах г. Свіслачы, г. п. Поразава, аг. Новы Двор, в. Гарнастаевічы, в. Занкі, аг. Ханявічы і ў іншых населеных пунктах Свіслаччыны. Сярод загінуўшых камандзір 217-й стралковай дывізіі Мікалай Паўлавіч Масонаў, камандзір 668-га стралковага палка гэтай дывізіі падпалкоўнік Свістанюк, маёр Пячоркін, капітаны Малінін і Тамаркін, старэйшы сяржант Андрэй Дуцеў, лейтэнант Мітрафан Цах, радавы Рафі Шакіраў і многія іншыя. 
Асаблівае месца займае Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у г. Свіслачы па вуліцы 17-га Верасня. Тут пахаваны 398 воінаў 2-га Беларускага фронту і партызаны. Сярод пахаваных – Герой Савецкага Саюза М. П. Масонаў. 
Мікалай Паўлавіч ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны з ліпеня 1941 года. Камандзір 217-й стралковай дывізіі (48-я армія, Першы Беларускі фронт) палкоўнік Масонаў у 1944 годзе ўмела кіраваў баявымі дзеяннямі дывізіі па прарыву ўмацаванай абароны праціўніка ў раёне в. Странькі (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) і фарсіраванні сходу ракі Бярэзіны. Загінуў М. П. Масонаў 17 ліпеня 1944 года пры вызваленні Свіслачы.
Любыя страты спадчыны непазбежна адбіваюцца на ўсіх этапах жыцця сучаснага і будучага пакаленняў, прыводзяць да духоўнага збяднення, разрыву гістарычнай памяці і грамадскасці ў цэлым. Трэба памятаць, што менавіта помнікі з’яўляюцца тымі сведкамі, якія апавядаюць аб лёсе краіны і яе народа, ілюструюць яго творчыя здольнасці і эстэтычны светапогляд. І ў гэтых адносінах гісторыка-культурная спадчына Свіслаччыны дае добрую падставу для вывучэння і пазнання гісторыі і культуры Беларусі.

Анастасія ГАЛУБОВІЧ,
старэйшы навуковы супрацоўнік УК «Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей».

Предыдущая статья

Районный субботник