
І аднойчы прыйшоў дзень, калі Юра ўпершыню падвёў Наташу дадому. Яны трошкі пастаялі, пагаварылі аб сім аб тым, ды і разышліся. А Юра бег да хаты і ног пад сабою не чуў, бо ведаў, што хутка яны ізноў сустрэнуцца, гэта ён прачытаў у прыгожых Наталькіных вачах.
Вось так і завязалася ў іх каханне. А потым сталася тое, што і мелася стацца – яны прысягнулі перад Богам у вернасці адзін аднаму і навекі звязалі свае лёсы ў адзін.
Першай нарадзілася ў іх дачушка Ілона. Радасці было ў хаце – не пераказаць. Юра хадзіў шчаслівы, дзякаваў Богу і жонцы за такі цудоўны падарунак.
Праз тры гады адбыўся яшчэ адзін цуд – нарадзілася дачушка Віка. І зноў у хаце было свята, разам з бацькамі цешылася ўся радня. Бо гэта ж такая радасць – прыход у свет новага жыцця.
Юра вельмі цешыўся, што ў іх растуць дзве дачушкі, але і сына хацелася мець таксама. І вось праз чатыры гады рашыліся на трэцяе дзіцятка. Спадзяваліся, што будзе сынок, але Бог паслаў ім дачушку Ксенію. Але гэта не значыць, што тата не радаваўся яе з’яўленню на свет.
Сёння сям’я Крупчыкаў жыве ў пасёлку Мяльнова. Юра працуе вартаўніком у СШ № 3, Наталля – бухгалтарам у аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Старэйшая дачушка Ілона ўжо пакінула бацькоўскі дом. Вучыцца ў Мінску ў медыцынскім каледжы. Віка ў гэтым годзе скончыць 11 класаў. Маленькая Ксюша – сапраўдны званочак у хаце. Іграе на скрыпцы, цешыць маму з татам сваімі добрымі поспехамі.
Да Вялікадня сям’я Крупчыкаў рыхтуецца загаддзя і вельмі старанна. Мама пячэ пірагі, дзяўчаткі дапамагаюць фарбаваць яйкі.
Калі прыходзіць у дом свята, уся сям’я Крупчыкаў спяшаецца ў Храм на богаслужэнне. Так вучылі іх бацькі, а зараз яны вучаць таму ж сваіх дзяцей.
А калі вернуцца дадому, будуць дзяліцца асвячонымі яйкамі, жадаць адзін аднаму здароўя і шчасця, а таксама зноў і зноў дзякаваць Богу за такую дружную, добрую сям’ю, за паслухмяных прыгожых дзетак, за ўсе Яго благаславенні.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.