banner

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

05 Апреля’15
1641
Дарагія  браты і сёстры  ў Хрысце!Усяго некалькі гадзін аддзяляе нас ад найвялікшай падзеі ў свеце – Уваскрэсення нашага Збаўцы пана Езуса. 40 дзён мы рыхтаваліся да гэтага дня постам, шчырымі малітвамі і добрымі ўчынкамі, каб сустрэць Свята Вялікадня з чыстымі сэрцамі, светлымі думкамі, спакоем і радасцю ў душы.
Амаль дзве тысячы год таму Бог аддаў свайго адзінага Сына на страшэнныя мукі, каб мы мелі надзею на вечнае жыццё. Хрыстос узяў на сябе нашы грахі, нашы немачы, нашы страхі. Ён перамог смерць, цемру і ўваскрэс з мёртвых трэцяга дня, як сказана ў Святым пісанні. Тое, што выпала на Яго долю, нельга сабе ўявіць, і ўсё гэта дзеля нас з вамі. Іісус уваскрэс не для сябе, а для тых, хто ідзе праз ганенне, зневажанне і мукі. І мы павінны сваё жыццё звяраць з Ім, веручы ў Яго, на Яго спадзеючыся, бяручы з Яго прыклад.
Дык давайце ж сёння пажадаем адзін аднаму спакою і ўпэўненасці ў сабе, што ўласціва таму, хто ведае, каму даверыў сваё жыццё. Пажадаем сабе жыццёвай мудрасці, якой вучыць нас Святое Евангеліе. Няхай ад нашых добрых спраў і ўчынкаў стануць чыстымі, як вясновы подых, нашы сэрцы і душы, каб людзі бачылі ў нас адлюстраванне Божае, каб мы сталі для людзей, у якіх яшчэ слабая вера, той свяцільняй, якая асвячае дарогу да Бога. 
Пажадаем жа ўсім здароўя і дабрабыту, шчасця і радасці, непарушальнай веры ў дабро.
Няхай гадуюцца атуленые любоўю і ласкай, нашы дзеткі, няхай старыя не ведаюць, што такое адзінота і адчай, няхай працягнуць адзін аднаму рукі тыя, хто шмат гадоў быў у непрыязні, няхай дружна жывуць браты і сёстры, суседзі. 
Няхай паўсталы з мёртвых Хрыстус будзе жаданым госцем нашых думак, слоў і ўчынкаў! Дасылаем свае віншаванні і братам праваслаўным. Няхай Божае благаславенне заўсёды будзе з вамі.
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!
Касцёл Рымска-Каталіцкі святога Францішка з Асыжу ў Свіслачы і яго вернікі для ўсіх веравызнаўцаў каталіцкай канфесіі на Свіслаччыне.

Предыдущая статья

Союз народов