banner

Няспраўджанае шчасце

11 Марта’15
2079
Усё жывое імкнецца да сонца. Цягнуцца да яго лісткі, кветкі, дрэвы… Без сонца не могуць існаваць ні жывёлы, ні птушкі, ні людзі. Сваімі праменьчыкамі яно сагравае «абледзянелыя» сэрцы людзей. Сонца – гэта мір, які прыходзіць пасля вайны. Сонца – гэта сям’я без насілля і сварак, заснаваная на любові і ўзаемапавазе. І шкада, вельмі шкада, што часта гэтае сонца недзе знікае. Мабыць, яго закрываюць аблокі? Чаму?
У кожнага з нас ёсць сваё шчасце. У адных – гэта прыгожы луг з жаваранкамі ў вышыні, блакітнае неба. У другіх – гэта сям’я: бацькі, браты і сёстры. Яны шчаслівыя. Адкуль жа прыходзіць няшчасце? А вось, што піша Сяргей Грахоўскі: 
Пакрыўдзіў, кажуць, 
чалавека лёс, 
А дзе той лёс? 
Які ён быў і будзе?
Заўжды людзей да гора
 і да слёз
Даводзяць абыякавыя 
людзі.
А як страшна, калі гэтыя «абыякавыя» людзі – блізкія, родныя. На думку прыходзіць адна гісторыя.
Калі я была маленькай дзяўчынкай, мела сяброўку, не, не майго ўзросту, а старую бабулю. Са сваімі аднагодкамі я гуляла ў дзіцячыя забавы, а да бабы Веры прыходзіла пагаварыць. Гэта смешна гучыць, але з ёй было сапраўды цікава. Яна ўмела выслухаць, даць параду, расказаць пра сваю маладосць. Памерла баба Вера. Але памяць аб сяброўцы і яе жыцці засталася жыць у маім сэрцы. 
Сваю дачку нарадзіла жанчына вельмі позна, доўгачаканым было дзіця. І таму яна зрабіла ўсё, каб яе дачушка ні ў чым не мела патрэбы. Баба Вера яе вельмі любіла, не магла нарадавацца перад суседзямі. Дзяўчынка расла добрай, разумнай, выдатна вучылася. Скончыла музычную школу, потым вывучылася на настаўніцу рускай мовы і літаратуры. Выйшла замуж, нарадзіла дзяўчынку і хлопчыка. Здавалася б, жыві і радуйся. Але гэты шчаслівы малюнак жыцця пачаў гаснуць. У сям’ю прыйшоў няпрошаны госць – алкаголь.
І ўсё пайшло не так… Шлюб распаўся, маладую жанчыну звольнілі з працы. А на чарговых канікулах яна прывезла дзяцей у вёску да маці, без рэчаў і дакументаў. З горам папалам баба Вера пачала падымаць унукаў. Але неўзабаве вярнулася дачка. На працы яна доўга нідзе не затрымлівалася. Перашкаджала жанчыне ўсё тая ж «хвароба». Зразумела, такі работнік нікому не патрэбны. Затое яму неабходны грошы на выпіўку. Пачала дачка «вытрасаць» іх са старой жанчыны. Памятаю, аднойчы забегла я праведаць бабулю і яшчэ на дарозе пачула крык. Дачка патрабавала ў маці грошы і выганяла старую з хаты. На ўсё жыццё засталіся ў памяці поўныя слез вочы бабы Веры. Яна глядзела на мяне непрыкрытым сорамам, адчаем, жахам і, казалася, просьбай аб дапамозе. Але чым магла ёй дапамагчы малая дзяўчынка? Не раз ад гора-дачкі бабулю абараняла мая маці.
Памерла баба Вера ў доме для састарэлых. Не склаўся лёс і ў яе ўнукаў. Унучка некуды знікла, а ўнук скончыў жыццё самагубствам. 
На мой погляд, гэта найвялікшая трагедыя – разумець, што цябе крыўдзіць не чужы чалавек, а твой родны. Што падымае руку на цябе твая дачка, тая маленькая дзяўчынка, якой чытала казкі, заплятала стужкі ў косы, песціла і кахала…
Хатнія тыраны не заўсёды прыкметныя для людзей. Яны жывуць двайным жыццём. Для іх яно складаецца з дня і ночы. «Днём» яны звычайныя, як і ўсе, магчыма, нават лепшыя за іншых, «белыя». Як у прытчы Янкі Сіпакова «Перавернуты». Нездарма герой прытчы не бызыменны, а Бяляй. Такім яго ведаюць калегі, суседзі. Але дома ён зусім іншы чалавек. Алкаголь – гэта адзін з самых распаўсюджаных спосабаў стаць «перавернутым». 
Насілле ў сям’і – страшэнны грэх. Але ў тысячу разоў грэх цяжэйшы, калі мы крыўдзім родных людзей – бацькоў. Гэта даказвае пяты запавет з Бібліі: «Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе».   

Ганна ВАРОНКА, 
вучаніца 10 класа гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы.

Предыдущая статья

О главном – из газеты