Калі пачалася вайна, яснавокай дзяўчыне з невялічкай пушчанскай вёсачкі Броўск Веры Янюк было сямнаццаць. Яна любіла марыць, і тыя мары былі светлыя-светлыя, бо якімі ж яшчэ яны могуць быць у юнацтве?! І мары тыя абавязкова споўніліся б, каб не прыйшла вялікая бяда на нашу зямлю, каб не грымнула вайна.
– Нас у мамы з татам было чацвёра: я, сёстры Надзея і Люба, брат Васіль, – успамінае Вера Міхайлаўна. – Сям’я была дружнай, нас бацькі вучылі працаваць змалку, людзей паважаць, быць сціплымі, паслухмянымі.
Мы вельмі любілі лес. Як грыбы ці ягады пойдуць, дык цэлымі днямі ў лесе прападалі. Кожны кусцік ведалі, кожную сцяжыначку ў пушчы.
Расказаць вам пра вайну? Ведаеце, чамусьці так ярка запомнілася субота напярэдадні вайны. Памятаю, прыехала да нас начальства з Гайнаўкі. Яго прывёз хлопец Віктар Сурба на дрызіне. А дзень выдаўся такі сонечны, такі прыгожы, ціхі. Вось мы з тым Віктарам стаім, размаўляем, а каля маладой пасадкі так прыгожа цвітуць блакітныя званочкі, проста ўсё было ўсеяна імі, і птушкі спяваюць аж заліваюцца.
– Якая прыгажосць, – сказала я, – бачыш, колькі званочкаў?
А Віктар трошкі памаўчаў, а потым кажа:
– Ведаеш, Вера, што я табе скажу: сёння ці заўтра вайна пачнецца.
– Якая, – кажу, – вайна? Не гавары глупства.
– У сераду ў Гайнаўцы затрымалі двух нямецкіх шпіёнаў, яны сказалі.
У мяне сэрца схаладзела ад страху. Вечарам прыйшла дадому і маме сказала. А тата ў той дзень паехаў у Гродна, і яго яшчэ не было. Мама вельмі непакоілася, баялася за яго, усё выглядала дапазна. А раніцай пагнала карову на пашу і пачула страляніну, выбухі. Прыбегла і пачала нас будзіць: «Уставайце, дзеці, вайна пачалася!»
На другі дзень тата вярнуўся, але калі ён ехаў дадому, то ў Росі ўжо бамбілі цягнік.
Праз пару дзён пачалі з пушчанскіх вёсак людзей вывозіць, куды іх везлі, мы не ведалі. Хутка прыйшла чарга і да нас. Прыехалі немцы з падводамі, сказалі хутка збірацца. На дзверы прыбілі шыльду «Хто вернецца – смерць». Дазволілі толькі карову ўзяць. А конь, куры, парасята засталіся. Мама каню зерня насыпала, вады наліла, абняла яго за шыю, заплакала. Мы селі на тыя падводы і паехалі, ад’ехаліся зусім недалёка, як пачулі стрэлы і ўбачылі, як запалалі хаты ў Броўску. Каб вы ж чулі, як жывёла крычала, згараючы ў агні, як трашчалі стрэхі. Людзі плакалі, галасілі, енчылі, а што зробіш, былі вымушаны ехаць, бо загад такі.
Прывезлі нас да вёскі Лапіўніца, скінулі на пустку з усімі клункамі: ідзі куды хочаш.
Тата пайшоў у Лявонавічы, дзе жыла старэйшая сястра. Прыехаў зяць і забраў нас да сябе.
Мы спачатку ў сястры жылі, а потым перасяліліся да адной заможнай жанчыны. У яе вялікі дом быў, нам усім месца хапала.
А потым у тым доме пасяліліся немцы. Нейкі вялікі начальнік жыў. Мяне прымусілі мыць бялізну. У двары паставілі вялікі бак, ваду нямецкі салдат насіў, а я тую бялізну спачатку мыла, а потым кіпяціла. Прывозілі штодзень гару рознай бялізны, у мяне спіна не разгіналася. А куды дзенешся, як табе смерцю пагражаюць.
Сталі ўсё часцей даходзіць чуткі, што расстрэльваюць людзей, вешаюць, здзекуюцца. Людзі ценю свайго баяліся, і так цэлых тры гады, пакуль тую фашысцкую навалу не прагналі з нашай зямлі.
Падаліся мы назад, а ад Броўска адны галавешкі засталіся. Жыць няма дзе. Пасяліліся ў Дабраволі ў Палашы Васіленка. У яе немцы павесілі дачку, сына і мужа. Яна счарнела ад гора і слёз. Мы, як маглі, падтрымлівалі бедную жанчыну, але хіба такі боль можна суняць? Людзі ў вёсцы расказвалі, як катавалі маладых падпольшчыкаў, як лютавалі немцы, усім пагражалі смерцю.
Праз год вайна скончылася. На тую пару я працавала ў Язвінскім лясніцтве бухгалтарам. Праз пару гадоў замуж выйшла за добрага хлопца Сяргея Лукшу, нарадзіла яму дачушку і сына, дачакаліся мы з ім унукаў. Адзінаццаць гадоў ужо мінула як няма яго на свеце.
Вера Міхайлаўна раз-пораз змахвае слёзы, якія ўсё набягаюць і набягаюць на вочы. Успаміны пра мінулае балюча адгукаюцца ў сэрцы...
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Ядвігі КОБРЫНЕЦ.