Збіраючыся ў святочны час каля традыцыйнай бэтлеемскай стаенкі, мы маем магчымасць аддаць належную пашану Божаму Дзіцяці, што ляжыць у ясельках, і выказаць нашу вялікую ўдзячнасць за Яго прыход на зямлю ў абліччы чалавека, за справу адкуплення роду людскога і за яднанне людзей з Богам. Адначасова з глыбіні нашых сэрцаў мы выказваем шчырую падзяку за ўзбагачэнне нас Божымі дарамі, дзякуючы якім чалавеку вернута права быць з Богам, якое ён меў на пачатку свайго існавання.
Паяднаныя любоўю да Бога і да бліжняга, адораныя жыццём з Богам і дзеля Бога, асвечаныя спрадвечнаю Божаю праўдай, узмоцненыя спакоем Хрыста, пойдзем жа, поўныя радасці, даверу і надзеі ў далейшую нашу зямную пілігрымку да вечнага шчасця, падрыхтаванага нам Уцелаўлёным Словам – Божым Збаўцам Езусам Хрыстом. Няхай паўната благаславення Божага Сына, народжанага ў бэтлеемскую ноч, сыдзе ў Яго збаўчых дарах на нас у канцы старога і на пачатку новага 2015 года! Радасці, шчасця, благаславення Божага Дзіцяці ўсім вам. Са святам, з Божым Нараджэннем і надыходзячым Новым 2015 годам!
Свае шчырыя віншаванні мы таксама дасылаем і братам праваслаўным. Няхай Божае благаславенне дапаможа вам сустрэць святы ў радасці і спакоі, няхай наступаючы год прынясе сапраўдны плён у будаўніцтве так патрэбнага людзям Храма, у якім вы будзеце славіць Слова Божае і Яго Справы сваімі шчырымі малітвамі.
Няхай радасцю і Божым святлом напоўніцца кожны ваш дзень. Няхай ніколі не пакінуць нас надзея і вера.
Касцёл Рымска-Каталіцкі св. Францішка з Асыжу ў Свіслачы і яго вернікі для ўсіх прыхільнікаў каталіцкай канфесіі на Свіслаччыне.