banner

Барацьба за жыццё, ці Жыццё ў барацьбе

08 Октября’14
1595
Барацьба за жыццё, ці  Жыццё ў барацьбеЧалавек жыве і гарыць, як свечка, аддаючы людзям святло і цяпло. Калі чалавек памірае, у свеце становіцца халадней і цямней.
Ёзэф Гайдн
9 кастрычніка спаўняецца год, як пайшоў з жыцця Сяргей Фёдаравіч Сікор, наш зямляк, адзін з самых першых майстроў спорту Савецкага Саюза з нашага раёна.
Нарадзіўся ён 27 ліпеня 1937 года ў вёсцы Грынкі. Бацька Фёдар Іванавіч і маці Вольга Спірыдонаўна працавалі ў сельскай гаспадарцы. Дзяцінства Сяргея апаліла вайна. У далёкім 1944 годзе ён пайшоў у першы клас, дзе сабраліся амаль паўсотні вучняў розных узростаў, якія праз год вучобы былі размеркаваны па пачатковых класах. Скончыўшы семігодку ў Грынках, Сяргей едзе ў Мінск, дзе ўладкоўваецца на працу на адзін з станкабудаўнічых заводаў слесарам.
Пасляваенны Мінск сустрэў юнака яшчэ не да канца прыбранымі пасля разрухі руінамі. Прыходзілася пасля работы працаваць на суботніках, аднаўляць горад. А па вечарах вучыцца ў вячэрняй школе, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. 
Сяргей захапляўся вольнай барацьбой з дзяцінства, а атрымаўшы запрашэнне трэнера Сіндэра прыйсці на пробную трэніроўку, згадзіўся і... застаўся ў спорце. Дакладней, у спартыўнай барацьбе надоўга.
Барацьба за жыццё, ці  Жыццё ў барацьбеЗ верасня 1956 года Сяргей ужо як вайсковец прадоўжыў заняткі спортам у спартыўнай роце БВА, якая знаходзілася ў ваколіцах Мінска. Новы трэнер Сяргея А. В. Батанаў шліфаваў яго майстэрства і здольнасці. Шматлікія і працяглыя трэніроўкі не прайшлі дарэмна. У 1957 годзе юнак становіцца майстрам спорту Савецкага Саюза па класічнай барацьбе.
З гэтага часу Сяргей вядомы спартсмен. Ён удзельнічае ў спаборніцтвах армій краін Варшаўскага дагавору, якія выйгравала зборная Савецкай Арміі, у склад якой ён уваходзіў на працягу пяці гадоў. У 1959-м новае дасягненне: Сяргей становіцца майстрам спорту Савецкага Саюза па вольнай барацьбе.
Увосень 1961 года юнак заканчвае службу ў арміі і пераходзіць на службу ў міліцыю. Ён становіцца членам спартыўнага аб’яднання "Дынама”. Службе ў міліцыі аддасць доўгія дваццаць два гады, не парываючы сваіх сувязей са спортам. За гэты час ён стане маёрам міліцыі, яшчэ раз майстрам спорту Савецкага Саюза па самба (1966 год).
С. Ф. Сікор быў на працягу дваццаці гадоў членам зборнай каманды БССР, шматкратным чэмпіёнам і прызёрам, удзельнікам і пераможцам многіх усесаюзных і міжнародных спартыўных спаборніцтваў, членам зборнай каманды СССР па класічнай барацьбе. На спартыўным дыване правёў 784 паядынкі, з якіх 557 выйграў, 152 звёў унічыю і 75 прайграў. 
Трэнерам С. Ф. Сікора ў спартыўным аб’яднанні "Дынама” з’яўляўся М. І. Мірскі, заслужаны трэнер Савецкага Саюза. Сяргей Фёдаравіч скончыў вышэйшую школу міліцыі, вышэйшую школу трэнераў Беларускага інстытута фізічнай культуры.
Сябрамі па жыцці і сапернікамі ў спорце былі знакамітыя А. В. Мядзведзь, С. У. Юран, заслужаны трэнер Савецкага Саюза А. Р. Куцэнка.
Барацьба за жыццё, ці  Жыццё ў барацьбеС. Ф. Сікор быў па жыцці сціплым чалавекам, не ганарыстым, больш маўклівым, чым гаварлівым. Але, мусіць, гэта рыса ўсіх памяркоўных людзей. Людзей, якія больш думаюць, чым гавораць.
Дачку Вольгу Сяргей Фёдаравіч вельмі любіў, вырасціў і выхаваў дастойным чалавекам. Пасля заканчэння ўніверсітэта Вольга служыла ў міліцыі – пайшла па шляху бацькі. 
С. Ф. Сікор вельмі любіў свой родны кут, сваю Свіслаччыну і Грынкі. Ён гаварыў словамі Я. Коласа: "Я тут душою спачываю”. Сапраўды так. Але цягнула да сяброў у Мінск, дзе быў дом, дзе жыла Вольга. Вось так і жыў. Жыў сэрцам у Мінску, а душою – у Грынках. Наведваў амаль усе, калі дазваляў час, спартыўныя мерапрыемствы ў Мінску, у спартыўнай школе г. Свіслач.
Да апошняга дня цікавіўся навінамі, наведваў бібліятэку... Да таго часу, пакуль не спынілася сэрца... Ён быў... Не! Ён ёсць... Бо чалавек жыве, пакуль жыве памяць аб ім у сэрцах родных і блізкіх людзей. Мы памятаем вас, Сяргей Фёдаравіч, зямляк, бацька, сябра, чалавек...
Леанід КАЛАСОЎСКІ,
аг. Грынкі.
На снимках: С. Ф. Сікор; С. Ф. Сікор (першы справа) побач са славутым А. В. Мядзведзем; Першыя перамогі і ўзнагароды С. Сікора (фота з «Комсомольской правды»).

Предыдущая статья

Мы уважаем и ценим вас